Валошын не адказаў, і ў бліндажы замаўчалі, адчуўшы яго настрой, — пэўна, тут ужо ведалі, што нядаўна адбылося ў зямлянцы на батальённым КП. Адчуваючы іх пільную ўвагу да сябе, камбат палез у кішэню, дастаў дзюралевы, з няхітраю інкрустацыяй партсігар і пачаў згортваць цыгарку.
Ён ведаў, яны чакалі разносу за тое здарэнне на КП, якое для яго скончылася другой па ліку вымовай, але цяпер ён не хацеў гаварыць аб тым, асабліва пры падначаленых. Старшына роты Грак і камандзір узвода сяржант Нагорны, што сядзелі ля другой ад камбата сцяны, пахавалі свае лыж-кі за халявы ботаў. Самохін зашпіліў кручкі шыняля. Вераценнікава пачала надзяваць целагрэйку. Мяркуючы па ўсім, вячэра была сапсавана.
— Таварыш Самохін, колькі ў вас сёння ў страі? — зірнуўшы на камандзіра роты, запытаў Валошын.
— Дваццаць чатыры чалавекі. З санінструктарам.
— Санінструктара не лічыце.
Самохін сціх, чакаючы, што камбат скажа далей. Валошын зацягнуўся махоркай, якая неяк дзіўна патрэсквала ў цыгарцы, часам успыхваючы, нібы да яе быў падмешаны порах. Байцы гэтую махорку празвалі «трасіруючай», што было асабліва відавочна на ветры.
— Выдзеліце мне двух чалавек. Талковых хлопцаў. Самохін з прыкметнай палёгкай асеў на заднікі ботаў і ціха выдыхнуў. Рухавы позірк яго цёмных вачэй на маладжавым, але ўпартым, з шырокім падбародкам твары матлянуўся ад камбата ды сяржанта Нагорнага.
— Нагорны, дай двух чалавек.
— Адставіць! — роўна сказаў Валошын. Усе ў зямлянцы недаўменна паглядзелі на яго, аднак ён знарок не падаў ніякай увагі да гэтых позіркаў.— Мабыць, у таварыша Нагорнага ёсць воінскае званне?
Лейтэнант зразумеў усё з першага слова.
— Сяржант Нагорны, выдзеліць двух байцоў!
— Ёсць.
Каржакаваты плячысты крапак у расшпіленым паўшубку, Нагорны выцягнуў з-за спіны аўтамат і з шорхатам вышчаміўся ў траншэю.
— I яшчэ пашліце за камандзірамі восьмай і дзевятай. ДШК таксама.
Самохін толькі зірнуў на Грака, і той, зразумеўшы, хоць і нетаропка таксама вылез следам за Нагорным. У бліндажы, апроч камбата і ротнага, засталася адна Вераценнікава. Валошын вальней выцягнуў ногі.
— Дык колькі будзем ваду муціць, таварыш Самохін?
— Якую ваду?
— Калі будзе выкананы мой загад?
Лейтэнант, перш чым адказаць, памаўчаў, кідаючы навокал хуткія нервовыя позіркі.
— Заўтра ўранку пойдзе.
— Нікуды я не пайду, — тут жа аб'явіла Вераценнікава.
— Вера! — з папрокам сказаў Самохін. Дзяўчына падняла на яго раззлаваны твар.
— Ну што? Што Вера? Чаму вы мяне праганяеце? Як наступленне, дык патрэбна была, тады не адпраўлялі, а як ціха, абарона, дык прэч! Я год прабыла ў гэтым палку і нікуды з яго не пайду. Ясна?
Валошын стрымана пазіраў то на яе, счырванелую і гняўлівую, то на пакутліва нахмураны лоб ротнага. Камбат і асуджаў і абураўся — гэта было чорт ведае што, — слухаць такія сцэны на вайне за паўкіламетра ад нямецкай траншэі.
— Што ж вы тут і раджаць будзеце? — запытаў ён са знарочыстай грубаватасцю. Вераценнікава страпянулася, хутка павярнулася да яго — на шчоках дзяўчыны бліснулі слёзы.
— Ну і буду! А вам-та якая справа?
— Вера! Што ты! — спахапіўся Самохін.
— Не ўжо, таварыш Вераценнікава. У маім батальёне роддома няма, — холадна зазначыў камбат. — Рана ці позна паедзеце ў тыл. Так што лепей зрабіць гэта ў час.
— Нікуды я ад Вадзькі не пайду, — сказала яна. Аднак рашучасць яе, відаць, пахіснулася. Дзяўчына хліпнула і затуліла твар рукавом ватоўкі. Самохін падаўся да яе бліжэй.
— Вера! Ну што ты? Супакойся. Усё будзе добра. Вера, аднак, не хацела супакойвацца, усё хліпала,
затуліўшы твар, і Самохін хвіліну разгублена ўлагоджваў яе. «Чортаў бабнік, — думаў камбат, амаль з ненавісцю пазіраючы на свайго ротнага. — Хвацкі, відны дзяцюк, неблагі камандзір, ды во зблытаўся з гэтым дзяўчом. Цяпер, калі ўжо прыпёрла і далей не было як хаваць усё, знай-шлі выхад — франтавую жаніцьбу. Якраз у пару!»
Адчуўшы на сваіх плячах рукі Самохіна, Вера пакрысе пачала супакойвацца, і Валошын сказаў, каб разам скончыць усю гэтую ўжо агорклую яму справу:
— Заўтра ўранку штурмуем вышыню. Мабыць, у сем пачнем. У шэсць трыццаць вы пакінеце батальён.
Вера раптам перастала хліпаць і насцярожылася.
— Што? Каб я змылася за паўгадзіны да атакі? Не ўжо, дудкі! Хай мне генерал загадвае! Хай маршал! Хоць сам бог! Нізашто!
— Ладна, Вера. Не гарачыся. Што ты як маленькая! — пачаў ротны. Але яна перабіла яго:
— Ага, не гарачыся! Доўга ты без мяне ўцалееш? Ду-рань, ты ж на першай гадзіне галаву пакладзеш. За табой жа, як за маленькім, глядзець трэба! — праз слёзы казала Вера.