Праз замерзлыя азёры Нарач (Нарочча) i Мястру на санях добрыя людзі перавезлі сям'ю святара Лапіцкага i пасялілі наводшыбе вёскі ў папоўскім доме каля Траецкай царквы. Царква была драўляная, даволі новая, збудаваная ў 1926 годзе, як рэлігійны цэнтр старамядзельскага прыходу. На час прыезду Лапіцкіх у царкве не было нават святара. Таму нейкія царкоўныя абрады даводзілася спраўляць, як псаломшчыку, i спадарыні Настассі i яе сыну. Але па нейкім часе з'явіўся святар з адпаведнай адукацыяй, i Лапіцкія перасяліліся ў маленькую хацінку каля балота.
Жылі страшэнна бедна. Нястача прымусіла Расціслава кінуць навучанне ў Пастаўскай педагагічнай навучальні, i ён пайшоў у восьмы клас Мядзельскай сярэдняй школы. Толькі з кароўкі мелі сякі-такі спажытак ды маці часам зарабляла шытвом. Калі Расціславу латалі ці цыравалі вопратку, сядзеў, загарнуўшыся ў посцілку — не было змены. Добра што сям'ю хоць часам падкормлівалі суседзі.
Сучаснікі ўспамінаюць Расціслава Лапіцкага як надзвычай светлую асобу, надзеленую шматлікімі здольнасцямі i талентамі. Як трапна выказаўся Люцыян Мілька, "Бог абдарыў яго усім!"
Расціслаў вельмі добра вучыўся, асабліва па гуманітарных дысцыплінах. Ягоная настаўніца беларускае мовы Тацяна Байкачова казала, што сачыненні юнак заўсёды пісаў вершамі — i беларускія, i расейскія. Ён дасканала валодаў польскай мовай, а за гады акупацыі падвучыўся i нямецкай.
Ад бацькі атрымаў у спадчыну, як i ўсе іншыя дзеці айца Аляксандра, музычны талент. Іграў на шмат якіх інструментах — на скрыпцы, на фартэпіяна, на гітары, на мандаліне, ведаў нотную грамату, пісаў музыку, цудоўна спяваў. У Мядзельскай школе ён кіраваў вучнёўскім хорам.
Меў арыгінальны мастакоўскі талент. Выдатна маляваў краявіды, партрэты, якія ўражвалі падабенствам вобразаў. А што да малявання i мастацкага афармлення наглядных навучальных дапаможнікаў, дык тут i казаць няма чаго — ён быў першым памачніком настаўнікаў.
Актыўна працавала ў яго i тэхнічная думка. Жывучы ў Мікасецку, з двух калаўротаў зрабіў драўляны ровар, на якім ездзіў у школу за шэсць кіламетраў. Пазней прымайстраваў самаробны рухавік да сапраўднага ровара. Збіраў радыёпрыймальнікі, якімі можна было слухаць БіБіСі ды іншыя "заходнія галасы". Мог адрамантаваць хоць які гадзіннік ("раз-два — i паправіць"). Зрабіў адмысловую электрычную прыладу ("электрамашыну") для лекавання раматусу ды іншых хваробаў — старыя людзі кажуць, што памагала. Займаўся фотасправай, любіў фатаграфаваць.
Ну i, што было не дзіўным для хлопца ваеннага пакалення, знаўся на вайсковым рыштунку. Мог страляць з розных відаў зброі — ад пісталета i карабіна да мінамёта i гарматы. Умеў зладзіць выбухоўку, каб падарваць у лесе які корч. Выдатна арыентаваўся па тапаграфічных картах.
Маючы адкрыты i шчыры характар, Расціслаў быў душою кожнай кампаніі. На школьных перапынках ля юнака заўсёды раіліся вучні — то ён запусціць паветранага цмока, то нешта пакажа, то пра нешта раскажа, у тым ліку, асцярожна, i пра палітыку. Меншым мог паднесці цяжкія торбы з падручнікамі, дарослым — парадзіць i памагчы ў пільнай патрэбе ("старэйшыя людзі да яго прыслухваліся, прыходзілі на раду"). Ахвотна адгукаўся на кожную просьбу. Людзі гарнуліся да яго. Як сведчыць колішняя мікасецкая суседка Расціслава, гэтага хлопца магла б усынавіць кожная сям'я.
Сын святара, Р. Лапіцкі быў шчырым вернікам. Быў нязломным, прынцыповым у сваіх перакананнях — ці ў рэлігіі, ці ў палітыцы, ці ў дачыненні да Беларусі. Чулы i спагадлівы да сяброў i ўвогуле да ўсяго нашага гаротнага люду, ён быў бескампрамісны да тых, каго лічыў ворагамі Бацькаўшчыны. Адна з колішніх вучаніц Мядзельскай школы Зоя Захарэвіч успамінала па-юнацку максімалісцкае выслоўе Расціслава: "Калі ты ведаеш, што ў гэтай хаце заначуе маскаль — спалі хату, калі хлеб з гэтай нівы пойдзе маскалю — спалі ніву". "Ён заўсёды быў супраць гэтай ўлады, супраць улады камуністаў", — сведчыць яго былы сябар i паплечнік Юзік Качэрга.
Можа, найбольш прачулая характарыстыка Славіка Лапіцкага — ва ўспамінах колішняй вучаніцы кабыльніцкай школы Ліды Каспарэўскай:
"Мы былі вельмі дружныя. Сябравалі з дзяцінства. Ен з братам школу разам канчаў. Яны тут жылі — праз агарод хадзілі... Быў вельмі адораны — ён i на гітары, ён i на мандаліне. Расказваў аднаго разу, што ўначы прысніліся яму нячысцікі — граюць на піяніне. І граюць так прыгожа, беспадобна. Дык ён устаў з пасцелі i ўсё гэта запісаў нотамі. І потым быў канцэрт, але не было канцоўкі. А ён сыграў! Усе гучна пляскалі, былі ў захапленні. Голас у яго быў надта харошы, вельмі прыгожа спяваў, а сам — прыгажэнны! Высокі прыгожы хлопец. Разумнік, i вельмі добры, зычлівы. Я з братам не знаходзіла той размовы, якую знаходзіла з ім. Ён быў вялікі аптыміст. Так блага сябе адчуваў, як быў у нас, ведаў, што над ім навісла небяспека — сапраўдны дамоклаў меч. І ўсё адно ўсім усміхаўся, жартаваў... Не ляжаў раскіслым хворым, a спрабаваў падбадзёрыцца ды іншых падбадзёрваў...