Такая тэматычна-стылёвая разнастайнасць выклікана ўсё той жа вечнай задачай літаратуры: паказаць чалавека i Сусвет у ix еднасці i ўзаемапранікненні, паказаць свет чалавека ва ўсёй яго складанасці i супярэчлівасці, ва ўсім яго багацці i ў тэндэнцыі да развіцця.
Паэтычны сусвет — адлюстраванне сусвету рэальнага, i ў гэтых адносінах паэтычны сусвет «Сінтэзу» надзвычай багаты i прадметна напоўнены, не абмяжоўваецца толькі пачуццямі i эмоцыямі чалавека ды агульналітаратурнымі малюнкамі прыроды. Аўтарка ўводзіць у сферу дзеяння паэзіі, здавалася б, зусім не паэтычныя з'явы i прадметы, асвойвае ix эмацыянальна i эстэтычна.
У гісторыі Г. Булыка бачыць перш за ўсё не гісторыю войнаў, дзяржаў, відовішчных бітваў, a гісторыю чалавечай працы, культуры, навукі, гісторыю чалавечых ведаў i майстэрства (вершы «Гліняны хлеб...», «Драўляны век», «Шавец», «Камень», «Гарт», «Аднадрэўкі», «Кальчугі»). Не канкрэтныя падзеі, даты гісторыі, a гісторыя ўвогуле цікавіць паэтку, i таму ў яе вершах амаль няма дакладных дат.
Вершы пра горад радуюць сваёй натуральнасцю, арганічнасцю: гарадская рэчаіснасць успрымаецца не як нешта варожае i да гэтага часу экзатычнае, а як звычайнае, з усімі радасцямі i бедамі, месца жыцця лірычнай гераіні. Аўтарку цікавіць мінулае горада, яго архітэктурнае развіццё, уплыў на псіхалогію чалавека, яна мае здольнасць вылучаць характэрныя рэаліі гарадскога жыцця (напрыклад, ва «Успамінах аб парадных пад'ездах»), падмячаць каларытныя дэталі:
Калісьці славуты Паўлаў сказаў, што прырода спазнае сябе праз чалавека i ў гэтым сэнс жыцця i сусвету. Менавіта незаспакоенасць, заўсёдную прагу ведаў у чалавеку як галоўную рухаючую сілу прагрэсу падкрэслівае паэтка ў вершах пра навуку, пра псіхалогію навуковых доследаў i адкрыццяў. У «Матэматычным трыпціху» ўпершыню ў беларускай паэзіі зроблена спроба паказаць паэзію матэматыкі («Локан Аньезі»), своеасаблівую сувязь яе з чалавечымі ўзаемаадносінамі. I наадварот — спроба насыціць паэзію вобразнасцю матэматычных тэрмінаў (локан Аньезі, стужка Мёбіуса, камбінаторыка). Праўда, вобраз стужкі Мёбіуса, які здаўна прыцягвае да сябе ўвагу філасофскай лірыкі, метафарызаваны ў аднабакова маральным плане, а тым самым — філасофскі звужаны, збеднены.
Значна слабей за іншыя выяўлена ў кнізе тэма кахання, магчыма, гэта асабліва заўважна на фоне наватарскага ўвасаблення Г. Булыка іншых тэм. Як бы там ні было, вершы пра каханне, за выключэннем асобных твораў («Post scriptum», «Гэта дробязі — рэўнасць, злосць...»), адпавядаюць сярэдняму ўзроўню беларускай паэзіі i пакуль што не ўзнімаюцца вышэй яго.
З усіх відаў мастацтва на паэзію Г. Булыка найбольшы ўплыў відавочна аказвае жывапіс: i на ўзроўні светаўспрымання i на ўзроўні светавыяўлення. Своеасаблівы цыкл вершаў, прысвечаных палотнам Пабла Пікаса, Эдгара Дэга, Рокуэла Кента, Юрыя Піменава, адлюстраваў не толькі глыбокае разуменне i адчуванне аўтаркай жывапісу, але i здольнасць яе у новай, паэтычнай структуры захоўваць рэшткі мастацкай структуры, дакладна перакладаць з мовы мастацтва на мову паэзіі, заўважаць не толькі галоўнае, але i дэталі, стылізаваць канкрэтны верш пад канкрэтную жывапісную манеру, палатно. Як, напрыклад, выразна i амаль без упаміну колеру перададзена манера лепшых малюнкаў Юрыя Піменава:
Цэнтральнае месца ў кнізе займаюць такія вершы, як «Горны лён», «Лазурыт», «Бурштын», «Гіпс», «Свінец», «Золата», «Агонь», «Гліна», «Ёд» i інш. Яны вызначаюць аблічча кнігі, найбольш поўна акрэсліваюць тое новае, што ўносіць у беларускую паэзію Г. Булыка. У кожным вершы паэткі прысутнічае чалавек, не выключэнне i гэтыя «рэчыўныя» вершы, але прысутнасць у ix чалавека часам толькі праглядваецца, цьменіцца праз іншы, суседні аб'ект. Вершы такога плану для беларускай паэзіі нязвыклыя, пункцірныя сімптомы ix з'яўлення назіраліся ў творчасці А. Вярцінскага i М. Стральцова. Гэта зусім не «хімічныя» вершы, хоць веданне хіміі, безумоўна, дапамагло ix стваральніцы, — гэта вершы чыста філасофскія, «штойныя» (Дж. Джойс) па зместу.