Выбрать главу

У БССР асіміляваліся амаль усе — увасобіліся ў савецкага чалавека. Таму калі ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х людзі абіралі свае тоеснасці, яны рабілі гэта нанова, амаль з нуля.

Этнічны беларус мог па-расейску плакацца, маўляў, «такую страну развалілі», а сын ці дачка расейскіх інжынераў з Ленінграда перапісвалі ў пашпарце імя паводле беларускай мовы і хадзілі з бел-чырвона-белым значком у касцёл на беларускамоўныя службы (у праваслаўных цэрквах беларускамоўных службаў не было).

«Мяне бацькі навучылі быць культурным», «Мяне бацькі навучылі паважаць іншых», «Мяне бацькі навучылі самастойна думаць».

Быць кімсьці. Быць асобай. Да нацыянальнай самаідэнтыфікацыі ты прыходзіш пасля «я», «сваё», «наша супольнае».

11. Быць беларусам

Аднойчы ў менскім офісе радыё «Свабода» ўручалі прыз пераможцу радыйнага конкурса. Прызам быў сучасны прымач. А атрымліваў яго сціплы мужчына сярэдняга веку. Не грамадскі актывіст, не заўзятар палітычных форумаў, не ўдзельнік якіх-кольвек суполак. Проста работнік на пасадзе загадчыка склада.

— Я за пятнаццаць гадоў працы ў фірме ні разу нікому не казаў, што слухаю радыё «Свабода». Я ўвогуле ніколі не выказваў свае погляды. Ну такі я чалавек — ціхі, можа крыху баязлівы, — сарамліва ўсміхаўся наш пераможца. — І вось аднойчы слухаю ў сябе на складзе перадачу, а тут нечакана для мяне заходзіць дырэктар. Я разгубіўся. Але гляджу, што і ён разгубіўся. Дырэктар тады здзіўлена так кажа: «Дык і ты слухаеш «Свабоду», а я думаў, толькі я адзін у нас такі!»

Гісторыя мне нагадала апавяданне аднаго амерыканскага фантаста. У невялікім гарадку ў бацькоў быў хлопчык, які ўмеў лётаць. Бацькі баяліся, што такая «загана» будзе неадэкватна ўспрынятая грамадствам, таму дазвалялі сыну лётаць толькі ўначы ў садзе, каб ніхто не ўбачыў.

Па сюжэце за колькі гадоў перад тым праз мястэчка прайшла бабуся, кармілася ў людзей, і бацькі думалі, што гэта чараўніца так аддзячыла ім за гасціннасць.

Аднойчы хлопец пайшоў на цэнтральны пляц паглядзець, як на царкву ўсталёўваюць новы крыж. І тут раптам рабочы сарваўся з даху…

Хлопец узляцеў, пачаў цягнуць небараку ўгару, але сілаў бракавала. І тады ўсе прысутныя на пляцы падхапіліся, узляцелі і дапамаглі хлопчыку.

Так я бачу і нас — беларусаў. Можам лётаць, але саромеемся. І толькі ў крытычнай сітуацыі яднаемся адзін з адным.

Севярын Квяткоўскі

1. ПРАТЭСТ

— Выбар беларушчыны для мяне быў яшчэ і пратэстам супраць савецкай ідэалогіі, якая да беларусаў ставілася як да адзінарогаў, нейкіх прыдуманых істотаў. А я не прыдуманы — я ёсць! — У самым канцы васьмідзясятых гадоў у горадзе Менску беларусамі менавіта станавіліся. — Я добра памятаю гэтае пачуццё несправядлівасці і тое адчуванне спраўджанасці, якое даваў мне працэс рэканструкцыі свету. — Мы мелі тады значна большую, чым у цяперашніх чатырнаццаці-пятнаццацігадовых, патрэбу ў пратэсце, і мая дэманстратыўная беларуская мова гэтую патрэбу цалкам задавольвала. На мяне абарочваліся, мне плявалі ўслед, мова шакавала — а мне гэта і было трэба. — Пытанне беларускай ідэнтычнасці, беларускай мовы заўжды было для мяне пытаннем гармоніі з іншымі і з самім сабой. — Быць беларусам — гэта здзяйсняць свае ідэі. — Жаданне быць беларускай — гэта, па-першае, маё жаданне быць сабой. — Гэта былі не раптоўныя змены, а штодзённая праца над сабой. — Чытаў у дзяцінстве беларускія, татарскія, туркменскія народныя казкі, але туркменам не стаў, а стаў беларусам. — Як кожны вясковы хлопец, я адаптаваўся да асяродку: перайшоў на расейскую мову. — Я хацеў быць не як усе. У беларускай мове мяне прывабіла пэўная элітарнасць. — Дыскрымінацыя была шалёная. Нашыя падпітыя хлопцы маглі пабіць проста ля крамы толькі за тое, што нехта не так казаў. — Хацелася актыўнасці, зменаў у жыцці, а таму насуперак шэрай масе і дзякуючы аднадумцам, сярод якіх былі і беларускамоўныя, я сам стаў змяняцца. Беларуская мова была сімвалам гэтых зменаў.

Юры Вінаградаў: Духоўны выбар

— Я прыйшоў атрымліваць пашпарт. Так склалася, што разам з мамай. Быў 1985 год. Чыноўніца пашпартнага стала будзённа задавала пытанні. Калі яна запаўняла графу «нацыянальнасць», я ні секунды не вагаўся і адказаў: «Беларус!»

Адразу ў цішы кабінета прагучаў кінематаграфічны, з добра пастаўленым голасам крык мамы: «Юрачка, падумай, гэта ж на ўсё жыццё!»

* * *

Мой дзед па маці ваяваў у Арміі Краёвай і часам распавядаў мне пра савецкіх партызанаў рэчы, якія не супадалі з афіцыйнай ідэалогіяй.