Аднак калі сам зварот маладых паэтаў да гісторыі радуе i прыцягвае ўвагу чытача, то пра высокі мастацкі ўзровень гістарычных твораў як твораў п а э з i i казаць пакуль не даводзіцца, акрамя, бадай што, вершаў тых жа А. Мінкіна i С. Сокалава-Воюша. Не даводзіцца па прычынах як аб'ектыўнага, так i суб'ектыўнага характару. Вершы на гістарычную тэму пры ўсёй ix карыснасці i патрэбнасці часам завельмі дыдактычна-рытарычныя, праз патрыятычныя эмоцыі i заклікі не бачна ні гісторыі, ні мастацкасці; увагу паэтаў прыцягваюць усяго некалькі падзей i постацей: Грунвальд, паўстанне 1863 года, Рагнеда, Вітаўт, Скарына, Каліноўскі, што сведчыць пра вузкія веды аўтараў i ранейшую мастацкую неабжытасць нашага шматвяковага мінулага, пра схільнасць да сімвалізацыі, эмблемаізацыі гістарычных асоб. Няўжо толькі Грунвальд i Крутагор'е маюць адносіны да фарміравання духу нацыі, а Ворскла, напрыклад,— не мае i паражэнні ніяк не адлюстроўваюцца ў народнай свядомасці? Маладыя аўтары, не маючы ўласнай мастацкай канцэпцыі гісторыі, у лепшым выпадку запазычваюць яе ў творах Уладзіміра Караткевіча, у горшым —абыходзяцца ўвогуле без яе, прычым не надта задумваючыся пра фармальную спецыфіку гістарычнай паэзіі.
Значна менш, чым калісьці, з'яўляецда зараз у маладых паэтаў вершаў пра Вялікую Айчынную вайну і, адпаведна, менш эксплуатацыі гэтай тэмы, паэтычных падробак. Хаця слова «менш» не азначае таго, што такія павярхоўна-гераічныя творы не з'яўляюцца зусім (верш З. Мінчанка «Урок мужнасці», напрыклад). Усё ж такі пасля Куляшова, Панчанкі маладому чалавеку 20-25 гадоў напісаць добры твор пра вайну цяжка, a благі — пісаць не варта. З усёй нядаўняй паэтычнай прадукцыі на ваенную тэму можна вылучыць хіба што верш Валянціны Аколавай «У музеі Вялікай Айчыннай вайны»:
Строгая, канстатацыйна-матэматычная форма выяўлення дазволіла аўтарцы сказаць мала, але істотна, стварыць верш сцісла-змястоўны, шкада толькі бачыць у гэтай форме выпадковы прыём, а не свядомую манеру выяўлення. Пасля цудоўнага верша Валянціна Шданко «Кожны першы», калісьці надрукаванага «Полымем» i адзначанага Піменам Панчанкам, верш «У музеі Вялікай Айчыннай вайны» — ці не лепшы твор са змешчаных маладымі паэтамі ў газетах i часопісах вершаў пра вайну.
Ваенная тэма для творчасці маладых паэтаў мае асаблівае значэнне, але наколькі яна важная, настолькі i небяспечная: добра распрацавана папярэднікамі, а зварот да яе скарачае шлях да публікацыі. Разам з тэмай любові да Радзімы i тэмай кахання яна ўтварае той магічны трохкутнік, у які перш за ўсё заганяе сябе нявопытны пачатковец i ў якім цудоўна адчувае сябе прафесійны графаман. I першы, i другі дыскрэдытуюць свядома ці падсвядома i гэтыя вялікія тэмы, i паэзію ўвогуле. Але зараз болей пішуць не пра вайну, а пра памяць аб ёй, напрыклад, пра маці, якая чакае сваіх загінуўшых сыноў:
Наўмысна падаем гэтыя два вершы побач не толькі для таго, каб была заўважна ix тэматычная еднасць. Не, з прадукцыі апошніх гадоў пры жаданні можна было б выбраць i значна больш прыкладаў тэматычнай еднасці. У дадзеным выпадку — відавочнае падабенства прынцыпаў пабудовы верша, стэрэатыпнае выяўленне тэмы; абавязкова: бабулька, вайна, напаўрэальная гаворка, вецер; i па выбару: хата альбо падворак, вецер на вуліцы альбо ў клеці, дзеці альбо сыны. Розніца толькі ў тым, што ў першым выпадку пачатковец выкарыстаў стэрэатып падсвядома (хочацца верыць), a ў другім, больш ужо вопытны паэт, — свядома (хацелася б памыліцца) паклаў яго ў аснову твора. Стэрэатып надзвычай распаўсюджаны, хоць ты складай анталогію вершаў-чаканняў, i што самае жахлівае — непарушны i дзейсны. Нам з самага пачатку «называецца» вобраз маці, якая чакае ўсё жыццё загінуўшых на вайне сыноў, i ў нас імгненна спрацоўвае рэфлекс суадчування: рэфлекс, узнікшы не пад уздзеяннем гэтых двух вершаў, а пад уздзеяннем ранейшых твораў кіно, літаратуры, жывапісу з аналагічнымі вобразамі, пад уздзеяннем асабістых жыццёвых сустрэч i назіранняў. Нас кранае сам жыццёвы тып, факт, але зусім не вершы A. Пісарыка i В. Трусевіча, якія эксплуатуюць гэты факт разам з нашымі пачуццямі.