«…Я сяджу, ажыдаю, ужо трохі і прыдрамала. А яму ў нагах агню наклала. А ён увесь халодны… Знаеце, і жывы, а ўвесь вот так дубам падымаецца. Усё патаму, наверна, што, гэта, кроў вышла. Увесь адубеў, як нада сагнуць, дык ён як прут, як кій.
Ну, гэта, сяджу, а патом чую шорах. Гляджу я — у белай простыні з вінтоўкай хто-та ідзе ка мне. Падышоў так недалёка, к самаму агню не ідзе. Спрашывае:
— Хто такі?
Ну, мне ўжо прышло ў чуства, што па-рускі гаворыць. А адазвацца я не адазвалася: проста адняло ў мяне мову. Ён пабачыў, што я хачу падняцца, а не падымуся. Ён падышоў, гаворыць:
— Жэншчына, вот жа радам гумно.
А ў гумне гэта былі партызаны. Ён падышоў, той партызан, да мяне, узяў мае санкі. Сказаў, што гумно ўжо вон радам, што будзем умесце. Прыцяг мяне туды, далі мне місачку, натапіла я снегу, трохі прапіталася. Есці-то нічога не ела, у мяне ўжо засохло. «Ну, — думаю, — дзякуй богу, што я ўжо к людзям прыбілася».
Ну, тут іх камандзір даў каманду збірацца. I я хацела саначкі прычапіць к возу. Не разрашыў той камандзір. Гаворыць:
— Нельзя. Мы паедам у разведку, узнаем, дзе ўдобнае месца на дзень, і тады прыедам, абагрэемся і паедам умесце. А з намі цяпер нельзя, атдыхай.
Я і падумала: «Я так стамілася… Калі яны прыедуць, дык чаго ж мне? Я аддыхну за гэтае ўрэмя». Гаворыць:
— Не тушы агню, агонь пускай гарыць.
Агонь бальшы-бальшы!.. Гэтыя паехалі партызаны, а мяне, дарагія, страх такі ўзяў!.. Ад'ехалі яны метраў трыццаць, а я стала гэтыя галавешкі выкідаць з гумна. Павыкідала, павыкідала… Гэты дым ідзе з галавешак. Увесь агонь гэты затаптала. Снегу місачкай нанасіла, затаптала агонь, у куточку села на санках у яго і сяджу сабе смела, ужо не баюся. Гэтак, можа, час пасядзела, факт той, што скора і дзень быў. Чую: гавораць… Думаю: «Ну вот, зра я агонь раскідала, стушыла. Едуць ужо мае друзья».
Пад'язджаюць вярхом і на лыжах. Немцы!.. I галавешкі гэтыя падкідаюць нагамі. Дым ідзе… Чэснае слова, не ўстаць мне вот!.. Падкідаюць гэтыя галавешкі, гергечуць, герчечуць. Глядзяць, куды след, і гэтыя следам, цёплымі слядамі — за партызанамі!..
Госпадзі, а ўжо Акцябр гарыць!.. Калі я выехала з Акцябра, у тую ж мінуту немцы — туды…»
Вольга Мініч далей пацягнула тыя саначкі, і мы з ёй яшчэ сустрэнемся — каля іншых вёсак, у іншым лесе…
А пакуль што нас затрымае памяць Тэклі Кругловай, затрымае ў пасёлку Акцябрскім, а потым павядзе па другім крузе пакут — у суседнюю вёску Рудню. Бо двойчы ў той дзень забівалі гэтую жанчыну, а яна засталася жыць, адна з тысячы… Цяпер ёй шэсцьдзесят пяць гадоў.
«…У мянераненыя, у маім доме, ляжалі. Партызаны. Ну, стаў калавур тут, ля нас. Ага, ляцеў самалёт тут вось, на Бунёў, забраў гэтых раненых. Партызаны мне сказалі:
— Ты глядзі, атрад выбіраецца, і ты за атрадам едзь, бо цябе разарвуць, як прыдуць, гэтыя немцы.
Ну, а я так думаю: «Як жа я пайду за імі, куды я пайду? Тут, кажуць, абнялі нас кругом, ацапілі…» Ну, я не пайшла з імі ды асталася дома.
Я не на гэтым месцы жыла — проціў завода жыла. Дык я выбегла ў гэты завод і ў дымавую трубу палезла. Ну, палезла я, там сядзяць нашыя мужчыны, у трубе ў той, чатыры чалавекі. Дажа адзін партызан быў, а тры такіх было. Муж мой на фронце, а дзяцей у мяне не было — дык я адна. Я ў тую дымавую трубу. Пасядзела я там, і прыходзіць, праўда, сусед. Грыб яго звалі. Прыходзіць ды гаворыць:
— Вы, — гаворыць, — вылазьце адсюль, немцы ахфішкі кідаюць і давацьмуць, гэта, нам чай і хлеб. Павылазьце, бо такія яны добрыя, гавораць, закурыць даюць. Вылазьце адсюль.
