Выбрать главу

Аднойчы ад яго сышла жонка, якой надакучыла за ім прыбірацца. Кватэра пачала пакрывацца пылам, у ёй стаяў невыводны пах урыны, бо Галляш, не злазячы з канапы, адліваў проста ў бутэлькі з-пад піва. Калі Галляш клаўся спаць, ён нават не здымаў шкарпэтак і галёшаў. На кухні ў ракавіне пачалі збірацца велічэзныя стосы посуду: талеркі і сподачкі, сталовыя і чайныя лыжкі, палонікі і рондалі, кубкі і келіхі, відэльцы і нажы, нават фамільнае срэбра, падараванае бацькамі на вяселле... Усё ляжала ў велічэзным стосе, які пагражаў вось-вось гахнуць і разбіцца аб брудную падлогу, па якой бегалі велічэзныя прусакі. Яны нападалі на мышэй і мурашоў, адчувалі сябе гаспадарамі кухні дый увогуле ўсёй кватэры.

Трэба адзначыць, што такая сітуацыя Галляшу была зусім не даспадобы, бо ён быў не проста гультаём, а гультаём-чыстаплюем і ніколі ў жыцці не стаў бы есці з нямытай талеркі, што, уласна кажучы, яго і загубіла.

Галляш памер ад голаду, бо не знайшоў чыстага посуду.

Маякоўскі

Тралейбус нумар 23 падняў рукі-рожкі і паволі папоўз па правадах. Адзіны пасажыр глядзеў на сонца скрозь чорныя акуляры. Ён вяртаўся дадому ад свайго старога сябра Лермантава.

Гэта не я гляджу на сонца, гэта сонца глядзіць на мяне і цягне свае промні да майго твару, да вуснаў і вачэй вялікага паэта і мастака сучаснасці, думаў пасажыр. Кожны атам сонца са сваімі электрончыкамі, якія лётаюць адзін за адным па арбітах, кожнае ядро, у якім варушацца і караскаюцца пратончынкі з нейтрончыкамі, думаюць пра мяне. 13 мільёнаў градусаў Цэльсія не адрываюць вачэй ад маёй асобы і ўсе мяне паважаюць. Мяне нават нейкі сорам ахоплівае, і ад гэтага я раблюся яшчэ прыгажэйшым і звышгеніяльнейшым. Нічога дзіўнага тут, здаецца мне, няма, бо я Уладзімір Маякоўскі і сёння ў мяне Дзень Нараджэння.

Маякоўскі задаволена выйшаў на сваім прыпынку (вуліцы Маякоўскага), запаліў цыгарэту і ператварыўся ў Сонца, а Сонца ператварылася ў Маякоўскага. Цяпер яно коціцца па горадзе, з цыгарэтай у зубах, задаволенае тым, што Маякоўскі глядзіць на яго кожным сваім атамам, у якім электроны на арбітах гуляюць у квача, а ў ядры лашчацца нейтроны і пратоны. Маякоўскі дастае промні-ручышчы з шырокіх кішэняў, кранае сонца, усміхаецца яму і ўсім астатнім таксама.

Птушыны грып

Бамжы злавілі качку на Свіслачы, з'елі і памерлі ад птушынага грыпу. Галодныя студэнты настралялі галубоў, паелі і памерлі ад птушынага грыпу. Сэксуальны маньяк згвалціў дзяўчыну з педагагічнага ўніверсітэту ў тралейбусе нумар 34, тройчы ўдарыў яе нажом. Дзяўчына ў пакутах памерла ад птушынага грыпу. Сумны, самотны экскаватар патануў у Свіслачы. Экскаватарыст не здолеў даплыць да берага, бо ў Свіслачы не было вады. Яму давялося ісці пешшу. Калі ён выйшаў з вады, яго з'елі бамжы, бо пераблыталі кіроўцу экскаватара з качкай. Тыя не ведалі, што ён экскаватарыст, а не качка, таму (гл. вышэй).

Толькі сяляне, якія зарэзалі свінчо ў гонар Дажынак, памерлі ад свінкі. Мне нават шкада іх. Трошкі.

Рыбны дзень

Вецер, які штурхае бясконцыя эшалоны важкіх грузавых хмараў, наступае па ўсёй даўжыні дзяржаўнай мяжы. Хмары, бы паветраныя шары, ляцяць вельмі нізка і павольна, таму застаюцца незаўважнымі для радараў. Памежнікі страляюць па іх з табельнай зброі, але ўсё марна. Хмары праглынаюць кулі, птушак, сабакаў, зрываюць капелюшы з тых, хто наважыўся ў такое надвор’е перасякаць мяжу пешшу. Калі вецер дасягае найбліжэйшага населенага пункта, ён пачынае спяваць сумную песню, гукі якой то набліжаюцца, то аддаляюцца, часам яму падпяваюць сігналізацыі аўтамабіляў. У вокны ляцяць жмені пяску. Хмары разраджаюцца дажджом. Ты хаваешся пад коўдру, бо баішся, што дождж, які лупіць у акно, разаб’е шкло і затопіць пакой хлябямі нябеснымі, у якіх ты, канешне, патонеш, бо за ўсё жыццё так і не навучыўся плаваць. У такія моманты хочацца заплюшчыць вочы, заснуць, а потым прачнуцца, але ўжо ў іншай рэінкарнацыі, у той, калі ты быў рыбінай.

Цёмна жоўтая страла

...У часе пандэміі цягнік-паліклініка ішоў без прыпынкаў ужо трэція суткі. Я сядзеў у вялікай чарзе да анколага, што цягнулася праз увесь вагон, бо аб'еўся радыеактыўнага пенапласту, калі “цёмна-жоўтая страла” стаяла ў апошні раз. Я ведаў, што гэтага рабіць не трэба, але ён так прыгожа свяціўся, што я проста не здолеў стрымацца. Мне было надзвычай хранова, і прамянёвая хвароба тут, напэўна, ні пры чым. Мне вельмі хацелася ў прыбіральню, але яе захапілі чачэнцы, якія бралі з усіх плату за ўваход. Тым, у каго не было чым разлічыцца, даводзілася спраўляць патрэбу на даволі рэдкіх і вельмі кароткіх прыпынках альбо проста між вагонамі. Пры гэтым трэба было сачыць, каб за бруднай справай цябе не застукаў праваднік, якога хлебам не кармі, дай толькі скінуць каго-небудзь з цягніка. Людзі казалі, што наш праваднік яшчэ даволі мілы і добрасардэчны чалавек, бо выкідае парушальнікаў выключна супраць руху цягніка, таму, калі ўлічыць, што ўздоўж рэек цягнуцца глыбокія сумёты, шанец выжыць пасля падзення даволі вялікі. Але калі ўлічыць, што да бліжэйшага прыпынку некалькі дзён хады, а з ежы навокал – адзін радыеактыўны пенапласт, рызыкаваць зусім не хацелася, таму я сядзеў і цярпеў. Тым больш, калі пакідаеш чаргу, тваё месца адразу хто-небудзь займае, і нават калі ты вяртаешся з міжвагоння цэлы, то трэба сядзець у ёй з самага пачатку, а гэта яшчэ цэлы дзень ці два...