А нядаўні вясковы настаўнік Мікола Ермаловіч шукае вытокі беларускага этнасу і беларускай дзяржаўнасці. Крытыкаваны прафесійнымі гісторыкамі, Мікола Ермаловіч дае штуршок шматлікім аматарам гісторыі для ўласных доследаў.
Толькі праз дваццаць гадоў пасля напісання ягоная кніга «Па слядах аднаго міфа» шырока публікуецца — у канцы 1980-х. Тым часам высвятляецца, як шмат у Беларусі краязнаўцаў і энтузіястаў-гісторыкаў.
Беларусь фактычна па аскепках выкопваюць з-пад друзу ідэалагічнага смецця. Разам з гістарычнымі асобамі вяртаюцца гістарычныя сцяг і герб. Абрысы будучага беларускага Дому вымалёўваюцца ўсё больш выразна.
Пазнейшыя спробы закатаць гэтыя здабыткі ў кансервавую бляшанку з надпісам «зроблена ў БССР» не даюць плёну. Хіба адно ўтвараюць гармідар у галовах школьнікаў, з якога паўстае «касцёл 8 марта».
Але расшуканая энтузіястамі далёкая і блізкая гісторыя ўжо дае падставы мадэляваць будучыню краіны. Як разнастайнага шматкультурнага, але адзінага — свайго.
9. Сваё
«Мама, а як гэта: я — я?» Пытанне ўзросту гадоў чатырох.
Я, мае ўражанні, мае ўчынкі, маё ratio, мая вера, мае веды, мае памкненні.
Маё — сваё.
«Я» — непаўторныя і ўнікальныя, а «сваё» можа стасавацца з іншым. Сваё важнае і дарагое. Такое, як краявіды, гукі, успаміны і памкненні. Яны робяцца нашымі.
Нашы — як малюнак калейдаскопа з мноства асобных аскепкаў, а не бясформенны пластылін, перамяшаны з кавалкаў рознага колеру.
Памятаеце, як у дзяцінстве мы не любілі, калі нам даставалася на занятках такое шэра-бура-малінавае абы-што.
З калейдаскопу культураў, моваў і традыцыяў Беларусі хацелі зрабіць такі вось неакрэсленага колеру пластылін, але ў выразнай форме сярпа і молата.
Памятаю, як у дзяцінстве намагаўся павыкалупваць кавалачкі колераў, каб пасля скамбінаваць іх у сваёй — аўтарскай — кампазіцыі.
Дарослым пачаў хадзіць з сябрамі ў вандроўкі на байдарках. Хаўрус беларусацэнтрычных людзей. Аўтараў. Сваіх лёсаў. І крэатараў змесціва і вобразу Беларусі.
Да нас раз-пораз далучаўся брат аднаго з удзельнікаў. Масквіч, хоць і народжаны ў Менску. Нармальны, добры чалавек. Ён днямі слухаў размовы пра беларускую нацыянальную ідэю, пра творчасць, пра сваё… Але раптам пад чарку ля вогнішча з імпэтам так бабахнуў: «Я ўсё разумею! Але чаму вы не хочаце далучыцца да Расеі?!».
Так адзін малады немец неяк у мяне запытаўся: «А навошта вы адраджаеце беларускую мову?».
А знаёмая літаратарка распавяла, як размаўляла ў электрычцы з цётухнай з правінцыі беларускай мовай.
— У вас что там в Минске — принято говорить по-белорусски?
— Так.
— Совсем обнаглели!
Так, абнаглелі — заявілі права на сваё. На «я»:).
10. Быць асобаю, быць кімсьці
У дзень галасавання на рэферэндуме 1995 года я дзяжурыў на адным з участкаў у Ленінскім раёне Менска. Сярод іншага вырашаўся лёс нацыянальнай сімволікі — бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня».
Да позняй ночы мы сядзелі з ахоўнікам-міліцыянтам у холе школы нумар 55. Натуральна, разгаварыліся. «А па мне хоць майткі драныя будуць над Домам Урада, галоўнае — каб нармальна плацілі», — са спакойным цынізмам патлумачыў сваю пазіцыю старэйшы лейтэнант. Потым запытаўся:
— А чаму вы па-беларуску гаворыце?
— Бо я беларус.
— …
Пад трохкроп’ем я ўзнаўляю завісанне праграмы ў галаве суразмоўцы. Кшталту: «А я тады хто?».
Твая пазіцыя можа выклікаць і раздражненне, і адкрытую агрэсію. Бо ты як бы намякаеш чалавеку з «таго боку» — а ён хто? Проста нехта? Ці хтосьці? Калі хтосьці — то як можа вызначыцца?
Проста чалавек? Ужо няблага. Тады чаму ён нервуецца з беларускай мовы, якую чуў калі не ад бацькоў, дык ад дзядоў? Ды хоць бы праз абвесткі ў грамадскім транспарце кожны дзень?
Бо яно не прынята — размаўляць беларускай мовай? Традыцыя не такая? Ці дзесьці ўнутры сябе чалавек разумее, што «нешта тут не так», дзесьці ў яго хіба, і яму няёмка гэта прызнаваць?
У Беларусі быць палякам, літоўцам, габрэем ці татарынам — гэта таксама ўчынак. Савецкі каток прайшоў па ўсіх. А быць расейцам?
Неяк я рабіў апытанне на вуліцах Менска. Пытанне было такое: «Ці існуе ў Беларусі расейская дыяспара?».
Сустрэў адну кабету сярэдняга веку, на выгляд і па маўленні настаўніцу вясковай школы. Яна мне адказала па-расейску, але з цудоўным беларускім вымаўленнем:
— Ды што вы! Яны ўсе даўно асіміляваліся!
У зрусіфікаванай Беларусі расейцы асіміляваліся? Так! Бо мова, дакладней, выбар той ці іншай мовы — гэта толькі вынік больш глыбокіх працэсаў.