Гэтыя мужчыны ўзялі і вылезлі. Пайшлі яны, а іх там забралі ды ў клуб…
Я сядзела, сядзела ў той дымавой трубе, а далей думаю: «Пайду я перабяруся ўжо ў свой сарай». А нашы рабочыя сарайчыкі ўсе ў рад былі за заводам. Як я ўжо к гэтаму сараю падышла, так і немцы ўжо там, тавар прыгналі і паставілі. Між тых сараяў, цэлы табун. Ага, дык я думаю: «Пайду я стану каля гэтых кароў, што яны прыгналі». А там ужо чатыры мужчыны стаяць, што тыя каровы глядзяць. Дык я думаю: «I я паганю гэтыя каровы. Штоб хаця мяне не ўбілі, штоб яны мяне не пазналі, што я гэтае хаты хадзяйка». Бо яны пыталі многа ў каго і ў мяне таксама пыталі: «Не бачылі хадзяйкі вось гэстае хаты?» Гэта калі я бегла ў завод хавацца. Дык я сказала:
— Яна пайшла ўжо, гэстая хадзяйка, ужо няма яе. А тут я сама іду. Бо страшна ў той трубе, думаю,
прыдуць немцьі, бомбу якую кінуць, узарвуць гэты завод — і я тут пагінула. Так хоць дзе пагіну, дык будзе хаця слабадней, а то ў гэтым залезе…
Пайшла я ў сарай свой — немец! Толькі я ў сарай, ногу на бервяно паставіла лезці на вышку, захавацца ад іх, а немец — ка мне! Дык я ўжо за гэтую сваю кароўку, выгнала яе і стала ля тавару, думаю, што ён мяне не пазнае, дык і я паганю гэтыя каровы. У Глуск яны іх гналі. Але немцы падышлі, забралі мяне і пагналі перад сабою. Я думаю, куды ж яны мяне гоняць. Прышлі ў клуб і загналі мяне туда. Ну, у клубе мы сядзім, сядзім…
П ы т а н н е:
— А колькі вас было ў тым клубе?
— Сто дзевяноста. Гэта мужчыны так лічылі. Я ўжо ўзяла і кажу:
— Бабы, тут немцы нас паб'юць.
— Ой, не!
I Грыб гэты самы, што вызываў нас з трубы, тут ужо быў запёрты. Я і кажу:
— Яшчэ гэты Грыб прыходзіў быў, і сына свайго вызваў, і нас павызываў адтуль.
Дык ён кажа:
— Не бойся, твой муж на фронце. Сказалі, што ў каторых на фронце — тых не будуць расстрэльваць. Толькі партызанскіх сямей будуць. Будзе сабранне.
Ну, чакаем таго сабрання, калі яно будзе… Вот ужо і пяць часоў, а няма таго сабрання. А немцы ляжаць на адкосах жалезнай дарогі. I аўтаматы дзяржаць на гэты клуб. Дык мы во глядзім, глядзім у вокны, а яны ляжаць. З чарапамі… Тут у іх белае нешта такое, і вось тут такія нейкія нашыўкі, і такія во бутылачкі па баках, жоўценькія, як чацвяртушкі, былі. Яны бутылачкамі па гэтым клубе — шах! Клуб і загарэўся наш! Ніякага сабрання няма! Знадворку запалілі нас. Вот узялі так, пырскнулі на гэты клуб, і гэты клуб пайшоў гарэць. I вот адзін наш, ён у канторы работаў бухгалцерам, дык ён у акно, у раму як даў і вылецеў з сынам. Сын быў роўны з ім. I яшчэ жанчына. Нас пяць душ выскачыла. Ага, дык яны як ляцелі ключэм цераз гэтае акно, дык немцы па іх вочарадзь выпусцілі — тыя, што каля жалезнай дарогі ляжалі. Яны беглі ўсе, як гусі якія, ключэм, так яны ўсе і паляглі, гэтыя людзі. А я ззаду ў акно выпала, і тут канаўка ж была, і кусцікі былі такія. А пад акном вада, а зверху снег. Дык я, як ляцела, у канаўку і ўпала. I ляжала ў гэтай канаўцы. Каб на мяне гэты агонь быў, вецер, дык я б згарэла, усё роўна згарэла б у той канаўцы, але вецер кланіў туды, на склады, склады таксама гарэлі. Дык я і асталася.
А далей ляжала, ляжала, гэтыя ўжо людзі пішчаць, выюць, сабакі брэшуць… Даходзілі ўжо… Ой, на розныя галасы, не можна!.. Вот ужо зноў мяне пачало калаціць!.. Крычалі людзі на розныя галасы. Так ужо, гэта, у тым клубе…»
Пра самыя жудасныя хвіліны людзі з вогненных вёсак найчасцей гавораць адной-дзвюма фразамі: «Пішчаць, выюць… брэшуць…» Тут усё ў адно спяклося: і людскія крыкі, і трэск агню, і брэх аўчарак…
Ці раптам, пра тое ж:
«Тыя людзі — як заплакалі! Усялякімі галаскамі, як пчолы». (Марыя Кулак, Баравікі Слонімскага раёна.)
Ці яшчэ як… I замаўкаечалавек. Тутперапытваць, распытваць не будзеш. Толькі — доўгая паўза (як спазма), толькі вочы і твар чалавека, якога нанава пеканула памяць, а ён яшчэ і прабачэння просіць: «Вот ужо зноў мяне пачало калаціць!..»
«…Я ляжала, ляжала дый думаю… Пайду я ў Рудню, там жа ў мяне знаёмыя, можа, мяне хто скрые. Ці мо там жывыя людзі засталіся…
Устала я. Каб дзе кот, ці які верабей, ці што на свеце — усё… Гэта такая цішыня… А можа, я толькі адна на свеце асталася?.. Дык я думаю — няхай гэтыя немцы ці прыстрэляць мяне, ці што ўжо… Бо як я буду жыць адна на свеце».
Такое дзеецца, што чалавек ужо не верыць, што гэта толькі тут: мабыць, усюды, на ўсім свеце! I куды ні кінецца — сапраўды, тое ж, усюды сцяна з агню, са смерці…
«…А далей думаю: «Пайду я ў Рудню». Ні немцаў, нікога няма. Ужо ўсе паекалі адсюля, з Акцябра, — запалілі і паехалі.