Выбрать главу
Пра адмену ільготаў

Учора ездзіў у госці па ільготным талончыку, а вяртаўся па жэтоне за поўны кошт. Прычым у метро я зайшоў у 0:03. За гэта да канца свайго жыцця я буду помсціць крываваму рэжыму – больш ніколі своечасова не аплачу праезд і напішу сотню апавяданняў пра адмену ільготаў.

  Батарэі

Калі я фарбую батарэі, мне заўсёды робіцца весела. Не толькі таму, што фарба ўтрымлівае ўсялякія смешныя наркатычныя рэчывы, але яшчэ і таму, што рознакаляровыя батарэі – гэта вельмі прыгожа. Вось паглядзіш на такую ружовую храновіну – і адразу згадваюцца мяхі акардэона і нейкая французская песня Яна Цірсана, і на душы робіцца цёпла і чыста, як у іншай, але ўжо ўкраінскай песні.

Калі я фарбую батарэі на лесвічнай пляцоўцы, гэта адразу ж ператвараецца ў спевы і танцы на нашым паверсе – не толькі таму, што фарба ўтрымлівае ўсялякія смешныя наркатычныя рэчывы, але яшчэ і таму, што гэта ж прыгожа. “А-ёй, – кажа мая суседка па лесвічнай пляцоўцы, калі я заканчваю працу, – проста як у метро”.

Апошні раз я пафарбаваў батарэі ў колер майткоў маёй любай дзяўчыны: у чырвоны з маленькімі белымі кветачкамі. І калі мне сумна, я гляджу на гэтую батарэю і мне робіцца хораша, але справа тут ужо не ў французскіх песнях і не ў смешных рэчывах у фарбе.

Семкі

Каля крамы сядзела бабулька і прадавала семкі. Я хацеў набыць сабе трошкі, але яна заснула. Таму, каб не турбаваць лішнім разам бабулю, я сам узяў сабе семак. Калі я зайшоў у памяшканне, семкі запікалі. Напэўна, яны былі намагнічаныя. Бабулька прачнулася і залямантавала. Мяне адразу забралі ў міліцыю, дзе я прапрацаваў чатыры гады, за якія паспеў злавіць 321 аднаго злачынцу, канфіскаваць 640 бутэлек гарэлкі, 231 – партвейну, 900 пачак цыгарэтаў і разагнаць дзесяць мітынгаў апазіцыі. Я атрымаў дзяржаўную ўзнагароду, медаль за адвагу імя Марыі Юдэйскай і з пачуццём выкананага перад грамадствам абавязку сышоў з міліцыі, каб набыць у краме піва і семак.

Пакіньце дачытаць

Я сядзеў у парку і чытаў кнігу, калі раптам да мяне падышоў бомж, ад якога моцна несла друкарскаю фарбаю. Ён нёс велічэзны заплечнік і два пакеты. Пэўна, ён цягаў іх за сабою, каб яго не знесла ветрам, бо быў надзвычай худы і кволы. Здавалася, у любую хвіліну ён можа разваліцца на вялікую колькасць дробных кавалкаў, з якіх потым першакласнікі будуць складаць непрыстойныя словы.

– Прабачце, а пакіньце, калі ласка, дачытаць, – прамовіў бомж, папраўляючы свае акуляры і не выпускаючы пакетаў з рук.

– Але ж у мяне яшчэ больш за палову. Пачакайце троху, я хутка сыду і пакіну кнігу на лаве, – адказаў я.

– Лепей вы мне патэлефануйце, – сказаў бомж і працягнуў сваю зробленую з кніжнай старонкі візітоўку, на якой былі два нумары: адзін вэлкомаўскі, а другі эмтээсэсаўскі.

– Добра, – адказаў я, – а як увогуле жыццё, чаго сёння назбіралі?

– Ат... з большага папсня: Усцінава, Данцова, Нязнанскі, Хадановіч, Даніэла Сціл, Марыніна... Ну, я пайду, не забудзьце патэлефанаваць.

– Канечне. Удачы.

Новы год

Пасля Новага года з ежы застаўся толькі кетчуп і штучны бессахарынавы цукар у таблетках, якім мы цяпер і сілкуемся. Успамінаў увогуле ніякіх, толькі бясконцае храбусценне пластыкавых шкляначак і стрэлы шампанскага, перамешаныя з выбухамі гавёнай піратэхнікі. Замест падарункаў – пустыя бутэлькі, каляровыя бліскучыя абгорткі ад цукерак і падраныя канверты. Елка і шафа паваленыя на бок, дыван прапалены недапалкамі, запэцканы воскам ад свечак, маянэзам і яшчэ нейкай хрэнню. Дзед Мароз ляжыць у прыбіральні з абванітаванай барадою і акрываўленым мурлом. У пабітае акно кухні залятае халоднае свежае зімовае паветра і першыя за апошнія паўгода сонечныя промні, гледзячы на якія, разумееш, што ўсё будзе добра, бо ў новым годзе інакш і не можа быць.

Хармс

Я засынаў і чытаў Хармса, шмат Хармса, 92 старонкі ў цвёрдай вокладцы з выдатным пераплётам, суцэльнага Хармса. Сніў Хармса, прачнуўся і зноў чытаў Хармса. Снедаў і чытаў Хармса. Па тэлевізіі глядзеў аўтарскую перадачу пра Хармса. Пайшоў на працу і ў тралейбусе чытаў Хармса: не саступіў ніводнага месца, нават інваліду, што згубіў нагу ў трыццаць чацвёртым (Ангарская-4 – Зялёны Луг-7), нават цяжарнай жанчыне, маці-гераіні, што збіраецца нарадзіць ужо трэцяга хлопчыка з прыроджанай гераінавай залежнасцю, нават не прабіў аніводнага талончыка, бо ўсе былі скарыстаныя замест туалетнай паперы ў прыбіральні на вакзале, дзе я між іншым нервова паліў танныя папяросы і чытаў Хармса. На працы я клеіў канверты з прачытаных 136 старонак Хармса, а ў абедзенны перапынак зноў чытаў Хармса. Потым я ехаў дамоў на аўтобусе і чытаў Хармса, нават выпадкова саступіў адно месца, бо мне трэба было перасесці на іншы аўтобус, у якім я дачытваў 204-ю старонку Хармса. Потым я прыйшоў дадому, зайшоў у прыбіральню, а там сядзіць Хармс і чытае мяне... Вось чаму я сёння цэлы дзень ікаў.