Выбрать главу

Адчуваў, падсвядома разумеў, што гэтая наканаванасць ужо легла, аблытала мяне, і ці не назаўсёды. І гэтая мая падсвядомасць спраўдзілася. Мяне прыкмецілі і павялі не толькі ў маленстве. Дзяржаўнае вока было на мне на ўсё свядомае жыццё, думаю, да сённяшняга дня. І я ніколькі не імкнуўся пазбавіцца яго. Наадварот, ішоў на збліжэнне з ім, а часам і на сяброўства. Хадзіў у грыбы, ездзіў на рыбалку. А часам, чаго граху таіць, ішоў насустрач яму. Правакаваў і выпрабоўваў: а што будзе, калі?.. Так палеская ластаўка, паэтка Жэня Янішчыц, якая да мяне пабывала ў ААН, папярэджвала, каб я перасцерагаўся там: усе пільнуюць, сочаць адзін за адным. Я вырашыў праверыць гэта. Напісаў нейкую правакацыйную лухту, скруціў і засунуў у пераплёт тэлефоннага даведніка. Прарабіў гэта ранкам. А ў абед праверыў. Маёй лухты ў пераплёце ўжо не было. Мела рацыю Янішчыц - чытаюць савецкія чукчы ў ААН. Во дзе і ў каго пільнае вока. Але я толькі пераканаўся ў гэтым і застаўся нязменна верным сабе. Як і раней, піў са сваімі даглядальнікамі гарэлку і ні ў якім разе і ў галаве не трымаў пратэстова паўстаць, бо, як казала Ганна Ахматава, сваіх даглядчыкаў заўсёды трэба ведаць у твар і паіменна. Ні ў якім разе не скардзіцца, пазбягаць цурацца і выдаляцца. Бо знойдуць і прызначаць іншых, пра якіх і падумаць не зможаш - лепшага і самага вернага твайго сябра, каторы ведае ўсё пра цябе да донца, пра што ты сам ужо забыўся.

Я інтуітыўна трымаўся гэтага мудрага, ці не паляшуцкага нават, запавету. І ў мяне былі цудоўныя, спадзяюся, адносіны з дзяржаўным вокам. Неаднойчы мне нават прапаноўвалі ўславіць яго. Мажны генерал разам з палкоўнікам КДБ і з пісьменнікам паклікалі да сябе. Накрылі паляну, якая, не буду хавацца, уразіла мяне. Не багаццем стала, хаця і гэта было, - арыстакратычнасцю: крышталь, фарфор ці не палацавыя, кітайскія. Крухмальныя настольнікі і сурвэткі. А пітва заморскага - хоць захлыніся. Да ўсяго няспынна сярод застолля спакушалі рыбалкай, сакрыта бязлюдным востравам і прыватным, толькі для мяне, катэрам, каб толькі я пагадзіўся на кнігу ці сцэнар аб іх справе.

Не ведаю, што мяне спыніла, вымусіла мякенька, але няўмольна адмовіцца, што было зусім не ўласціва мне, дзетдомаўцу і палешуку. У адрозненне ад земляка А. Грамыкі - містэра «Не», я быў хлопчык «Так». Мо менавіта арыстакратычнасць паляны і, чаго ўтойваць, прывабнасць і прага прыватнага вострава з асабістым катэрам. Нязвыкла гэта мне было. Чаго- небудзь прасцей бы, пралетарска-лапцевага, дзетдомаўска-фабзайцаўскага, ад родных асінаў і аўсоў... А так. Вось чаго няздольны быў зразумець у беларусах Лаўрэнцій Паўлавіч: цураліся яны костак з барскага стала, хаця і ім воцат на халяву быў салодкі. Толькі свайго воцату ў іх было хоць заліся і запіся. А яшчэ яны добра ведалі: апроч косткі з барскага стала ім ніколі нічога не выпадзе. Ну і пануйце, пакуль кутніцу не выпрэ.

Другая сустрэча, усутыч, вока ў вока, адбылася крыху пазней і ўжо амаль афіцыйна, без паляны. У бярлозе, у логаве іхнім. У грувастскім гмаху ці не на квартал галоўнага сталічнага праспекта. Гмах быў светлых, калыскавых колераў, фарбаў дзіцячае нечаканасці, але прыгнятаў велічнасцю, спалучэннем савецкага і нямецкага ампіру. Пад пільным каменным ці бронзавым прыглядам у скверы насупраць у нейкім родзе і нашага земляка Ф.Э. Дзяржынскага. Мяне і двух маіх сяброў-кіношнікаў, сцэнарыста Фёдара Конева і рэжысёра Юрыя Марухіна, пазвалі і запусцілі праз парадныя дзверы, пра якія я дагэтуль думаў, што яны ўвогуле ніколі не адчыняюцца і праз іх «нет ходу никому». Такімі яны былі ўнушальна велічнымі, што нават прыступкі, пэўна, за час свайго існавання не зведалі чалавечага абутку. А ў сярэдзіне, да седала чалавека ў форме, вартаўніка, часавога, было добра выхаджана. Ногі ды ногі па камені тут патупалі. Калідор разбягаўся на два патаемыя крылы-рукавы. Нас пасля праверкі прапускоў і некалькіх тэлефонных званкоў па таксама добра выхаджанай дывановай дарожцы павялі налева. У канец калідора ўніз, у напаўпадвал. Ад чаго ўвушшу і галаве адразу зрабілася вусцішна. Асабліва пасля таго, як пстрыкнуў замок у дзвярах.

Нас замкнулі. Папярэдне, праўда, патлумачылі, што мы павінны рабіць, дзеля чаго пакліканы сюды. Нам быў аказаны гонар і давер. Ад нас чакалі, хацелі амаль таго ж, чаго хацеў сябар Астап Бэндэр ад сяброўкі яго дзяцінства. Мы павінны былі напісаць сцэнар пра работу нашых гераічных органаў. Забяспечылі нас неабходным фактычным матэрыялам.