Выбрать главу
Дзесятка

Кожны раз перад іспытам Шлёмік п’е “Аліварыю-дзясятку”, апоўначы клікае на шару і кладзе канспект пад падушку. Але сёння ўсё пайшло не так. Ён доўга не мог заснуць, бо суседзі, пачуўшы ягоную традыцыйную мантру “шара, прыйдзі”, раззлаваліся і паўночы грукалі ў дзверы. Таму ён праспаў, збіраўся на іспыт у спешцы і, вядома, забыўся пра канспект, які на іспытах кладзе на калені, бо кажуць, гэта таксама прыносіць удачу. Яшчэ ён забыў пагаліцца і памыцца. У краму ён таксама ўжо не паспяваў, таму быў вымушаны набыць піва ў шапіку, але “Аліварыі-дзясяткі” там не было. Заставалася толькі “Балтыка-8”. Таксама нічога, падумаў ён, але раптам зразумеў, што, акрамя ўсяго іншага, забыў яшчэ і грошы, грамадскія грошы, за якія ён павінен набыць кветкі выкладчыку, што, згодна з павер’ямі старажытных славянаў, зноў жа прыносіць удачу. Ён назбіраў неяк на “Балтыку-3” і сумны пайшоў ва ўніверсітэт. Пакуль Шлёма піў піва на ганку Храма Ведаў, у кабінет зайшлі 12 чалавек, і ён быў вымушаны ісці наступным. Білет ён выцягнуў, вядома, 13-ты, які прынцыпова ніколі не рыхтаваў, бо лічыў сябе надзвычай удачлівым... Заставалася адзіная надзея – аб 11:11 загадаць жаданне, але ўсе адказвалі надта хутка, таму Шлёма трошкі не дачакаўся і быў вымушаны ісці адказваць за тры хвіліны да чароўнага часу. Ад хвалявання ён назваў Яўгенію Валер’еўну Валерам Яўгеньевічам дый увогуле пераблытаў, што здае. Шлёму адправілі на восеньскую пераздачу і пазбавілі стыпендыі.

– Штосьці сёння нейкі нешчаслівы дзень, – сказаў ён, калі выйшаў з кабінета.

– Але ж нічога. Пашанцуе ў каханні, – сказала Наташа і пацалавала хлопца ў шчаку.

Кішэні

Кішэнныя злодзеі скралі мае кішэні, калі я выйшаў з цягніка папаліць на пероне ў Кішынёве. Разам з кішэнямі зніклі і дзве запальнічкі з антытытунёваю рэкламаю, што не працуюць ужо два гады праз адсутнасць спружынкі. Прапалі і каляровыя бліскучыя абгорткі ад цукерак фабрыкі “Камунарка”, хамяк з аўсянкай за шчакою, прабіты талончык на верхні транспарт, абстрыжаныя пазногці, металічная рэшта, што засталася ў мяне пасля вандровак у найбліжэйшым замежжы, літоўскія запалкі з фарбаванымі ў чырвоны колер галоўкамі, што гараць утрая даўжэй за нашынскія і не тухнуць ад ветру, – яны ляжалі ў прыемным навобмацак карабку, на якім намаляваная яркая рэклама іншых запалак, а не нейкія вярблюды. Запалкі зусім не тое, што бяздушныя запальнічкі, яны захоўваюць цеплыню рук, што іх стварылі. Калі я запальваю цыгарэту, то бачу прывабную ўсмешку жанчыны, што настругала танюткіх драўляных палачак, светлыя вочы хлопчыка, што прыляпіў да іх серныя галоўкі, і густыя вусы мастака, што пафарбаваў галоўкі ў чырвоны, ці зялёны, ці яшчэ які-небудзь колер. Я люблю запалкі і маю вялікую калекцыю з розных краін свету, яна стаіць на верхняй паліцы і радуе вока, а яшчэ я збіраю піўныя накрыўкі і часам грошы на карпаратыўныя вечарынкі: мы з сябрамі ахвотна іх прапіваем, а на рэшту я зноў купляю запалкі, бо ў адрозненне ад бяздушных запальнічак надзвычай іх люблю. Мае сябры-грынпісаўцы кажуць, што калі я карыстаюся запалкамі, то забіваю дрэвы. Згодна з іхнымі разлікамі, я знішчыў ужо траціну Белавежскай пушчы, але даваць ім веры – справа няўдзячная, бо яны нейкія дзіўныя – зусім не ядуць мяса. Мяне, праўду кажучы, часам таксама наведвае думка пра тое, што сасіска некалі была жывою, што яна гуляла зялёнымі калгаснымі палеткамі нашае бязмежнае радзімы разам са сваімі дзеткамі-сасінятамі, піла ваду з рэчак і азёр, купалася ў іх, потым пакутавала на процьму невядомых хваробаў, але ўсё адно спявала вясёлыя песенькі... Але спачуванне да сасісак звычайна знікае, калі ты не еў ужо тры дні і стаіш на вакзале ў Кішынёве, паліш цыгарэты і табе няма куды пакласці рукі, бо клятыя кішэнныя злодзеі скралі твае кішэні.

Як я стаў паэтам

Калі я быў малым, то марыў працаваць санітарам і прыбіраць какашкі за хворымі на рак, а стаў паэтам. Як гэта адбылося?.. Пэўна, пачалося ўсё з таго, што калі я аднойчы быў на вёсцы, мяне пакусалі сабакі, і гэта было так нечакана і так мяне напужала, што з той пары я пачаў заікацца. Спачатку мяне лячылі згодна з метадам Клінава, які ў народзе атрымаў назву “клін клінам”, і пужалі на кожным кроку, ад чаго яшчэ ў раннім дзяцінстве ў мяне развіўся псіхоз і параноя – прафесійныя захворванні паэтаў.