— Машын там не чутна было? Не гудзелі?
— Машын? Не, не чуў. Звечара неяк рыдлёўкамі блізка бразгалі. Вунь там, ля равочка, — баец старанна паказаў у цемру. — Пэўна, дзот ладзяць.
Дзот, гэта вядома, без дзотаў яны не абыдуцца. Але к. уды горш, калі, збудаваўшы дзоты, яшчэ і замініруюць схілы. Тады заўтра не мінуць бяды, будзе нечакана, не дай бог. Валошын паўзіраўся па-над акопчыкам, паслухаў, але ноч была надта ўжо глухая і цёмная. 3 вышыні ад вечара, мабыць, не ўзляцела ніводнай ракеты, і адно гэта наводзіла на некаторыя падазрэнні.
— Ну што ж, Тарасікаў. Назірайце.
— Ёсць! — па-начному сцішана, з гатоўнасцю адказаў баец і ўжо іншьгм тонам, як да знаёмага, запытаў: — А дзе гзта Джым ваш, таварыш капітан? Не бяжыць нешта.
— Няма Джыма, — суха адказаў камбат і нетаропка пайшоў далей.
Джыма, вядома, ужо не вярнуць, калі трапіў да такога начальніка, дык назад не адбярэш. Увогуле для сабакі гэта, можа, і лепш, у генерала ягоны лёс, напэўна, будзе шчаслівейшы, чым на перадавой. I тым не менш шчымлівы жаль варухнуўся ў пачуццях камбат'а — столькі ў яго было звязана з гэтым сабакам!.. Але, глядзі ты, і баец — малады, а дапытлівы, ведае Джыма і нават цікавіцца ім. Валошын быў перакананы, што бачыць байца ўпершыню, а той, аказваецца, мала што пазнае камандзіра батальёна ў цемры, яшчэ і ведае ягонага сабаку. Хаця што ж, такая камандзірская доля — кожны крок перад сотняю пільных уважлівых вачэй, ад якіх не ўтоіш нічога.
Яго яшчэ аклікнулі з цемры — ля акапанага на брустверы «максіма», грэючыся, размахваў рукамі стары кулямётчык Дзянішчык, знаёмы яшчэ па летніх баях пад Кузьмінскам, калі зусім невялічкая група іх прабівалася з акружэння. Тады гэты даволі ўжо пажылы баец невядома адкуль прыбіўся да яго роты і так разам з батальёнам выйшаў з-за фронту. А на фарміроўцы праз яго яшчэ была непрыемнасць — начальства пачало чапляцца, чаму не адправіў на праверку, чаму пакінуў у роце, — чалавек чужы, невядомы, ці мала што. Праверыўся Дзянішчык ужо пазней у баях, калі неяк выпадкам падмяніў параненага кулямётчыка, памог адбіць контратаку ды так і застаўся пры кулямёце. Зрэшты, кулямёт, здаецца, цяпер у яго ўжо другі — замест «максіма» танкастволы, сістэмы Гарунова.
— Ну як справы, Дзянішчык?
— А покі што слава богу.
— Чаму богу? Ты што — веруюшчы?
— Верушчы — не верушчы, а так кажуць. К слову падходзіць.
Баец зважна, але і з пэўнаю годнасцю перад начальствам перамінаўся з нагі на нагу ля кулямёта, уцяўшы голыя без рукавіц рукі ў караткаватыя рукавы целагрэйкі. Камбат пры-сеў ля акопа і зірнуў цераз бруствер.
— А як абстрэл? Мёртвай прасторы няма?
— Ды ну! Усё як на талерцы, таварыш камбат.
— А яны тут не засякуць вас? З вышыні ж таксама як на талерцы.
— Ну. Але мы, калі ціха, «Гаруна» сюды, — паказаў Дзянішчык у акоп, дзе пад брустверам чарнела абсталяваная для кулямёта ніша-сховішча, у якой цяпер ляжаў, пасапваючы, скурчаны ў тры пагібелі ягоны напарнік: — Абстрэл калі? А калі заварушка, тады на месца.
Камбат устаў з бруствера.
— Ну малайцы. Камандзір роты дзе?
— А вунь. Бліндажык там, — кіўнуў галавой Дзянішчык і зноў замахаў на месцы рукамі — грэўся.
Непадалёк пад узмежкам пачыналася мелкая недакапа-ная траншэйка, з якой чуліся далекаватыя, з-пад зямлі, галасы. Абсыпаючы берагі, камбат амаль бокам сунуўся ў ёй, пакуль не ўбачыў пад брустверам слабую светлую шчылінку акрай палаткі. Адхінуўшы залубянелую палу тае палаткі, ён дужа ўгнуўся і з натугай прашчаміў сваё веліка-ватае цела ў бліндаж.
У бліндажы вячэралі. Цесна асеўшы палатку, чалавек пяць працавалі лыжкамі, між ног, абутых у боты, валёнкі і чаравікі, стаяла са тры кацялкі. У кутку ля ўвахода, прыўстаўшы на каленях, у адной гімнасцёрцы з медалём на грудзях складвала нешта ў рэчмяшок Вераценнікава. Яе зыркія вочы здзіўлена міргнулі з-пад русявае грыўкі, і ў тое ж імгненне дзяўчына локцем штурханула ў бок лейтэнанта Самохіна.
— Вадзька!
Самохін прыкметна трапятнуўся, згледзеў камбата, які ўжо амаль налез на нечую спіну ля ўвахода, і зрабіў спробу ўстаць для даклада.
— Таварыш капітан!.. Валошын ціха спыніў яго:
— Вячэрайце.
Нехта пасунуўся, даючы камбату месца, каб сесці, нехта перапоўз у другі кут. Над галовамі ўгары, заткнуты за жардзіны, патрэскваючы, дыміў азекерытавы канец тэлефоннага кабелю. Смярдзела гарэлым мазутам. Вераценнікава зноў зыркнула на камбата насцярожаным поглядам, і яе спрытныя рукі пачалі завязваць рэчмяшок.
— Можа, павячэраеце з намі, таварыш камбат, — сказаў Самохін.