На развітанне ўсе гоп-фашысты паціснулі мне руку і зніклі ў невядомым кірунку, мы нават не абмяняліся і-мэйламі, я так і не даведаўся, як ставяцца да цябе людзі ў гэтым маркотна-гавёным свеце, калі бачаць, што твар твой разбіты.
Калі чытаеш кнігу, надпісы ў зносцы раптам ператвараюцца ў бягучы радок, які рэкламуе найлепшыя ў свеце гранітныя помнікі. Калі за год на лесвічнай пляцоўцы памірае ўжо другі чалавек ва ўзросце да пяцідзесяці, калі боты прамакаюць, маланка на куртцы зламалася і не зашпільваецца і ты мерзнеш так, нібы на вуліцы жахлівыя маразы, тады да цябе прыходзіць апатыя, млявасць і абыякавасць да жыцця. Хочацца зрабіць сабе харакіры, але ты нешта ніяк не можаш адшукаць самурайскі меч, бо не прыбіраўся ўжо тыдні тры – а таму што ўжо зробіш, неяк жывеш, чакаеш лета.
Надзвычай файна прачынацца ад таго, што яркае сонейка, няхай сабе халоднае і зімовае, свеціць табе скрозь бруднае акно ў вочы. Гэта нашмат лепей, чым калі ты прачынаешся ад пякельнага болю ў галаве, ці ад таго, што нехта правёў у тваім роце меліярацыю. Гэта куды лепш, чым абуджацца праз нос, забіты соплямі, ці горла, у якім заселі нажы, а ўлічваючы тое, што да ўсяго іншага пазваночнік і астатнія косткі, відаць, вось-вось разваляцца, ты баішся падняцца, каб адплявацца і адсмаркацца. Прачынацца ад сонейка куды лепш, чым ад холаду. Гэта лепей, чым прачнуцца ад таго, што зваліўся з верхняй паліцы ў цягніку, ці ад таго, што правадніца за гадзіну да канцавога пункта, а шостай раніцы, трасе цябе за плячо і крычыць ў вуха нешта пра гарбату і пасцельную бялізну. І ўжо дакладна гэта нашмат лепей, чым прачынацца ад гуку будзільніка, з якім немагчыма дамовіцца, ці ад таго, што бацькі, як заўсёды, сварацца перад тым, як сысці на працу.
Пэўна, толькі тады, калі ты прачынаешся ад пацалунка ў вуха, гэта лепей за сонейка, нават летняе і цёплае, што свеціць табе ў вочы праз бруднае аконнае шкло.
На платформе станцыі метро “Аўтазаводская” нікога не было, апроч мяне і самотнага бамжа, што ляжаў на лаве і паліў. Раптам з тунэля вылецеў цягнік з трыма ліхтарамі, падобнымі да сонцаў, але ён не спыніўся, а ўсё ехаў, ехаў і ехаў. Вагоны праносіліся міма мяне з неверагоднай хуткасцю, пачыналіся яны недзе ў Нідзе і цягнуліся да Канца Света. Я не ведаю, адкуль узяўся цягнік і куды ён падзеўся, але я хачу пажадаць вам, каб вашае каханне было такім жа бясконцым, каб яно, калі вы аптыміст, доўжылася ўсё жыццё, ці хаця б да труны, калі вы песіміст.
Сёння мяне злавіў кантралёр, прычым двойчы, прычым адзін і той жа, прычым на працягу пяці хвілінаў. Справа ў тым, што я рашуча адмовіўся выплочваць штраф, ці хаця б набыць квіток, ці хаця б скласці пратакол, таму кантралёр проста прагнаў мяне з аўтобуса. Я сеў у другі аўтобус, што ехаў за аўтобусам, у які сеў кантралёр, але на наступным прыпынку кантралёр выйшаў з першага аўтобуса, з якога толькі што вышпурнуў мяне, і зайшоў у аўтобус, на які я перасеў. Мне яшчэ раз давялося тлумачыць, што грошай у мяне ўсё адно няма, ані на штраф, ані на талончык, што дакументаў няма і што мяне ўвогуле самога няма, што я толькі пахмельная галюцынацыя, а ён, канчэдал хуеў, стаіць тут і размаўляе з кампосцерам, патрабуе ў яго нейкі штраф. Не ведаю, ці паверыў мне кантралёр, бо тут якраз падаспеў мой прыпынак, але, калі б я застаўся, думаю, я б на ўласным досведзе ўпэўніўся, што ягоны слоўнікавы запас не горшы, а месцамі нават багацейшы за шавецкі ці там будаўнікоўскі.