У сераду прачнуўся стомленым, але задаволеным, адзенне было раскіданае па падлозе, уся шыя ў засосах, спіна раздрапаная. Ля кампутара – кампакт дыск, на ім чорным маркерам напісана: “Шчаслівы Канец”. Я ўсунуў дыск у сідзіром. Там, што ў прынцыпе было прадказальна, апынулася парнуха, ды не проста парнуха, а са мною у галоўнай ролі. Я пачаў паволі згадваць апошні сон.
У чацвер прачнуўся без рукі, але ніяк не мог згадаць, што сніў. Можа, я быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, можа, жорсткім гераіншчыкам, а можа, проста персанажам п'есы Хармса.
На наступны дзень я не прачнуўся, бо прысніў, што памёр у сне.
Вось у аўторак я зусім не піў, вечарам лёг спаць і хутка заснуў. У сон прыйшлі мае сябры з “кантакта”, і мы напіліся. Так, што нават галава ўранку балела, а ў роце пякельна сушыла. Потым я зноў заснуў і бачыў ужо іншы сон, пра тое, як тата прывёз мне з Масквы гранату.
– А яна сапраўдная? – запытаў я і вырваў чаку.
– А хрэн яе ведае, – адказаў тата.
І тут я зразумеў, што сапраўдная і што мне піздзец. Я пабег у прыбіральню, кінуў гранату ва ўнітаз, змыў. Абышлося, падумаў я. Праз некаторы час да мяне прыйшлі сварыцца суседзі знізу. У аднаго не было рук, другі трымаў іх. Я вырашыў, што лепей прачнуцца, пакуль мне не надавалі дзюлей адарванымі гранатным выбухам рукамі.
Зайшоў я неяк ва ўніверсітэт, стаў каля акна і задумаўся. Раптам на процілеглым баку калідора загарэлася нейкае чырвонае святло, маска смерці, падумаў я, яна хутка набліжалася, а калі была ўжо зусім блізка, я пазнаў у ёй твар загадчыка кафедры. Параўняўшыся са мною, ён спыніўся на імгненне, навёў на мяне палец і грозна прамовіў: ДЗЯРЖРАЗМЕРКАВАННЕ!, а потым гэтак жа шпарка рушыў далей, спачатку я хацеў дагнаць яго, запытаць, як справы, што-небудзь пра заяўкі, вольны дыплом ці лепей проста адваліць яму падсрачніка, але ён быў вельмі шпаркі, напэўна, таму яго загадчыкам кафедры і ўзялі.
Зайшоў я яшчэ раз ва ўніверсітэт (у той жа самы, але недзе праз тыдзень), трэба было недзе падумаць, і зноў сустрэў загадчыка кафедры. Гэтым разам ён чакаў мяне ля ўвахода, я цябе размяркую туды, адкуль не вяртаюцца, сказаў мне ён замест таго, каб абняць і паціснуць руку. На Курылы, працягнуў ён свой спіч, у мяне шмат заявак, і ўсе з Курылаў, і ўсе на цябе, ты там загнешся, ты адтуль не вернешся, прамовіў ён, перавальваючыся з наскоў на пяткі, робячы спробы надаць вагу сваім словам з дапамогай рытмічных рухаў тулава. Яго фігура не толькі выглядала, але і шманела, як чырвоная маска смерці. Спачатку я хацеў пагаварыць з ім сур'ёзна, каб ён расказаў мне пра рэальную сітуацыю з заяўкамі, пра магчымасці атрымання вольнага дыплома, ці проста разбіць яму нос, ці акуляры, ці лепей і тое, і другое, але ён вельмі шпарка апынуўся ўжо на іншым канцы калідора. Шпаркі, падумаў я, напэўна, за гэта яго загадчыкам кафедры і ўзялі.
Жыццё нібыта наладжваецца. Я атрымаў невялічкую спадчыну, якую пакінуў мне малазнаёмы далёкі сваяк, знайшоў працу, няхай і нізкааплочвальную, але яна, пэўна, выратуе мяне ад размеркавання. З асабістым жыццём, здаецца, таксама ўсё ў норме, раны на сэрцы зажываюць, любая – найлепшая дзяўчына ў БССР, ды і каханка таксама нічога, недзе з першай сотні. Сябры на мяне не забываюцца, рэгулярна тэлефануюць, пытаюцца пра як справы, запрашаюць у госці, кіно ці тэатр. Кошты на алкаголь стабільныя, мой драгдылер працуе спраўна: кожную суботу прыязджае да мяне на ровары. Ды і надвор'е на вуліцы цудоўнае, залатая восень, сонейка, неба блакітнае, можна днямі гуляць у парку, піць піва, збіраць каштаны, кідацца лістотай і ўсё такое. Усё было б зусім добра, каб не гэты Канец Света, які, калі верыць навінам, адбудзецца заўтра, недзе пасля абеду па Грынвічы.
Большасць летніх вечароў я правёў ля рэчкі з пляшкаю піва. Я сядзеў на лаве, глядзеў на ваду і прыдумляў тэксты. Запісваць нічога не хацелася, таму я пакідаў тэксты ў галаве, на валасах, але сёння я схадзіў у цырульню і большасць маіх тэкстаў цяпер там, засталіся толькі некаторыя ўрыўкі.
Я сядзеў ля векавечнага Нёмана, чакаў труп майго ворага, паліў і піў піва. Раптам з іншага берага данесліся спевы Веркі Сярдзючкі. Няўжо, падумаў я, так хутка, я яшчэ піва нават не паспеў дапіць, а ён ужо плыве і яшчэ Сярдзючку слухае, уёбак.
Потым я пабачыў Ладдзю, але калі быць шчырым, гэта была не зусім Ладдзя, так, стары раз'ябаны цеплаход “Вольга Соламава – піянер-герой”. А, падумаў я, гэта не мой вораг, гэта проста зноў стары Ра са сваімі блядзямі вязе кантрабанднае сонца на захад, у Літву, каб там перадаць сонца ў рукі іншых, больш дасведчаных кантрабандыстаў.