Выбрать главу

– Добра, тады запішам цябе ў кавалерыю. Вас навучаць змагацца з няўзброеным ворагам у гарадскіх умовах.

Мая служба прайшла як адзін дзень, і праз 18 месяцаў я вярнуўся дадому ў блакітным берэце са сланечнікам. Пасля арміі я без цяжкасцяў здаў уступныя іспыты (стральбу, падцягванне і гісторыю Беларусі) ў акадэмію МУС, дзе з мяне павіны былі зрабіць дыпламаванага мусара. Пасля заканчэння акадэміі мяне размеркавалі ў КДБ, бо я вельмі добра страляў і падцягваўся.

На сёмы дзень маёй працы да нас дайшла інфармацыя, што апазіцыя мае нейкія новыя значкі і налепкі, якіх яшчэ няма ў нашым музеі. Акрамя гэтага Сяргей Міхалок, што жыве цяпер на Гандурасе, са спецслужбамі якога мы, на жаль, не маем дамоўленасцяў, нейкім неверагодным чынам закінуў у нашу краіну стос кружэлак з нейкімі надзвычай абразлівымі песнямі, што сёння актыўна развучвае апазіцыя. Мы атрымалі заданне канфіскаваць некалькі экзэмпляраў новых значкаў і налепак для музея, знішчыць кампакт-дыскі з песнямі Міхалка, а за кампанію самога спевака і ўсіх, хто паспеў развучыць ягоныя песні. Каб справакаваць апазіцыю на актыўныя дзеянні, мы вырашылі зладзіць Дзень горада.

Святкаванне ішло як заўсёды, мы запусцілі ў неба колькі чырвона-зялёных дырыжабляў, паветраных шароў і змеяў. У паветра паднялася сельскагаспадарчая авіяцыя і пачала паліваць горад чырвоным і зялёным дажджом пестыцыдаў. Па галоўным праспекце, якому нарэшце вярнулі аўтэнтычны назоў Гаўпштрассэ, на ружовых камбайнах ехалі трансвестыты, а на блакітных трактарах гомасэксуалісты везлі лесбіянак, што падкідвалі ўгору чырвоныя і зялёныя ружы. З гарадскіх фантанаў замест вады лілося піва “бобров”. Ансамбль “сябры” ладзіў свой традыцыйны open-air ля Палаца рэспублікі. Усім было весела, акрамя яе. Яна ішла па Новамашэраўскім праспекце, пераступаючы цераз п'янтосаў, што з апошніх сіл павыпаўзалі з фантанаў, і ўхілялася ад чырвона-зялёных блазнаў, што прапаноўвалі сцяжкі і “савецкую беларусію”. Яна ішла з боку Новамашэраўскага праспекта і неяк хісталася. Яна спрабавала перакрычаць шматтысячны натоўп і музыку з вялізарных рэпрадуктараў, яна нешта спявала. Я падышоў бліжэй і зразумеў, што гэта песні з новага альбома Міхалка. Памылкі быць не магло – бэнээфаўка.

Я акружыў яе з усіх бакоў, але, пабачыўшы твар, анямеў. Гэта была яна, Алена... Апошні раз я бачыў яе на той злашчаснай карпапартыйнай вечарыне, калі мяне выключалі з партыі. Я яе некалі вельмі кахаў, але ж партыю я кахаў болей. Божухна, Божа, я зусім забыўся пра тое жыццё, я зусім забыўся, дзеля чаго вучыўся ў акадэміі МУС і пайшоў працаваць у КДБ. Зараз... зараз я ёй усё раскажу, яна зразумее, яна дапаможа, яна... яна...

– Але.. – хацеў пачаць я размову, але... але... але атрымаў ад Алены нажом у сэрца, ля якога я некалі насіў значак “за свабоду”, праз які маё жыццё радыкальна змянілася, праз які я тут вось ляжу... у крыві... у чырвонай крыві і зялёных штанах. “Будто кто-то мне в кабацкой драке саданул под сердце финский нож...” – гэта быў яе любімы верш. Яна часцяком чытала яго мне, калі мы заставаліся адныя і ніхто не мог пачуць, як мы размаўляем па-расейску...

Праз некалькі хвілінаў да Алены падышлі людзі ў цывільным, хутка сарвалі з яе ўсе ейныя значкі і нават джынсавую стужку і ўцяклі ў невядомым кірунку. Алена не вытрымала гэткай ганьбы, хутка нанесла сабе два ўдары: ад дыяфрагмы да пупка першы і ад правай да левай рабрыны другі. Яна ляжала ў некалькіх кроках ад мяне... у крыві... у чырвонай крыві і белай сукенцы.

Экзістэнцыяльнае

У мяне на воку ячмень, у роце рэжацца зуб мудрасці, гэтай ноччу я амаль не спаў, баяўся прысніць, што памёр у сне, і не прачнуцца. На пары трэба было да паловы на дзявятую, я спазніўся, быў вымушаны сядзець на першай парце і рабіць усё магчымае, каб лектарка не заўважыла, як я сплю з адкрытымі вачыма і пры гэтым яшчэ раблю выгляд, што вяду канспект. У маім жыцці нічога не наладжваецца, ні табе спадчыны ад далёкага малазнаёмага сваяка, ні працы, ні драгдылераў, ні канцоў свету. Карацей, настрой апошнія некалькі дзён (ці гадоў?) ніжэйшы за плінтус. Адзінае, што ў гэтым жыцці радуе, дык гэта мой сябра ровар, сёння мы з ім паехалі катацца, спачатку завіталі “На фантаны”, набылі сабе Янку Апдайка ў нейкай стромнай вокладцы, потым уздоўж Партызанскага праспекта папілілі ў Чыжоўку. Калі я ўжо ўдосталь накатаўся і збіраўся педаліраваць дамоў, заўважыў на праезнай частцы старую ваенную біклагу колеру хакі, спыніўся ля яе, пачаў разглядаць, раптам яна варухнулася, потым з біклагі вылезла галава, потым хвост і чатыры лапы. Калі я нахіліўся, каб падняць дзіўную біклагу, яна пабегла, добра, што я быў на ровары, а тое б уцякла.