Выбрать главу

Бандытаў перабілі адразу, а вось у хлапчука ніхто з самастрэльшчыкаў не рашыўся пусціць стралу. І, магчыма, ён уцёк бы, выратаваў сваё жыццё, ды пан Ключэўскі своечасова ачуняў, перахапіў яго ля самых варот.

— І што?

— А нічога, — войт весела развёў убок рукі. — Злоўлены хлапчук аказаўся дзяўчынай, а забітыя бандыты — яе братамі.

— Дзяўчынай? — Фёдар з недаверам чамусьці паглядзеў на Корчака. — І, можа, гэта ўдава цесляра Герасіма Дораха?

— Ды не была яна ніколі жонкай Гераські, — неахвотна, быццам гаворачы нешта асабіста-патаемнае, заместа войта адказаў сябру Самуіл. — Так, прыблуда. Пасля смерці сваёй маці прыбілася да Дораха, а як ён памёр — стала гаспадыняй яго двара.

— Ну і жыла б сабе спакойна, дурніца!

— Тут іншае, Федзя. У іх сям’і нараджаліся толькі хлопчыкі, і Юлія павінна была б нарадзіцца хлопчыкам. Аднак Бог недзе зазяваўся, не даглядзеў, а чорт адразу ўсунуў там сваю валасатую лапу — злучыў мужчынскае сэрца і жаночую плоць... Васямнаццаць гадоў барацьбы жаночага і мужчынскага ў адным целе — гэта жах! Хто мог ёй дапамагчы? Хто мог аблегчыць яе пакуты? Ды і выхоўвалася яна ў галечы, без бацькі, разам з братамі.

— Ты яе шкадуеш?

— Я імкнуся зразумець, чаму яна пачала забіваць, хачу разабрацца ў тым, хто сапраўды вінаваты ў яе злачынствах і ці няма ў тым і нашай віны.

— Ну ты і скажаш! — няшчыра, гледзячы на пана Міхала, быццам чакаючы ад яго падтрымкі, засмяяўся Фёдар. — У чым мая перад ёй правіна, калі пра гэтую Юлію да ўчарашняга дня я наогул нічога не чуў? Дарэчы, а дзе яна зараз?

— Зараз пан намеснік у клетцы вязе яе ў Вільню, каб паказаць вялікаму князю, і дзе яе будуць судзіць за ўсе зладзействы, — войт узяў у рукі карчагу, разліў па кубках віно.

— Яна ж, пэўна, просталюдзінка, — паціснуў плячыма Корчак. — Чаму ёй такая пашана, што яе будзе судзіць сам вялікі князь?

— А ты думаеш у Вільні няма лаўніцкага суда? — войт ахінуў добрым, светлым позіркам лаўнікаў і ўрачыста падняў свой кубак: — Няхай у дзяржаве нашай і надалей уладарыць справядлівасць, а паганыя душы, такія, як у гэтай Ваўчыцы, і сапраўды смажацца ў пекле.

— Вельмі ўжо зашмат яду было ў яе сэрцы, — прашаптаў сабе Корчак, сумна ўсміхнуўся ў адказ урачыста-вясёламу пану Міхалу і залпам выпіў свой кубак.