Выбрать главу

Калі я паказаў сваю знаходку Віялеце, яна сказала, што ніякая гэта не біклага, а чарапаха. І сапраўды, чарапаха, зразумеў я, калі прыгледзеўся. Тады я падумаў, Андрэй, чувак, чарапах проста так на вуліцы не знаходзяць, паглядзі, як ты жывеш, так жыць нельга, трэба выпраўляцца, трэба паспець, трэба паспець...

Імя

Віялета хоча назваць чарапаху Дружком, але я кажу ёй, што аніводная чарапаха, якая сябе паважае, не адгукнецца на такую нягеглую мянушку. Аніводная чарапаха, пачуўшы “Дружок”, не кінецца на шыю гаспадару, каб вылізаць ягоны твар і тым больш ніколі не прынясе яму тэпці ў зубах. Карацей, гэта нейкая дурацкая мянушка. Тады, можа, Жучка, прапануе Віялета, а што, давай, кажу. Жучка зусім іншая справа, Жучка – гучыць.

Цяжкое пытанне

А кім будзе ваша чарапаха па веравызнанні, цікавіцца мама. Напэўна, каталічкай, гаворыць Віялета, бо я ж спадчынная каталічка. А што б ты параіў, Галляш, пытаю я. Як IT-спецыяліст, які верыць толькі ва ўсёмагутную навуку і легалізацыю марыхуаны, кажа ён, магу параіць вам занесці жывёліну ў Акадэмію навук, дзе яна спакойна прыме атэізм. Але пры чым тут легалізацыя марыхуаны, пытаю я. А што, ты супраць, здзіўляецца Галляш. Ты ж сам ведаеш, кажу. Ну дык і ўсё, мовіць Галляш.

Калі б у мяне быў чарапаха, я б зрабіла яму абразанне, кажа нам Надзея, калі мы расказваем ёй пра дылему. Хіба гэта магчыма, пытаю я. Тра-та-та, кажа яна, ты не ўяўляеш, на што здольная сучасная хірургія, асабліва за дзвесце баксаў. Але нашая чарапаха – дзяўчынка, Жучка, разумееш. Тады не ведаю, кажа Надзея.

Зрабіце з яе лепей будыстку, сказаў нам Віктар, калі мы зайшлі да яго ў госці, няхай пазнае дзэн і ўсё такое. А што такое дзэн, пытаю я. А хуй яго ведае, мовіць Віктар, давай яшчэ лепей вып'ем. Давай, кажу я. “Дзэн-н-н-н-нь”, звіняць кілішкі.

Зрабіце з чарапахі суп, умешваецца ў гутарку Пятровіч, не, лепей попельніцу, папраўляецца ён пасля таго, як чарапаха насрала яму на далонь...

Не ведаю, кім будзе нашая чарапаха, але веравызнанне, здаецца, не мае асаблівага значэння, бо нахрана ўсе гэтыя пасярэднікі ва ўзаемаадносінах з Богам? Галоўнае, каб з яе вырасла харошая чарапаха, а гэта залежыць ужо толькі ад яе самой і добра збалансаванай дыеты.

Самацэнзура

У метро я амаль не бываю, а ў верхнім транспарце езджу выключна без талонаў, таму ў кішэнях у мяне заўсёды збіраецца шмат дробязі. Я прыходжу дадому і раскладваю яе ў стосікі: соткі да сотак, дваццаткі да дваццатак, дзясяткі да дзесятак, а потым зноўку ўсё перамешваю. Часам я ўсё ж такі вымушаны карыстацца паслугамі метрапалітэна, тады я бяру ўсю гэту дробязь і купляю на яе жэтоны. Сёння быў менавіта такі дзень. Я прыйшоў на станцыю метро “Магілёўская”, сунуў у акенца касы шэсцьсот рублёў соткамі, шэсцьсот рублёў пяцідзясяткамі і шэсцьсот рублёў дваццаткамі. Касірка пачала нервова лічыць усё гэтае дабро. Недзе на тысяча дзвесце саракавым рублі яна не стрымалася і сказала: “Табе, напэўна, нехта дапамагаў грошы сюды несці”. Гэта не вельмі прыветна з яе боку, гэта проста нейкае хамства, мне не падабаецца, калі да мяне так звяртаюцца, таму я разбіў шкло, схапіў яе за валасы, некалькі разоў гахнуў аб стол і плюнуў у вочы, потым паставіў ракам і адпярдоліў, але, праўда, усё гэта адбылося толькі ў маёй фантазіі. Насамрэч, я проста зло на яе паглядзеў і паслаў на хуй, але зноў жа моўчкі. Потым я дастаў з кішэні маркер і згодна са старой і добрай традыцыяй напісаў на жэтоне тое слова, куды паслаў касірку, але гэтым разам ужо па-сапраўднаму.

Недапалкі

Не быў у Горадні паўгода. Тут шмат чаго змянілася, перафарбавалася і паперакрылася. Зачынілі Стары мост, ад чаго транспарт ходзіць нейкімі дзіўнымі, нязвыклымі для мяне маршрутамі. Дабудавалася Савецкая, там павесілі клёвыя ліхтары, адчынілі “Связной-З”, а забухаць там, апроч “Чабурэчнай”, так і няма дзе. Але нічога, прыйдзем мы яшчэ да ўлады, будзе ў нас Савецкая з бардэлямі і шлюхамі ў нацыянальных касцюмах.

А ў нашым пад’ездзе, у шматкватэрным доме, які ўжо і не надта на ўскраіне, бо Гародня жарэ вёску за вёскай, на пляцоўцы між чацвёртым і пятым паверхам валяюцца яшчэ летнія недапалкі, якія мы з Віялетай недапалілі паўгода таму.

На прыпынку

На прыпынку, дзе я чакаў аўтобус, якім заўсёды езджу, у якім мяне ўжо ведаюць усе кантралёры і таму дазваляюць не купляць білет, я сустрэў люмпена, якога, як было бачна здалёк, жыццё добра пацягала за яйцы. У яго быў ліхтар пад вокам і пабітая губа. Спачатку ён папрасіў у мяне цыгарэту, а потым прапанаваў скінуцца на віно. Але я адмовіўся, сказаў, што еду ва ўнівер, бо не хачу стаць такім канчадалам, як ён, і таму мне патрэбна вучыцца, дый увогуле мама не дазваляе бухаць з незнаёмымі чарніла за 2400. Люмпен адказаў, што таксама некалі вучыўся ў каледжы, універы і акадэміі, але яму гэта не надта дапамагло. Потым ён падумаў трошкі, дадаў, маўляў, так, ён верыць, што ў мяне ўсё ў жыцці ўдасца, і заскочыў у апошнія дзверы тралейбуса, куды, калі верыць маёй маме, заўсёды садзяцца розныя п'янтосы і іншыя асацыяльныя элементы. Няўжо ў нашай краіне столькі асацыяльных элементаў, думаў я ў дзяцінстве, калі заходзіў у сярэднія дзверы, бо ў пярэдніх пхаліся інваліды і пасажыры з дзецьмі. Калі я паступіў ва ўнівер, то звязаўся з дурной кампаніяй і цяпер сам сядаю выключна ў апошнія дзверы, як той люмпен, якога я сустрэў на прыпынку.