— Вазьміце пса.
Не вельмі рашуча баец зрабіў крок наперад і з працягну-тай рукой засцярожліва схіліўся да Джыма. Але сабака пагрозліва настырчыўся і гыркнуў з такой лютасцю, што Крохалеў спалохана адхіснуўся. «Ага, чорта ён вам дасца! — зласліва падумаў Валошын. — Бярыце!»
Генерал, які ўжо памкнуўся было выходзіць, спыніўся.
— Што, не ідзе? Камбат, ану дайце свайго чалавека. Валошын сціскаў сківіцы, амаль з роспаччу адчуваючы сваю бездапаможнасць. Генерал стаяў, але ў камбата не хапала рашучасці на такую ганебную ў дачыненні да сабакі здраду.
Паўза зацягвалася, генерал чакаў, і Гунько, роблена задрыжаўшы ад абурэння, ступіў да камбата.
— Вы чулі загад? Дзе вашы байцы? Ану там, у траншэі, жыва!..
У зямлянку ўваліўся Чарнаручанка і запытальна ўтаропіўся ў камандзіра палка. За ягонай спіной з-за палаткі выглядваў Гутман.
— Бярыце сабаку! Жыва!
Адчуваючы, што Джыма ўжо не ўратаваць, Валошын ледзяным голасам загадаў ардынарцу:
— Гутман, вазьміце Джыма.
— Куды? Гэта наш Джым. Куды яго браць?
— Спыніце размовы. Выконвайце загад. Абяззброены няўмольнасцю камбата, ардынарац амаль збянтэжана паціснуў плячыма.
— Гм. Мне што? Я выканаю. Джым — ка мне! Сабака даверліва падаўся да Гутмана, і той узяў яго за ашыйнік. Джым не супраціўляўся, толькі недаўменна-спакойнымі вачмі паглядзеў на камбата. Валошын адвёў позірк, каб не выдаць сваіх пачуццяў. Але што разумеў сабака?
— Вось так, — сказаў генерал. — Праводзіце да штаба, таварыш баец.
Ён уключыў ліхтарык, і ўсе яны адзін за адным вылезлі ў траншэю.
У зямлянцы стала пуста і холадна. Чарнаручанка ўзяўся шураваць у печцы. Лейтэнант Маркін неяк нячутна вылез з кута і сеў на сваё месца ля скрынак.
Валошын вылаяўся і, ірвануўшы палатку, выйшаў у траншэю.
4
Чорт бы іх узяў, гэтыя патарчакі ды вывараціны, якіх у такой цемрадзі ні згледзець, ні абысці. Калі ўжо дзе ёсць які корч, дык ноччу абавязкова налезеш на яго. Валошын устаў, пацёр збітае калена, услухаўся — не, здаецца, яго яшчэ не аклікалі, хоць недзе паблізу павінны пачынацца ячэйкі сёмае роты. Амаль вобмацкам ён прайшоў яшчэ, мабыць, з хвіліну. Боты хрустка ламалі леташні змерзлы быльнёг на ўзмежку, нейкае нябачнае калючае
суччо ў доле чаплялася за халявы, полы. шыняля, вецер надакучліва сцёбаў па твары незавязанымі матузамі шапкі. Наперадзе на краі небасхілу вялізным пакатым горбам чарнела злашчасная вышыня, лёс якой вырашаўся цяпер у штабе. У начным цемрыве яна здавалася зусім побач цераз балотца, што невыразна шарэла ў змроку старым брудным лёдам, і Валошын з затоенай цікаўнасцю ўгледзеўся ў яе зблізку.
Не, маскіраваліся яны адмыслова, не тое што ў сорак першым, калі амаль адкрыта хадзілі ў трусах на перадавой і гулялі ў валейбол на агнявых пазіцыях. Цяпер за ўсю ноч не пачуеш ніводнага гуку — стаіліся, закапаліся ў зямлю і робяць сваю справу ціха і тайна. Але колькі іх там, што гэта за часць, якая яе задача, дзе агнявыя сродкі? — усё гэта былі спрэс загадкі, не адгадаўшы якіх, цяжка было разлічваць на ўдачу ў заўтрашняй атацы. Асабліва з такімі сіламі. Семдзесят шэсць чалавек, па сутнасці няпоўная стралковая рота, без артпадтрымкі, без сапёраў, без танкаў на даволі ўжо ўмацаваную вышыню. Калі яшчэ і не арганізаваць як след, дык і вышыні не возьмеш і людзей пагубіш. Усіх, без астатку.
— Стой, хто ідзе? — нягучна пачулася ў цемры. Валошын крыху павярнуўся на голас, не спяшаючыся, аднак, з адказам. Наперадзе ў змрочным доле ясніўся глеісты пагорачак бруствера, за ім цямнела ямка акопчыка, у якой варухнулася нешта жывое. Баец болей не аклікаў — мабыць, яшчэ зводдаль па хадзе пазнаў камбата. Увогуле гэта быў непарадак, але Валошын не злаваў, ён прывык ужо, што яго ведалі ў батальёне і пазнавалі ўсюды пры першым жа гуку ягоных крокаў і першым слове яго каманды. Гэтак жа моўчкі камбат узышоў на бруствер.
Баец з паднятым каўняром шыняля і ў касцы зверху на шапцы зябка знерухомеў у акопчыку.
— Дзе камандзір роты?
— Далей, таварыш камбат. Там кусцікі ёсць, дык ён каля кусцікаў.
— Як немец?
— Маўчыць, таварыш камбат, — асіплым ад сцюжы голасам адказваў баец. Валошын угледзеўся пільней — не, то быў незнаёмы, мусіць, нехта з пазнейшага папаўнення, — худзенькі азяблы хлопец з вострым падбародкам пад каскай. Старых стралкоў сёмай ён ведаў усіх яшчэ з таго часу, як сам камандаваў гэтаю ротай. Але засталося іх нямнога.
— Ваша як прозвішча?
— Маё? — ціха перапытаў баец. — Радавы Тарасікаў.
— Адкуль родам?
— Я? Саратаўскі,— адказаў ён і прыціх, мабыць, чакаючы новых у гэтым жа сэнсе пытанняў. Валошына, аднак, цікавіла іншае: