Выбрать главу
Sztuka kochania

Калі наводзіў парадкі ў кватэры, выкідваў непатрэбныя раздрукоўкі, што назбіраліся ў мяне за чацверты курс і ўсё такое, знайшоў вельмі цікавую кніжку Міхаліны Віслоцкай пад назовам SZTUKA KOCHANIA, якую я аднойчы набыў у букіністычнай краме. Адкуль узяўся “Букініст” у такім быдла-пралетарскім раёне як Аўтазавод, мне невядома. Таксама незразумела, як у гэтай краме сярод пакрытых пылам фаліянтаў Данцовай, Марынінай, Нязнанскага, Хадановіча апынулася кніжка на польскай мове, якая насамрэч прысвечаная справе даволі бруднай, хаця і значна цікавейшай за каханне.

Нягледзячы на тое, што кніга напісаная польскай мовай, якой шмат хто не ведае, яна (кніга) была б даволі цікавай і карыснай шырокаму колу чытачоў, бо там багата малюнкаў, якія, напэўна, у свой час зрабілі з зацюканых і занядбаных палякаў, што нават з групы на чэмпіянаце Еўропы выйсці не могуць, сапраўдныя сэкс-машыны. Але істотная недакладнасць гэтых малюнкаў не змагла схавацца ад майго пільнага і натрэніраванага вока. У месцах, дзе прыведзеныя пазіцыі, у якіх можна займацца сэксам, мужчына, носьбіт светлага і добрага пачатку, намаляваны чорным, а жанчына, поўная яго супрацьлегласць – белым, але на гэта можна ў прынцыпе не звяртаць увагі. Яшчэ канечне можна было б паразважаць пра праблему расавай чысціні, але ну яго ў сраку гэты агалцелы расізм.

5 рэчаў, якія я не ўмею рабіць

1. Я не ўмею спяваць ці граць на музычным інструменце.

Некалі я ўмеў граць на акардэоне, выступаў нават сольна на канцэрце, прысвечаным змяненню канстытуцыі ў 1996, аблажаўся і болей сольна не выступаў. Потым я граў у ансамблі. Недзе ў старых фотаальбомах ёсць фоткі, дзе я рву мяхі ў блакітным нацыянальным касцюме, саламяным капелюшы і чырвоных кедах. Але гэта было вельмі даўно. Я не браў у рукі інструмент гадоў сем.

Са спевамі ў мяне ўвогуле бяда. Спачатку мяне выгналі з хору і адправілі ў зводны хор, дзе былі адны лузеры-няўмекі, але і сярод іх я не прыжыўся. Карацей, мядзведзь, пэўна, не проста наступіў мне на вуха, а зрабіў са мною нешта нашмат горшае, тое, пра што яшчэ няма нават аніводнай порнастужкі. Але калі я трошкі вып'ю (шмат піць я проста не ўмею, але не буду рабіць з гэтага асобны пункт), то забываю пра той страшны выпадак з мядзведзем і зноў пераношуся ў дзяцінства, у эпоху зводнага хору.

2. Я не ўмею рабіць гелікоптэр у ніжнім брэйку, дый з верхнім брэйк-дансам у мяне праблемы. Кажучы шчыра, я зусім не ўмею танчыць. Гэта ўсё праз той выпадак з мядзведзем. З рытмікі ў пачатковай школе мяне, дарэчы, таксама заўсёды выганялі. І справа тут была нават не ў тым, што ў мяне не было чэшак. Калі б я ўмеў танчыць, маё жыццё склалася б зусім інакш, а палавое жыццё пачалося б нашмат раней, але ў прынцыпе я ні пра што не шкадую.

3. Я не ўмею даводзіць справу да канца, таму ў маім спісе толькі тры пункты.

Ёль

У ісландцаў існуе павер'е, што на трынаццаты дзень пасля Раства, у Ноч усіх начэй, калі апошні з Дзедаў Маразоў сыходзіць у горы да наступнага года, па хатах ходзіць Ёльскі кот і правярае, ці абзавяліся гаспадары новаю вопраткаю з воўны. Тыя небаракі, што не паспелі, рызыкуюць трапіць у няласку да ката, ён можа зрабіць гаспадарам нейкую шкоду, насцаць у куце, забраць святочную вячэру ці з'есці кагосьці з дзяцей, таму вязанне сярод ісландцаў такое папулярнае.

Апошні раз я бачыў Ёльскага ката недзе месяц таму, ён заваліў да мяне а трэцяй ночы, ад яго моцна несла каньяком і цыгарэтамі. Не здымаючы ботаў, ён адразу рушыў на кухню, там кінуўся да імбрыка і апаражніў яго. Задаволіўшы смагу, кот адразу палез у сервант, дзе ў мяне ляжыць люлька і тытунь. Ну, расказвай, прамовіў ён, пускаючы клубы дыму мне ў твар, як жыццё-быццё, што новага. Вось, кажу, Віялета звязала камізэльку з вярблюджай поўсці, вельмі цёплая. Кот усміхнуўся, ты ж разумееш, што на самой справе мне похуй на гэтыя рэчы з воўны, на самой справе мяне цікавіць, ШТО НОВАГА, чаго ты дасягнуў за апошні год, што змянілася ў тваім жыцці, чаму ты навучыўся, што збіраешся рабіць далей, мы, здаецца, ужо не першы раз сустракаемся, ты ж сам добра ведаеш, што легенды не трэба разумець літаральна. Ну, здаецца, нічога новага, усё як і раней, адказаў я сумна. Ну тады даруй, прамовіў кот, зняў майткі, сеў у куце, зрабіў сваю брудную справу і выскачыў у фортку.