Выбрать главу

– Ты вельмі мудрая жанчына, Ганна-Марыя, ты маеш рацыю і прыгожыя сіські, – сказаў Жан-Поль сваёй нарачонай і пацалаваў яе ў вусны ля дзвярэй ЗАГСа.

Яны жылі доўга і шчасліва і памерлі ў адзін дзень. У дзень свайго вяселля. Ад палёнай гарэлкі.

ДРУГАЯ ЧАСТКА
Аист

На першым узі Марыі сказалі, што ў яе будзе ровар. Як ровар, здзівілася яна. Ну вось, самі паглядзіце, раздражнёна вымавіў лекар і павярнуў манітор да жанчыны. Нешта не вельмі на ровар падобна, недаверліва сказала Марыя, углядаючыся ў экран. Ну паглядзіце, вось рама, вось тут пачынаюць расці колы, вось зародак руля, вось маленькія фары, карацей, добры ровар, развіваецца як след. Марыя нейкі час памаўчала, а потым сабралася з сіламі і запытала, а гэта горны ці шашэйны. Ну, пакуль цяжка сказаць, рама яшчэ не да канца сфармавалася, прыходзьце праз 8 тыдняў, скажам больш дакладна, вы, галоўнае, не хвалюйцеся, пакуль усё ідзе як трэба. Галоўнае, зараз больш гуляйце, ешце гранаты, фінікі, хурму, часцей бывайце на свежым паветры, піце салідол, ну, карацей, вы і самі ўсе добра ведаеце.

Марыя выйшла з кабінета, на калідоры яе чакаў муж. Ну што, запытаў ён, хто там, хлопчык ці дзяўчынка. Пакуль невядома, адказала Марыя, рама яшчэ... Якая рама, здзівіўся муж... Лепей сядзь, дарагі, сказала Марыя і паклала руку на плячо мужу, карацей, не ведаю, як гэта атрымалася, але лекар сказаў, што ў нас будзе ровар... Некаторы час ён маўчаў, потым занёс руку, каб ударыць жонку, але стрымаўся і моўчкі пайшоў па калідоры да выйсця. Марыя закрыла твар рукамі, села на лаву ля нейкай пузатай жанчыны, тая абняла яе, і яны разам заплакалі. Цяжарныя вельмі добра разумеюць адна адну.

Кантроль

Я ехаў у тралейбусе ва ўнівер па веды. Ну, пакінуў учора трошкі на падваконні ў сталоўцы, трэба забраць. Спадзяюся, ніхто іх не прысабечыў. Вось калі б я знайшоў нечыя веды, то ў той жа момант здаў бы іх на вахту ці павесіў бы аб'яву дзе-небудзь ля раскладу з залікамі і ўсё такое, але сёння людзі ўжо не тыя, сцягнуць усё, што дрэнна ляжыць, і не пачырванеюць, а потым будуць думаць: нафіга, нафіга нам гэтыя эйчціэмэль коды і алгарытмы малявання кельцкіх узораў у Corel Draw X3, але я нешта адступіў ад тэмы. Я не пра тое хацеў расказаць.

Карацей, ехаў я ў тралейбусе, чытаў кніжку, боўтаў нагамі і нават не заўважыў, як у тралейбус зайшлі кантралёры. Гэты іхні новы дызайн вопраткі мне зусім не падабаецца, у ім яны зліваюцца з шэрым менскім, дакладней, мінскім наваколлем. Мне чамусьці зрабілася боязна, ну, думаю, зараз пачнецца, скажуць, прывітанне, як справы, куды едзеш, чаму толькі на другую пару, што чытаеш, а дзе купіў, колькі каштавала, а дасі потым пачытаць, мы вернем, ты не бойся, не бойся, Андрэю, усё будзе добра, надвор'е наладзіцца, праца знойдзецца, сесія здасца, потым дыплом, а там ужо рукой падаць да шчаслівай і бесклапотнай пенсіі, да Стыкса і Леты… карацей, як заўсёды, не люблю я гэтых кантралёраў, любяць яны мазгі кампасіраваць. Вырашыў зрабіць выгляд, што мяне няма, можа, абыдзецца. Я заплюшчыў вочы, уявіў, што знаходжуся ў ледзяной пячоры, а там пінгвіны вараць юшку, водзяць карагоды вакол елкі, чакаюць, пакуль загарыцца калядная зорка. Яны ўсміхаюцца, клічуць мяне да сябе, а я кажу: не, даруйце, сябры-пінгвіны, справы, неяк іншым разам.

Калі я расплюшчыў вочы, кантралёраў ужо не было, можна было зноў рабіць выгляд, што я ёсць.

Шчаслівы канец

У панядзелак я прачнуўся п'яны, у вачах дваілася, галава кружылася, але настрой усё адно быў добры, хацелася спяваць, танчыць, размаўляць па душах, але побач нікога не было. Тады я вырашыў патэлефанаваць Кірылу. Гэта, здаецца, ён прыпёрся да мяне ў сон, напаіў каньяком і некуды знік.

Алё, сказаў я ў слухаўку і пачуў ахрыплы мужчынскі голас. Ты што, ужо з раніцы п'яны, запытаў я сябра і гучна ікнуў. Не паверыш, прамовіў Кірыл, сёння ў сне не памятаю з кім так нафігачыўся каньяку, што дагэтуль п'яны. Ледзь на нагах стаю. Баюся, у метро не пусцяць, давядзецца на ровары на працу піліць. Кірыл хацеў яшчэ нешта сказаць, але я ўжо паклаў слухаўку.

У аўторак прачнуўся з поўным носам сопляў. У сне ў мяне была свіданка з Вольгай. Мы хадзілі ў тэатр, потым у рэстаран, затым гулялі басанож пад дажджом. І, можа, усё было б добра, калі б не кастрычнік… Калі патэлефанаваў Вользе, мне адказаў ахрыплы мужчынскі голас. Кірыл, здзівіўся я. Вольга, адказаў голас, я захварэла.