Выбрать главу

— Многа яшчэ пісаць?

— Заканчваю, — сказаў Маркін. Валошын рэзка павярнуўся да ардынарца.

— Таварыш Гутман! Пастройце папаўненне.

— Ёсць. Папаўненне, выхадзі строіцца! — старшынскім голасам скамандаваў Гутман.

Прыглушаны тупат наверсе яшчэ не скончыўся, як ён рашуча выйшаў з зямлянкі і скочыў на бруствер. Гутман таропка скамандаваў «смірна», камбат зышоў з падмёрзлых глыжоў бруствера. Ззаду над вышынёй якраз узляцела ракета, аслабленае адлегласцю яе святло трапяткім водблескам замільгала па тварах людзей, якія страхавіта-засцярожліва заварушыліся, аднак не пакідаючы месца ў страі. Усе паглядзелі на вышыню, затым — на яго, мабыць, чакаючы каманды «лажысь» ці дазволу разбегчыся. Аднак ён не падаў нават «вольна», а выйшаў перад сярэдзінай строю і стаў.

Ракета дагарэла, мігатлівы паўзмрок саступіў месца яшчэ болыя пагусцелай цемры.

— Хто разумее па-руску?

— Я панімай.

— Я тожа.

— Адзін чалавек — ка мне.

Нехта выйшаў са строю і спыніўся ў трох кроках перад камандзірам батальёна.

— Станьце побач і перакладайце. Хворыя ёсць?

— Ёсць.

— Я хзоры, — адказалі са строю. Тады ён скамандаваў:

— Хворыя, пяць крокаў наперад. Шагам марш! Перакладчык павярнуўся тварам да строю і не дужа ўпэўнена пераклаў. Валошын адзначыў, што слоў у яго чамусьці атрымалася больш, чым у ягонай камандзе. У гэты час ззаду зноў узляцела ракета. Камбат, знерухомеўшы, услухаўся: ці не пачуюцца стрэлы? Калі пачнецца страляніна, тады будзе кепска. Тады наўрад ці атрымае ён звесткі ад тых двух разведчыкаў. Але, здаецца, абышлося і гэты раз — ракета дагарэла і стрэлаў не было. I калі зноў над начной прасторай самкнулася цемра, ён пачуў, як сям-там са строю выйшла некалькі чалавек. Выходзілі нерашуча, адны раней, другія пазней. Усе няўпэўнена спыняліся перад строем, насцярожана пазіраючы на камандзіра батальёна.

— Хто не абучаны — тры крокі шагам марш! Памарудзіўшы, яшчэ выйшла шэсць чалавек. Сталі,

аднак, амаль што ўпоплеч з тымі, што выйшлі на пяць крокаў. Валошын адзначыў гэтую недакладнасць, аднак папраўляць не стаў — цяпер гэта не мела значэння.

— Хто вельмі баіцца — таксама!

Перакладчык не скамандаваў, а хутчэй растлумачыў каманду, і камбат амаль сцяўся нутром, чакаючы яе выканання. Але цяпер парадзелы строй стаяў нерухома— мусіць, усе баякі ужо скарысталі сваю магчымасць у ліку папярэдніх.

— Так. Вось гэтым, што выйшлі,— напра-ва! — скамандаваў Валошын. — Таварыш Гутман, адвесці групу назад у штаб.

— Назад? — здзівіўся Гутман. Але тут жа паспешна скамандаваў: — За мной шагам марш!

Калі яны, па адным пераскочыўшы траншэю, зніклі ў цемры, Валошын падышоў да строю бліжэй. Пашчэрбленыя дзве шарэнгі з напружанаю ўвагай глядзелі на яго.

— А з вамі будзем ваяваць. Перакладзіце. Заўтра мы пойдзем у бой. Усе разам. Нехта загіне. Калі будзеце дружныя і напорыстыя, загіне менш. Замарудзіце пад агнём — загіне болып. Запомніце закон пехацінца: дабегчы да немца і забіць яго. Не ўдасца забіць яго — ён заб'е вас. Усё вельмі проста. На вайне ўсё проста.

Пакуль перакладчык тлумачыў гэта, Валошын прайшоў сюды-туды перад строем, пазіраючы на вышыню. Ракет болей не было, стрэлаў таксама. Толькі недзе збоч ад ляска і далёка ўсё пыхала і таўкло зямлю, мусіць, гэта выроўнівалася суседняя армія. Хацелася верыць, што ўсё як-небудзь абыдзецца і пасланцы вернуцца. Цяпер ён ні за што не хацеў губляць нават двух старых байцоў — цана ім за гэтую ноч падвоілася.

Некалькі чалавек, абмінуўшы траншэю КП, падышло да строю і спынілася непадалёк ад камбата. У пярэднім ён пазнаў старшыну сёмай Грака — гэта ўжо прыбылі за папаўненнем.

— Так, усё. Пытанні ёсць?

Пытанняў не было. Ён самкнуў строй, які аказаўся прыкметна карацейшы, чым упачатку, і рукой пачаў аддзяляць чацвёркі.

— Восемь, дзевяць, дзесяць… Направа! Старшына Грак, атрымлівайце.

Старшына адвёў сваіх крыху ўбок, а ён палічыў астатніх. Іх было мала. Восьмай як самай слабай трэба было б даць болей, але нешта ўтрымала яго ад такога намеру. Рэшткі строю ён падзяліў напалам.

— Восьмая і дзевятая — па васемнаццаць чалавек.

— Усяго толькі? — здзівіўся сяржант з восьмай.

— Толькі ўсяго. Затое без браку.

Людзей павялі ў роты, а ён скочыў у траншэю і ледзьве не сутыкнуўся з Маркіным. У накінутым на плечы паўшубку, лейтэнант адразу павярнуў назад. Валошына гэта трохі здзівіла — чаму ён стаяў тут?