У першым зборніку А. Сыса нямала выпадковых вершаў (напрыклад, уся нізка «Вочы маленства»), трапляюцца там-сям павярхоўныя думкі («Гэты свет —для размену манет...»), няўдалыя, эстэтычна брыдкія радкі (накшталт гэтых, з маналога Зміцера Жылуновіча: «Як пазашлюбны плод, свае хаваю думы...»), шмат пралікаў у эксперыментальных «аляразанаўскіх» паэмах «Алаіза» i «Агонь-птушка». Усё гэта, зразумела, дрэнна адбіваецца на вобразе прарока, вешчуна, i ўсё ж такі гэты вобраз пакрыху ствараецца, выкрышталізоўваецца, бо ўсё мацней i ўпэўненей гучыць у вершах галоўная ідэя, якую ён прапаведуе сярод аглухлых, страціўшых гістарычную памяць i родную мову людзей, — ідэя новага нацыянальнага адраджэння.
Здаецда, усім беларускім юнакам i дзяўчатам адрасаваны радкі з верша «Музыкам фальклорна-этнаграфічнага гурту «Свята».
Адгукнуцца курганы, акрыяюць песні ў вуснах, хлопцы, ну, калі не вы, хто ж адродзіць беларусаў?
Вось у гэтай праграмнасці, ідэйнасці вершаў Анатоля Сыса, у сукупнасці з яго бясспрэчнай таленавітасцю i творчай неардынарнасцю паэта i заключаецца, мусіць, сакрэт яго папулярнасці сярод беларускай моладзі.