Выбрать главу

Севярын Квяткоўскі

Як стаць беларусам. Сто гісторый

Севярын Квяткоўскі прэзентуе праект:

«Як стаць беларусам. Сто гісторый»

Дакументальна-мастацкая проза

Рэдактар Валянцін Акудовіч

Дызайнер Анатоль Лазар

Карэктар Ціхан Карнякевіч

Кампутарная вёрстка Аляксей Харужка (publisher.by)

Пры ўдзеле:

Ганна Валынец

Аляксандар Лукашоў

Арцём Мартыновіч

Хрысціна Марчук

Аляксандар Ярашэвіч,

якія дапамаглі ў зборы тэкстаў

Адмысловыя падзякі:

Андрэй Дзмітрыеў —

удзел у выданні кнігі

Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская —

удзел у рэалізацыі праекту на сайце budzma.org

Марына Золатава —

удзел у партнёрскай рэалізацыі часткі праекту на сайце Tut.by

— Я прыйшоў атрымліваць пашпарт. Так склалася, што разам з мамай. Быў 1985 год. Чыноўніца пашпартнага стала будзённа задавала пытанні. Калі яна запаўняла графу «нацыянальнасць», я ні секунды не вагаўся і адказаў: «Беларус!»

Адразу ў цішы кабінета прагучаў кінематаграфічны, з добра пастаўленым голасам крык мамы: «Юрачка, падумай, гэта ж на ўсё жыццё!»

Юры Вінаградаў

Як я стаў беларусам

— Вам ужо не трэба рабіцца беларусам? Паколькі вы ўжо не Нехта, а Хтосьці? Тады гэтая кніга можа дапамагчы некаму з вашых родных, сяброў ці знаёмых.

Важна прачытаць кнігу ад пачатку да канца. Толькі тады будзе паўнавартасны эфект. Знікнуць многія сумневы, хістанні і фобіі. Нават калі на нейкай старонцы ў вас з’явяцца думкі: «Ды зразумела, ды я гэта ўжо бачыў, прадумаў, перажыў!». Ці: «Так не бывае!». Альбо: «Няма чаго ім рабіць!». Чытайце да самай апошняй літары.

Нават калі вы і так лічыце сябе ці кагосьці з свайго атачэння беларусам. Магчыма, гэта фантомная беларускасць. Беларус — гэта не бусел, зубр, партызан, мех бульбы ці трактар.

Неяк мы сядзелі з прыяцелем цёплым надвячоркам на бервяне ля дарогі ў старым квартале прыватнага сектара ў Менску. Нам было гадоў па дваццаць, а да нас падышоў значна старэйшы дзядзька — стрэльнуў цыгарэтку.

Наш выпадковы знаёмы без запрашэння далучыўся да размовы. Ён не надта трапна ўстаўляў рэплікі. Было бачна, што думкі тубыльца драўляных джунгляў блукалі дзесьці па-за кантэкстам тэмы.

І раптам дзядзька выбухнуў:

— Сядзіце тут, балбочаце!

— Ну…

— Бачыце, як крыва асфальт на вуліцы паклалі?

— Бачым.

— Дык узялі б — пераклалі!

Гэта толькі на першы погляд выглядае няўздымнай справай — двум хлопцам перакласці асфальт на ўсёй вуліцы. Я прыгадваю гісторыю некалькіх дзясяткаў юнакоў з 1980-х.

— Вы ведаеце, што ваша жонка Кася Камоцкая спявае нацыяналістычныя песні? — запытаўся падчас допыту ў міліцыі следчы ў барда Алеся Камоцкага.

— Так, — адказаў Алесь, — а яшчэ яна танчыць нацыяналістычныя танцы.

Гэтыя юнакі былі толькі на самым пачатку вуліцы з «крывым асфальтам», які трэба было перакласці.

Я маю на ўвазе «Гуканне вясны» — традыцыйнае беларускае свята, якое несанкцыявана зладзіла група моладзі ў 1984.

Калі ад 1980-х ісці далей углыб гісторыі — патрапіш на курапацкія магілы. А яшчэ далей — у БНР, «вясну народаў» у царскай Расеі, паўстанні, падзелы, войны… Часы, калі марылася не пра ўпарадкаванне дарогі, а пра саму вуліцу — сваю краіну.

«Як стаць беларусам» — кніга людзей, якія шукалі сябе ў 1980-х — 1990-х. Гадаваных між СССР, перабудовай і першымі гадамі Незалежнасці.

Гэта быў час вялікай надзеі на стварэнне новай краіны, не савецкай і не антысавецкай. Проста новай. З новымі сэнсамі і новымі адчуваннямі. Дзе адным з самых захапляльных, нязвыклых і неверагодных было адчуванне ўласнага «я».

1. Пратэст

Перад з’яўленнем майго «я» ў публічнай прасторы свет быў іншым.

Я тады быў занадта малы, каб ведаць, што развод ці любоўныя прыгоды аднаго з сужэнцаў разглядалі на сходзе працоўнага калектыву. Не паўсюль, канешне. Ну ўявіце сабе падобнае ў асяродку тэатра ці сімфанічнага аркестра? Ці, напрыклад, цырка?

З іншага боку, уявіце, калі б рабочы шарыка-падшыпнікавага завода перад калегамі пачаў тлумачыць свае амурныя прыгоды беларускай літаратурнай мовай.

У тэатры, акадэміі ці філармоніі ўявіць магу. А ў цырку ўжо — не. Табу.

Прылюдна корпацца ў чужой бялізне было нормай, а публічна гаварыць па-беларуску — скандалам.