Твор завершаны сам у сабе, без дыдактычна-рытарычных прымусаў, без павярхоўных сцвярджэнняў, з глыбокім i, што асабліва істотна, неаднапланавым, шматгранным сэнсам. Пра што гэты верш? Пра гліну? Пра мастацтва (карыснае i прыгожае)? Пра чалавека, складанасць яго лёсу? Пра сэнс жыцця? Пэўна, пра ўсё разам, i ўсё ж — пра гліну. Колькі няздзейсненасці, заклятасці, болю: не стала, не ўзрасціла, не жывым, не было, не дала жыцця, зноў не стала! I — як збавенне, дараванне ўсяго — нечаканы эквівалент: глядзець у свет вачамі кветак сініх. Аўтарка тут амаль не выкарыстоўвае прыёму адухаўлення (акрамя слоў «глядзіць», «твар», «вочы»), ва ўсякім разе пазбягае яго банальна-спрошчанага варыянту, па якому дрэвы звычайна пагражаюць браканьеру сваімі рукамі-галінамі, а мядзведзь пры гэтым ледзь не мацюкаецца. Усе дзеянні, працэсы максімальна набліжаны да фізічна магчымых, рэальных для рэчыва i ў той жа час маюць далёкую паралель з рухамі, дзеяннямі чалавека, нечакана i натуральна наказана ўсеагульная еднасць i ўзаемапранікненне матэрыі ў сусвеце: ва ўнутранай сутнасці чалавека ёсць драбок сутнасці гліны, i наадварот, гліна валодае ўласцівасцямі адпаведна паводзіць сябе пад уздзеяннем знешніх працэсаў, выяўляючы агульныя заканамернасці сусвету (гліна, як i вада, i камень, валодае магчымасцю захоўваць інфармацыю, своеасаблівай памяццю).
На гэтай жа філасофскай аснове ўзнік, напрыклад, верш «Агонь», але створаны ён з большай ступенню адухаўлення; прыпадабненне агню да чалавека максімальна магчымае пры захоўванні паралелі з фізічна-хімічнымі прац
Малюнак «плодева-асязальны» (Р. Барадулін), працэс вывераны сваёй паслядоўнасцю ў часе, сэнс верша зноў жа неаднапланавы, кодава заглыблены ў структуры твора. Трагічнасць i недарэчнасць дзеяння чалавека адлюстравана праз натуральнасць, халодную незваротнасць прыроднай з'явы:
Галіна Булыка стварае свой мастацкі свет з арыгінальнай вобразнасцю, шмат у чым не падобны на мастацкі свет іншых паэтаў.
«Сінтэз» — з'ява новая, арыгінальная ў беларускай паэзіі; аўтарка выбрала сабе нялёгкі, але плённы шлях пошуку, эксперыменту, сустракаюцца на гэтым шляху i цяжкасці, пераадолець якія дапаможа творчая вучоба ў папярэднікаў i далейшае мастацкае самаўдасканаленне.
Мастак Юрый Піменаў на адным са сваіх палотнаў намаляваў своеасаблівы цуд—партрэт шкла пад дажджом. Партрэт шкла як філасофска-эстэтычнага сімвала выявіла ў паэзіі Галіна Булыка. Але паэзія не спыняецца ні на імгненне, развіваецца ў самых нечаканых напрамках. Што наступны раз стане цудам? Можа, кветка? Верыцца, што ў такім разе яна будзе таксама незвычайная, нікім дагэтуль не намаляваная.