Выбрать главу

Было адчуванне, што наперадзе вялікая і цікавая праца.

4. Любоў

«Паглядзі, сынок, якая ў нас зямля цудоўная», — сказаў мне бацька, калі мы вярталіся ў Менск з гасцей ад сваякоў-Квяткоўскіх з вёскі Дусаеўшчына, што пад Капылем.

Я быў тады дашкольнікам. І мне яшчэ толькі належала дазнацца пра гісторыю нашага роду, пра прадзеда Адольфа Квяткоўскага з дробнай шляхты, які перад Першай сусветнай працаваў аканомам у мясцовай абшарніцы, быў на фронце «імперыялісцічаскай», а пасля дзесьці ваяваў між 1918 і 1920 годам, але дакладна не за чырвоных.

Пра бальшавізацыю, пра акупацыю, пра немцаў і партызанаў вакол Дусаеўшчыны, калі немцы спалілі адну хату, а партызаны — дзве. І пра тое, як сям’я перажывала гэты час, пакуль мой дзед Адам Квяткоўскі ішоў да Берліна. Пра тое, што брата дзеда Аркадзя Квяткоўскага ў вёсцы ўжо ў 1960-я некаторыя клікалі аднаасобнікам, бо сваімі рукамі сабраў трактар і дзякуючы іншым сваім ведам ды талентам матэрыяльна не залежаў ад палітыкі партыі і калгасу.

Шмат-шмат пачуў я розных гісторый, якія складалі карціну жыцця маіх папярэднікаў, якіх я проста — як дзіцё — любіў.

Любіў іхны падворак, поўны жыўнасцяў: пчолы, куры, гусі, свінні, каровы, конь. Трактар, сталярка, кузня. Сад, агарод, за ім поле, там — лес. Усё гэта раз ці два на год, калі прыязджаў з Менску.

Як і сам Менск, які асацыяваўся найперш з раёнчыкам між Свіслаччу і чыгункай. Стары раён тады яшчэ збольшага прыватнага сектара з дарэвалюцыйнай планіроўкай і несавецкімі назвамі вуліц: Сонечная, Надзеждзінская, Маласерабранская, Палявая, Лясная, Лугавая і нават Лібава-Роменская.

Любоў да сваіх, да свайго. Калі бацька мне казаў пра прыгажосць нашай зямлі, магчыма, у той момант ён прамаўляў як мастак. Маўляў, глядзі, які цудоўны пейзаж. Але мне словы заселі ў свядомасці значна глыбей. Словы прагучалі з любоўю. А любоў — рэч невытлумачальная. Гэта цуд.

5. Цуд

Чаму адным цуд беларушчыны адкрыўся, а іншым — не? Такое пытанне задаў мой прыяцель на пачатку 1990-х.

Я ведаю людзей, якія гэты свой цуд нясуць усё жыццё як вялікую інтымную таямніцу. І калі дзеляцца ім з кімсьці, дык рэдка, і то з самымі блізкімі.

Іх не бачылі ў натоўпах са сцягамі ці на трыбунах з’ездаў. Больш за тое, яны ў сваіх палітычных, напрыклад, поглядах могуць быць дыяметральна супрацьлеглымі.

Яны ахоўваюць сваю таямніцу ад якіх-кольвек цэтлікаў. Але гэта якраз і правакуе даць азначэнне. Самае простае з якіх: «О, беларус пайшоў».

Так, беларус. А ты хто? Пытанне, якое можа траўмаваць іншага чалавека, бо ён разумее, што дзесьці нешта прапусціў ці памыліўся, калі праз сваю рацыянальнасць абіраў сабе самаазначэнне. А часцей — пазбываўся самаідэнтыфікацыі.

І тады беларус ператвараўся ў трактар «Беларус». Дакладней, імітаваў з сябе машыну, як на сто працэнтаў рацыянальную і функцыянальную рэч. Аднак тут ёсць нюанс — трактарамі кіруюць, і кіруюць людзі.

А чалавек — гэта яшчэ і пачуцці: любоў і нянавісць, памкненні і ўчынкі, мары і планы, рух — жыццё.

І калі чалавек абіраў для сябе ролю безасабовага трактара, ён аўтаматычна аддаваў свой лёс у чужыя рукі.

І толькі з тымі, хто адкрыў і захаваў у сабе цуд, зрабіць нічога нельга. Бо імі немагчыма кіраваць.

6. Логіка

— Севярын, а ты расеец ці беларус? — дурное пытанне як на розум трох-чатырохгадовага хлопчыка. Я нарадзіўся ў Беларусі, бацька мой беларус. І дзед такі самы. Я, праўда, тады не ведаў, што прадзед мог быць і ліцвінам, і палякам. Але, народжаныя да бальшавікоў, са сваімі дзецьмі на такія тэмы не размаўлялі. Ад граху далей.

Нязручныя пытанні задаваў пасля я. «Мама, а чаму мы жывем у Беларусі, а па-беларуску мала хто гаворыць?». Ну вось як у 1979 годзе патлумачыць малому пра сталінскія рэпрэсіі, у тым ліку супраць нацыянальнай інтэлігенцыі, пра татальную хрушчоўскую русіфікацыю, пра будаванне камунізму, дзе будзе толькі адна — расейская — мова?

«Так атрымалася, сынок». Зрэшты, бацькі ад самага нараджэння чыталі мне кніжкі, напісаныя беларускай мовай: «Сымон-музыка», «Рабінзон Круза», «Маленькі прынц»…

Але ж мы ўсяляк адрозныя ад іншых. Па-першае, назва. Слова «Беларусь» я бачыў перыядычна. Вось універмаг, вось магнітафон, вось трактар. Цяпер цяжка ўявіць, але тады ўсе гаварылі «Белоруссия».

Зрэшты, і «Белоруссия» — адрознасць. Вось які ў нас арыгінальны сцяг — з арнаментам. З ім старэйшыя хлопцы ідуць на футбол.

А вось касцёл. Гэта таксама адметнасць. Штосьці з далёкіх часоў іншай цывілізацыі. А вось мы паехалі ў Заходнюю Беларусь, і я ўпершыню дазнаюся, што ёсць людзі, якія жылі не пры савецкай уладзе. Гэта шок. Я размаўляю з тымі, хто памятае тую іншую цывілізацыю, дзе не было піянераў, і дзе дзяцей не лаялі за слова «я» замест «мы».