Выбрать главу

Думкі Самуіла былі лёгкія, бесклапотныя, і тое, што ён зведваў у такія імгненні, праходзіла праз яго душу і сэрца. Ён адчуваў, як цела наліваецца гукамі зямлі, як жылы напаўняюцца яе жыццёвай сілай, як ён становіцца мацнейшы і чысцейшы, быццам навакольны свет, гэтыя пахі і гукі, праходзяць праз яго сэрца, ачышчаюць яго і гаючым бальзамам назаўсёды там застаюцца. Самуілу было хораша, і ён ніякім рухам не хацеў парушыць гэткае сваё забыццё, гэтае яднанне з роднай прыродай.

Раптам у садзе пачуліся крокі. Чалавек падышоў бліжэй, спыніўся побач з лавай.

— Ты спіш? — прагучала пытанне і Самуіл адразу пазнаў голас малодшага брата Марціна.

Ён расплюшчыў вочы, з лагоднай усмешкай блазнаватага, які яшчэ канчаткова не выйшаў з прыемнага забыцця, паглядзеў на брата. Перад ім стаяў стройны юнак, ужо з чорным пушком на падбародку і шчоках. «Пара галіцца», — падумаў пра брата Самуіл, а ўслых запытаўся:

— А ты чаму з бацькам у Камянец не паехаў?

— Яны абозам паехалі, з аховай, — Марцін сарваў з яблыні яблык, адкусіў яго, зморшчыўся. — Зараз усе купцы з аховай ездзяць, баяцца банды начной Ваўчыцы, — хлопец сеў на лаву, салодка, зусім па-дзіцячы пацягнуўся, павярнуўся да брата: — Вось ты працуеш у магістраце лаўнікам, ловіш у горадзе ўсялякіх рабаўнікоў і забойцаў, а скажы мне — адкуль у нас з’явіліся гэтыя нелюдзі і чаму іх цэлае лета княжы намеснік пан Ключэўскі ловіць і ніяк не можа злавіць?

Самуіл адштурхнуўся спінай ад ствала яблыні, абняў за плечы брата.

— Мужчынам становішся, Марціне, — усміхнуўся ён і свабоднай рукой правёў па падбародку брата. — Хутка з бацькам будзем цябе жаніць.

— Ды ну цябе, — пачырванеў Марцін і трасянуў плячыма. — Я сур’ёзна пытаюся, а табе ўсё жартачкі.

— Ну, калі б у мяне былі адказы на твае пытанні, то банда Ваўчыцы ўжо даўно гойдалася б на дрэвах уздоўж Віленскага шляху.

— А што ты думаеш пра ваўкалакаў?

— Думаю, што гэта людзі прыдумалі іх са страху. На самай жа справе гэта банда невялікая і складаецца з пяці-шасці мужчын, і хутчэй за ўсё — дэзерціраў.

— Чаму дэзерціраў?

— Яны маладыя, здаровыя, добра валодаюць зброяй і да жудасці бязлітасныя.

— Чаму ж яны называюць сябе «бандай начной Ваўчыцы»?

— Так іх людзі назвалі, — Самуіл на імгненне задумаўся, потым хмыкнуў: — А і праўда, чаму банда Ваўчыцы, а не Ваўка?

— Вось і Мішка Дручок кажа, што атаманша ў іх сапраўдная ваўчыца, а яе падначаленыя — зграя ваўкалакаў. Таму і нападаюць яны ноччу, таму і пакідаюць воўчыя сляды на месцы злачынства, таму і нішчаць усіх без разбору.

— Я, напрыклад, ніколі не чуў, каб ваўкалакі стралялі з лукаў і мячамі секлі небаракам галовы, — ахалодзіў братаў імпэт Самуіл. — Але пра ваўчыцу ўсё ж трэба сур’ёзна падумаць.

— Падумай, братка, падумай, — Марцін зноў адкусіў яблык, зноў кісла зморшчыўся і, узняўшыся з лавы, адкінуў абгрызак пад плот. — Пайшлі ў хату, бо маці мяне паслала, каб я клікаў цябе на бліны.

3

Ідучы з мужам пасля гасцей да свайго двара, Насця апавядала яму навіны, якія пачула ад маці. Іх было шмат, але па-сапраўднаму зацікавіла Самуіла толькі адна — Марцін закахаўся ва ўдаву Гераські Дораха і ўжо прасіў бацьку накіраваць да яе сватоў. Самуіл крыху ведаў Герасіма, памятаў яго, як добрага цесляра, але яго жонкі ніколі не бачыў, нават ніколі не чуў, што яна ў яго была. Таму паведамленне Насці аб каханай Марціна выклікала ў Самуіла разгубленасць і з-за гэтай разгубленасці ён нават не парадаваўся за брата, хаця зусім нядаўна ў бацькавым садзе сам абяцаў яму яго ажаніць.

— Колькі ж удаве гадоў? — толькі і пацікавіўся ён у жонкі.

— Васямнаццаць, — адказала тая і, папярэджваючы яго наступнае пытанне, дадала: — Жалоба па Гераську закончылася ў чэрвені.

— А што пра яе вядома? Адкуль яна, хто яе бацькі, якога яна роду-племені?

— Маці расказвала, што родам яна з вёскі Корніца, што бацьку яе некалі разадралі ў лесе ваўкі, а маці памерла два гады таму, што мае яна трох братоў, два з якіх жывуць у вёсцы і займаюцца там гаспадаркай, а адзін жыве з ёй і, як і Гераська, цяслярыць.