Выбрать главу

“Але ж я не кубак!” – ускрыкнуў Якуб і выкінуў кубак у акно. Вось чаму ў Якуба не было кубкаў.

Кубкі. Частка чацвёртая. Сястра

У Якубка не было кубкаў, але была сястра. Яна мела нейкае дзіўнае імя. Яна звалася... яна звалася... Яна… Так, Яна. Дакладна Яна, а не Ён які-небудзь, бо Ён – гэта ж мужчынскае імя.

У Яны быў рак, не нейкі там коцік з бруднай жопай, чырвонай, як маска смерці, а сапраўдны рак. Суседка Яны вельмі зайздросціла ёй, бо ў яе была толькі свінка, ды і тая за вушамі.

Rage against menschen

Калі я маўчу, унутры мяне нехта размаўляе, голас загадвае мне забіць чалавека, а часам нават двух. Кажучы шчыра, некаторых з тых, каго мне загадваюць забіць, я б і сам зарэзаў з вялікай ахвотай, без усялякіх там загадаў, але ўсё ж такі няхай гэта зробіць нехта іншы, няхай ім на галаву зваліцца цагліна ці яны праваляцца ў каналізацыйны люк. Забіваць людзей – гэта неяк непрыгожа, мне так здаецца. Мы ўсё ж такі хрысціяне.

Карацей, каб заглушыць гэты голас, я вымушаны ўвесь час размаўляць і ні хвіліны не магу сядзець моўчкі, бо зноў і зноў чую: забі, забі, забі. Я размаўляю на парах ва ўніверы, у тэатры і кіно, у грамадскім транспарце з выпадковымі суседзямі па поручнях і г. д. Гэта ўсіх вельмі напружвае. Нават у сне размаўляю, што вельмі перашкаджала ў свой час маёй любай. Я давёў яе да таго, што яна і сама была б не супраць зарэзаць мяне. Часам я прачынаўся з нажніцамі ля горла... Я яе, вядома, вельмі кахаў, але мы вырашылі, што лепей усё ж такі нам разысціся.

Мне, відаць, патрэбная дапамога.

Я вырашыў сысці ў кляштар і стаць манахам. Я прайшоў медыцынскую камісію: здаў аналізы, зрабіў флюараграфію, кампутарную тамаграму галавы, усё такое. Абышоў процьму лекараў ад акуліста да практолага, і нарэшце мяне ўзялі. Я прадаў кватэру, раздаў усю маёмасць бамжам, дзецям, суседу і з чыстым сумленнем пераехаў у кляштар Святога Берла ў Гайцюнішках.

Цяпер мяне клічуць братам Галакціёнам. Між іншым, нічога смешнага, маё свецкае імя Сяргей падаецца мне нашмат больш смешным і недарэчным. Карацей, цяпер я перапісваю Голі Байбл на лічбавыя носьбіты, а вольны час баўлю за малітвамі. На выходных езджу ў сталіцу на пропаведзі, мне даюць мацюгальнік, высаджваюць недзе ля Камароўкі, і я крычу ўсялякую лухту пра Канец Света і ўсё такое.

Ведаеце, усёмагутны божанька не надта мне дапамог, бо голас цяпер мала таго што загадвае забіць чалавека, дык яшчэ схіляе да гомасэксуалізму, а мне такі расклад зусім не падабаецца, бо я думаю, што ябаць мужыкоў – гэта неяк не па-хрысціянску.

Застаецца, пэўна, адно: забіць гэтага чалавека... што сядзіць ува мне, але ж, забіваць людзей – неяк непрыгожа, мы ўсё ж такі хрысціяне.

  Шклянка

Я нарадзіўся ў гранёнай шклянцы, з якой тата і Венедыкт Ерафееў пілі “Ханаанский бальзам”. Яны пакінулі шклянку на гаўбцы, за ноч ў ёй назбіралася дажджавая вада, у якую а шостай раніцы ляснула маланка. Атрымалася жэлепадобная субстанцыя, якую тата паклаў у адмысловую формачку, пачакаў трошкі, пакуль яна зацвярдзее, а потым перадаў тое, што атрымалася, маме. Тая паклала формачку ў мікрахвалёўку і пайшла сабе займацца сэксам з татам.

Калі яна вярнулася на кухню, я быў ужо гатовы. Месцамі падгарэлы, адна ручка даўжэйшая за другую, галава ўся бугрыстая, але ў прынцыпе даволі ладны і прыгожы. Я бегаў па мікрахвалёўцы, спрабаваў выбіць галавою дзверы, але ў мяне нічога не атрымлівалася. Я крычаў, што хачу кніжку і сіську, але ў мамы былі маленькія сіські, а кніжак дома ўвогуле не назіралася, адныя фарбаванкі, але хіба гэта можна назваць кніжкамі? Да таго ж, мовы маёй тады ніхто не разумеў, таму мне далі проста лыжку і суп, гарохавы суп з брыкета лідскага завода па вытворчасці гарохавых супоў у брыкетах. Еш, сынку, сказала маці і зноў пайшла займацца сэксам з татам.

Галляш

У мяне быў сябар. Яго звалі Галляшом. Ён быў вельмі лянівы, як той кот, што сеў на недапалак. Галляш не любіў хадзіць на працу, каму гэта цяпер падабаецца, скажаце вы і будзеце мець рацыю, але Галляш не любіў працу не праз шэфа-дэбіла (ён сам быў шэфам-дэбілам), не праз нізкія заробкі (гл. вышэй), не праз тое, што сартаваць пацеркі па колерах – справа даволі цяжкая, працаёмкая і шкодная для зроку. Не, Галляш не любіў працаваць, бо яму было ў падлу. Больш за працу Галляш не любіў толькі хатнія абавязкі, асабліва мыццё посуду.