Выбрать главу

Неяк хлопцы падгледзелі, дзе хавае дырэктар школы М. Яфрэменка свой пісталет, i ўзялі яго. Уладальнікам зброі стаў Генадзь Нафрановіч. Часлаў Каспарэўскі з Кабыльніка сведчыць, што пісталет быў i ў Расціслава.

Не бракавала i толу. Расціслаў мог хутка зрабіць з яго выбуховыя прыстасовы. З імі хлопцы трэніраваліся ў навакольных лясах, падрываючы старыя карчы. Некалькі кавалкаў толу i запалы Лапіцкі перадаў на захаванне Юзіку Качэргу. Той таксама знаўся на зброі. У пачатку вайны ён перапраўляў яе з Мядзела брыгадзе Арміі Краёвай пад камандай Кміціца, якая базавалася недалёка ад Качарог у наднарацкіх пушчах.

У 1948 годзе адбылася падзея, якая, магчыма, паўплывала на лес Мядзельскай падземнай арганізацыі.

Альфон Кундра быў камсамольцам, i даволі актыўным. Паводле Юзафа Качэргі, ён загітаваў у камсамол i сваіх сяброў — Несцяровіча i Нафрановіча. Але так здарылася, што аднаго разу маці Альфона памыла ягоную кашулю разам з камсамольскім білетам. Усчаўся вялікі шум i хлопец шмат перацярпеў. Абышлося, праўда, толькі выключэннем з шэрагаў ВЛКСМ. І вось Кундра намовіў Факуся i Геніка, каб тыя сказалі, што ў лесе ix перанялі партызаны, пабілі i адабралі камсамольскія білеты. Па дарозе з Мядзела ў Юшкавічы сапраўды ёсць вялікі лес, i гісторыя выглядала б праўдападобнай. І хлопцы пагадзіліся! Іх таксама выключылі з камсамолу. Вось такі авантурны i загадкавы сюжэт з камсамольскімі білетамі. Трэба толькі дадаць, што Кундры ў ліпені 1950 года не было ў зале, дзе судзілі ўдзельнікаў мядзельска-смаргонскага падзем'я.

ЯК ПОШУГ МАЛАНКІ

Новыя пярэбары * У Смаргонскай школе * Пошук аднадумцаў * Працяг падземнай дзейнасці * "Они засыпали весь город листовками" * Другі арышт * Уцёкі з Смаргоні

Увосень 1949 года матэрыяльнае становішча Лапіцкіх стала зусім невыносным, i спадарыня Наста, ці як яе звалі ў Мікасецку — Настачка, наважылася падацца на сваю радзіму ў Смаргонь, дзе жыў яе родны брат Аляксандар Жабінскі. Юзаф Качэрга не памятае, каб перад адыходам была якая-небудзь адмысловая развітальная сустрэча. Але з некім жа Расціслаў мусіў перамовіцца аб планах арганізацыі.

Лапіцкія пайшлі пешкі, ведучы на вяроўцы карову — сваё адзінае багацце. З Мікасецка да Смаргоні няблізкі шлях — больш за 60 кіламетраў. Таму, мабыць, выбралі найбліжэйшы кірунак — на Занарачча (Занарочча) i Вішнева. Можа, кірунак быў i не зусім такі, але праз Кабыльнік маці з сынам не ішлі. Інакш затрымаліся б у Каспарэўскіх. Аднак недзе ж ім давялося па дарозе заначаваць. Магчыма, у Занараччы. Там пры мясцовай царкве мог быць знаёмы святар. Нездарма ж Расціслаў, калі быў у пачатку 1950 года на нелегальным становішчы i хаваўся ад пераследнікаў з МГБ, казаў Чэху Каспарэўскаму, што з Кабыльніка хоча перабрацца ў Занарачча.

У Смаргоні ніхто Лапіцкіх не чакаў. Аляксандар Жабінскі сам жыў небагата, а тут з'явіліся яшчэ два лішнія i нечаканыя едакі — сястра пенсійнага веку i пляменнік-вучань. ГІраўда, Настасся адразу ж прадала карову, спрабавала зарабляць шытвом ды памагала па гаспадарцы. Расціслаў мог нешта мець дзеля сваіх музычных здольнасцяў. Справа між родзічамі магла ўскладняцца i тым, што Жабінскі пасля смерці першай жонкі пабраўся з бежанкай з Краснапольскага раёна. Мусіць, гэтая бежанка з Усходняй Беларусі была найбольш настроеная супраць няпрошаных гасцей з Мядзельшчыны i магла ўздзейнічаць на мужа. Нават i зараз, праз паўстагоддзя пасля гібелі Расціслава, яна не можа схаваць свайго адмоўнага стаўлення да хлопца.

У Смаргоні Расціслаў прадоўжыў школьнае навучанне. Пайшоў, як i належыць, у 10-ты клас. Адпаведнай даведкі з Мядзельскай школы ўзяць не паспеў, i яго залічылі без аніякіх папераў, паверыўшы хлопцу на слова. Можа таму, што гэтым часам у Смаргонскай школе мяняўся дырэктар. Потым, пасля арышту Лапіцкага, такое нядбальства паставяць дырэкцыі школы ў віну.

Маючы таварыскі характар, вылучаючыся абаяльнасцю, дасціпнасцю i розумам, Лапіцкі вылучаўся сярод аднакласнікаў i хутка знайшоў сабе аднадумцаў. Імі сталі брат i сястра Цыбоўскія, сёстры Юшкевічы, Зося Лапыцька, Юзік Блізнюк з падсмаргонскай вёскі Перавессе, Толік Карней i Зянон Ахрамовіч з-за Вяллі, Эдуард Сташкевіч з-пад Солаў ды іншыя.

З прычыны ваеннага ліхалецця тагачасныя старшакласнікі былі пераросткамі, i часам працавалі ў вольныя ад урокаў гадзіны. Леакадзія Цыбоўская загадвала школьнай бібліятэкай. Расціслаў уладкаваўся ў мясцовы гарадскі клуб іграць на піяніна. Мабыць там ён пазнаёміўся яшчэ з адным вучнем Смаргонскай школы Тадзікам Хацілоўскім, які быў памачніком кінамеханіка.