Выбрать главу

Вандруючы па лагапедычных клініках, я запісаў трыста дваццаць шэсць скорагаворак, якія ў выніку склалі асобную кнігу. Урэшце мяне адвялі ў шостую паліклініку, дзе запісалі ў лагапедычную школу, у якой адным з метадаў лячэння было прымусовае чытанне вершаў у пераходах метро з мэтаю дапамагчы хвораму пазбавіцца боязі маўлення перад аўдыторыяй. Метро ў нашым горадзе не было, таму ў раннім дзяцінстве мяне адарвалі ад родных ніў, ад роднай хаты, і я паехаў у сталіцу нашай радзімы, у Маскву.

Спачатку я фарбаваў твар гуталінам і чытаў Пушкіна, выдаючы сябе за яго нашчадка, але мой камерцыйны ход не карыстаўся поспехам, і грошай у тыя часы мне хапала толькі на святы дух, якім я аб’ядаўся да адрыжкі. Потым пачаў чытаць Маякоўскога, але памяць у мяне была дрэнная, таму даводзілася прыдумляць свайго Маякоўскага. Зноў жа ў Маскве Маякоўскага (нават майго) не надта любілі, таму грошай я не зарабляў, а жэр святы дух далей, і мяне ад яго, кажучы шчыра, ужо цягнула на ваніты. Затое там (у пераходзе) я пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, якая грала на трамбоне сумныя блюзы і рэгі. Свае творы яна выконвала так цудоўна, што міліцыянты не тое што яе не выганялі, а нават прыводзілі малых дзетак, каб тыя паслухалі мелодыі і рытмы заходняй эстрады. Кажуць, з ейным з'яўленнем у музычных школах ігры на трамбоне навучэнцаў паболела, а школы ігры на піяніне заняпалі. Нічога дзіўнага, бо з піянінам у шматлюдны падземны пераход трапіць даволі цяжка, затое трамбон можна лёгка схаваць пад спадніцу...

На жаль, маёй будучай жонкай яна засталася толькі ў маіх марах, бо калі мы пазнаёміліся, выявілася, што яе завуць Сяргей. Пасля гэтага я канчаткова вылечыўся ад заікання (дзякуй спдр. Клінаву) і вярнуўся на гістарычную радзіму, дзе тым часам пабудавалі дзве выдатныя лініі метрапалітэна.

Выпадак з сырам

Сыр расплюшчыў вочы і паглядзеў на гадзіннік. У рот мне ногі, я ж праспаў, мяне звольняць, трэба спяшацца, пракрычаў ён, скінуў з сябе каўбасу і хутка пабег у ванную галіцца і чысціць зубы. Там, калі ён стаяў перад люстэркам, на яго сышло нечаканае азарэнне. Якая праца, у рот мне ногі, сёння ж нядзеля, дарма толькі пагаліўся, добра яшчэ, што зубы не паспеў пачысціць, прамовіў ён. Пайду лепей яшчэ ў масле паваляюся.

Ідэальная пара

Ганна-Марыя і Жан-Поль пазнаёміліся ў клубе ананімных алкаголікаў для тых, каму за 30. Яны адразу зразумелі, што створаныя адно для аднаго. У іх было шмат агульнага. Жан-Полю падабалася тое, што падабалася Ганне-Марыі. Аднолькавыя любімыя рэжысёры, пісьменнікі, паэты і музыканты. Агульныя любімыя расліны, жывёлы і птушкі. Адныя і тыя ж любімыя гарады. Абодва былі лінгвістамі-перакладчыкамі, і абодва не працавалі па спецыяльнасці. Абодва пісалі вершы і добра малявалі. Нават любімы колер быў у іх аднолькавы – жоўта-зялёны. Здаецца, не было на свеце людзей, больш падобных, чым гэтая пара. У хуткім часе яны вырашылі пажаніцца.

– Толькі я хачу захаваць сваё дзявочае прозвішча, бо вельмі пяшчотна стаўлюся да яго, яно мне вельмі падабаецца, да таго ж я надта люблю сваіх бацькоў і вельмі іх паважаю, хоць яны і мудакі. Я не магу проста так адмовіцца ад іх прозвішча, – папярэдзіла Ганна-Марыя свайго каханага, калі яны пайшлі рэгістравацца ў ЗАГС. – Ты ж не пакрыўдзішся, Жан-Польчык?

– Я – не, – мовіў Жан-Поль, – але вось мае бацькі, яны, пэўна, не зразумеюць гэтага, бо яны таксама вельмі ганарацца сваім прозвішчам і калі ты ад яго проста так адмовішся, яны, магчыма, возьмуць і не прыйдуць на вяселле, дый увогуле парвуць з намі ўсе стасункі, бо яны тыя яшчэ мудакі, але я іх вельмі люблю і хачу, каб у нашых будучых дзяцей было шчаслівае дзяцінства, з бабулямі і дзядулямі, разумееш.

– А ведаеш што, давай тады я вазьму тваё прозвішча і ў той жа час захаваю сваё, двайныя прозвішчы, кажуць, сёння ў модзе.

– Так, двайныя прозвішчы – гэта файна. У мяне самога двайное, Брайт-Гагарын.

– Чаму ты раней ніколі пра гэта не згадваў? – запытала Ганна-Марыя.

– Ды ты ніколі не пытала...

– Ведаеш, каханы, мне трэба табе штосьці сказаць... Я падманула цябе, калі сказала, што мае прозвішча Рубінштэйн... Насамрэч я Павіч-Чырвоная.

– Значыць, ты хочаш стаць Павіч-Чырвонай-Брайт-Гагарынай Ганнай-Марыяй Абдул-Саідаўнай... па-мойму, гэта нейкі абсурд...

– Абсурд. Але ж мы персанажы пісьменніка-абсурдыста Андрэя Пакроўскага, нам, можна сказаць, яшчэ пашанцавала, добра хоць, што ён пісаў гэтае апавяданне цалкам цвярозы і не для конкурсу абсурдных апавяданняў “Чатырохногая варона”, добра хоць, што ён не ўкладваў табе ў вусны свае думкі. Скажы дзякуй, што ён не падарыў табе сваё аблічча і светаадчуванне, тады б мы ніколі не сустрэліся і не пакахалі адно аднаго, а так бы і засталіся проста наведвальнікамі клуба ананімных алкаголікаў для тых, каму за 30, дзе ён нас упершыню і сустрэў...