Выбрать главу
Колькі нашай крыві рэкі сплавілі ў моры?.. Колькі нашага поту у вабралі разоры?..
Колькі нашага шчасця ліхадзеі раскралі?.. Колькі нашых каханак паланянкамі сталі?..
Колькі нашай любові Не спазнала Радзіма?.. Колькі вояў-сыноў не счакала радзіна?...
Колькі, колькі, ды колькі ж сваё крэўнае траціць? За дзяцей каб адплакаць — не стае слёз у маці.

У зборніку няма фактычна ніводнага верша, прысвечанага той ці іншай канкрэтнай гістарычнай падзеі, але прысутнасць гісторыі адчуваецца на кожнай старонцы як вынік гістарычнага мыслення, гістарычнага погляду на рэчаіснасць аўтара. Калі быць дакладней, падобны погляд больш слушна будзе назваць родавым, генетычным, паколькі зыходзіць ён ад абвостранага адчування сябе як часцінкі роду, звяна ў непарыўным ланцугу пакаленняў, а не ад пазаасабовага навуковага асэнсавання заканамернасцяў гістарычнага працэсу развіцця грамадства. Найбольш часта ўжывальнымі, ключавымі з'яўляюцца ў вершах А. Сыса такія словы, як: маці, бацька, сын, продкі, нрашчуры; агонь, вада, неба, зямля; поле, каласы, жыта, хлеб, сейбіт; Радзіма, Айчына, мова, паэт. Такім чынам, аўтар «Агменю» звяртаецца да першаасновы, да спрадвечных сімвалаў-паняццяў, да слоў, зразумелых i дарагіх кожнаму чалавеку. Свядомая тэматычная абмежаванасць-накіраванасць не магла не адбіцца на лексіцы твораў. Але празмернае на першы погляд выкарыстанне ключавых слоў вядзе на самай справе да агульнай лексічнай эканоміі, стрыманасці, паколькі ключавыя словы выцясняюць з вершаў словы неабавязковыя, другасныя, сэнсава больш лёгкія.

Дарога полем — да маці. Дарога лугам — да бацькі. Дарога рэчкай — да любай. Але i полем, І лугам, i рэчкай Іду заўжды да Радзімы,—

верш гэты з'яўляецца яскравым прыкладам лексічнай скупасці i лаканічнасці паэта, які дасягае тут патрэбнага выніку пры мінімальнай затраце сродкаў.

Кола вобразаў зборніка «Агмень» сведчыць пра творчую арыентацыю А. Сыса на раннюю паэзію Янкі Купалы, неаднойчы згадваецца ў вершах i сам вялікі паэт («Калоссі, хоць вы памяніце ад вечным пакутным агнём — Купалам мяне зашапчыце, засну пад яго курганом»).

Лірычны герой А. Сыса — сейбіт i паэт адначасова, бо словы ўпадабняюцца зярнятам, а мова — полю, раллі. Невыпадкова менавіта жытнёвы колас сімвалізуе сабой вынік працы як сейбіта, так i паэта, бо для аўтара «Агменю» паэзія вымяраецца не сваім унутраным хараством, а тым, наколькі яна ўздзейнічае на людзей, наколькі здольная змяніць нешта ў рэальным жыцці.

A калі доля быць паэтам, дык мерай спраў маіх i слоў мне будзе не цнатлівасць кветак, а важкасць спелых каласоў.

Ян Парандоўскі ў сваім знакамітым трактаце «Алхімія слова» падзяляў пісьменнікаў на дзве вялікія катэгорыі: на тых, каго ў літаратуру прывяла нейкая ідэя, жаданне сродкамі мастацкага слова паўплываць на грамадства i на тых, каго ў літаратуру прывёў пісьменніцкі інстынкт, унутраная прага да творчасці, захапленне самім працэсам пісьма. Калі прыняць гэткую класіфікацыю за універсальную для ўсіх часоў i народаў, стане відавочна, што малады беларускі паэт Анатоль Сыс адносіцца да першай катэгорыі пісьменнікаў: да прапагандыстаў-агітатараў i прарокаў у літаратуры. Прычым хутчэй за ўсё да прарокаў, бо звяртаецца найперш да веры, да пачуццяў чытачоў, у той час як прапагандысты-агітатары апялююць да розуму, да лагічнага мыслення. Вось чаму ў вершах паэта адчуваюцца то водгаласы міфа, старажытнага паганскага рытуалу, то хрысціянскай літургіі; вось чаму словы сыплюцца з неба, як усявышні дар, а мова з'яўляецца душой народа, яго неад'емнай часткай, a зусім не сродкам зносін, прыладай для камунікацыі, як сцвярджаюць некаторыя мовазнаўцы.

Тыя словы, як знічы, як уздыхі сурмы, боскім голасам клічуць самых верных з турмы,