Выбрать главу

Голас, інтанацыі, фразеалогія — цалкам розенбергаўскія… Або вось яшчэ — з выступлення другога пангерманіста, Генрыха Класа, які прарочыў у 1913 годзе:

«Мы павінны закрыць нашы сэрцы для літасці…

…Малыя краіны, накшталт Галандыі і Бельгіі, страцілі сваё права на існаванне…

Мы павінны праводзіць агрэсіўную палітыку. Францыя павінна быць знішчана раз і назаўсёды. Няхай вайна будзе для нас свяшчэннай. Мы павінны вітаць яе як лекара нашай душы… Мы чакаем фюрэра! Цярплівасць, цярплівасць, ён з'явіцца».

А ў 1943 годзе — ужо ад імя таго цярпліва чаканага фюрэра — фельдмаршал Рундштэд вучыў слухачоў Берлінскай ваеннай акадэміі:

«Знішчэнне суседніх народаў і іхніх багаццяў зусім неабходна для нашай перамогі. Адна з сур'ёзных памылак 1918 года заключалася ў тым, што мы не знішчалі грамадзянскае насельніцтва варожых краін, бо неабходна, каб немцы заўсёды, прынамсі ўдвая, пераўзыходзілі па колькасці народы сумежных краін. Таму мы абавязаны знішчыць, прынамсі, трэцюю частку іх жыхароў…» Нават фактычна прайграўшы вайну, яны яшчэ ўсё забівалі — жанчын, дзяцей… Яшчэ хоць адно рускае, беларускае, украінскае, польскае дзіця… I аўтаматызм у гэтым — кашмарны аўтаматызм фашысцкай машыны знішчэння. У кожным паасобным выпадку. А ў цэлым — зноў план, зноў разлік. На далёкую будучыню.

I калі ўлада іх жорсткасці, вар'яцтва звузілася да ўласна нямецкай тэрыторыі, той самы «план» іхні павярнуўся ўжо супраць нямецкага насельніцтва. Не забіваць, не вешаць, не тапіць і не паліць яны не могуць — гэта іх форма існавання. I не толькі думка пра тое, каб выратавацца ці каб працягнуць яшчэ месяц, тыдзень, гадзіну, а вось гэтая іх прырода забойцаў праяўлялася ў тым, што і Германію яны гатовы былі, хацелі і стараліся ператварыць у «зону пустыні». Іншых зямель для такой «працы» ў іх ужо не засталося.

«Фюрэр нямецкага народа», здыхаючы, вось так падзякаваў Германіі:

«Калі мы прайграем вайну, няхай загіне і народ. Такі лёс непазбежны. Няма чаго задумвацца над асновамі найпрымітыўнейшага існавання. Наадварот, лепш самім знішчыць гэтыя асновы, да таго ж уласнымі рукамі. Народ аказаўся слабым, а будучыня належыць больш моцнаму ўсходняму народу. Апроч таго, тыя, што застануцца, уяўляюць нязначную вартасць, бо вартасныя пагінулі».

I загадаў — апошні раз шалёны ўкусіў — затапіць водамі Шпрэе тысячы нямецкіх жанчын, дзяцей, што ратаваліся ў берлінскім метро.

I гэта быў для фашызму зусім лагічны канец, вынік. «Фюрэры» кляліся інтарэсамі нямецкага насельніцтва і ўсё, што рабілі, усе зверствы свае клалі на «алтар» усё тых жа «інтарэсаў немца». Бо яго рукамі ўсё і рабілі. Але не выцягнуў ён іх крывавую калясніцу з той прорвы, у якой яны апынуліся. Не атрымалася сусветнага панавання «новай касты». Тады — прыстрэліць і яго, немца, забіць і нямецкі народ — як загнанага каня страляюць. Непатрэбен. Адпомсціць і яму за тое, што яны, «фюрэры», здохнуць, а нямецкі народ застанецца жыць. Гебельс помсліва верашчаў перад сваім канцом:

«Нямецкі народ заслужыў долю, якая цяпер яго чакае… Але не аддавайцеся ілюзіям: я нікога не прымушаў быць маім супрацоўнікам, гэтаксама як мы не прымушалі нямецкі народ… Цяпер вам перарэжуць глоткі. Але калі нам суджана адысці, то хай жа ўвесь свет скаланецца».

Вось што такое Хатынь, што такое беларускія Хатыні! Як і Лідзіцэ, Арадур, яны — сімвал нацысцкіх зверстваў. Але і нешта большае. Гэта ўжо — сапраўдны выскал фашызму, які ад многіх краін Еўропы да часу быў схаваны.

Беларускія Хатыні — гэта нешта настолькі злавеснае, што людзям планеты нялёгка да канца ўсвядоміць і да канца адчуць нават пасля Асвенцімаў і Бухенвальдаў. Беларускія Хатыні — гэта тая рэальнасць, практыка, якую фашызм рыхтаваў цэлым краінам і кантынентам, але шырока распачаць паспеў толькі тут.

Велізарнымі ахвярамі савецкі народ заплаціў за тое, каб іншыя народы не зазналі тысяч сваіх Хатыняў.

Гэта павінны разумець тыя, хто прыходзіць сюды — у Хатынь. Пра гэта нема крычыць рэзкая, цёмная фігура старога з такім каменным і такім мяккім целам мёртвага хлопчыка, пра гэта крычаць назвы былых вёсак на страшным «могільніку вёсак» — адзіным на ўсёй Зямлі.

notes

Примечания

1

Свастыка.

2

Гарадзкі пасёлак Акцябрскі.

3

Сарач (дыял.) — шарон.

4

Вярчэ (дыял.) — жгуты.

5

Мабыць, славак. На Акцябршчыне славакі былі. Пачалі потым пераходзіць да партызан, дык немцы іх вывезлі ў хуткім часе.

6

Шарэнга.

7

Байня (дыял.) — лазня.

8

Пагоначка (дыял.) — прагон, дарога для жывёлы.

9

Скрушыцца (дыял.) — змірыцца.

10

Los! (ням.) — Пайшоў!

11

Суша — суседняя вёска. Гл. "Дзве старасці".

12

"Sarkanais arajs" (латыш.) — "Чырвоны араты".

13

Versuchen (ням.) — спрабаваць; тут — шукаць.

14

Чашнік (дыял.) — шафер.

15

Die Familie (ням.) — сям'я.

16

Сцёбачка (дыял.) — варывенька.

17

Трапішніца (дыял.) — дзяруга.

18

Цэп (дыял.) — ланцуг.

19

Пурым — яўрэйскае рэлігійнае свята; па звычаю ў гэты дзень усе носяць адзін аднаму падарункі.

20

Cmentarz (польск.) — могільнік.

21

«Народнікамі» іранічна называлі ўласаўцаў.

22

Купель (дыял.) — сажалка.

23

Крэсіва.

24

Гл. раздзел “Сцішнаватая радасць”.

25

Малыя Прусы.

26

Так называлі здраднікаў з ліку былых ваенапалонных.

27

У халаце.

28

Копачка (дыял.) — лапатка для капання бульбы.

29

Топіро, уласна допіро (укр.) — толькі што.

30

Залізко (дыял.) — рыдлёўка.