Выбрать главу

Матэрыял быў выкладзены на стале перад намі і здаўся мне так сабе, заезджаным і разыходжаным. Ці не спрэс добра абсмоктаны іншымі таленавітымі творцамі таго ж сацрэалізму. Зладзейская падрыўная дзейнасць супраць нашай краіны рознага разліву імперыялізму і іх пасобнікаў-адшчапенцаў, здраднікаў, варожых выкармкаў і нелюдзей, у большасці НТСаўцаў (Народно-Трудовой Союз), УПА (Украинско-повстанческая армия).

У падмацаванне гэтай іх варожай дзейнасці нам была дадзена кніжка. Без назвы і прозвішча аўтара і нават без вокладкі, старонкі якой былі сшыты суровай канцылярскай ніткай. Я пагартаў кніжку. Змест яе быў прадказальна знаёмы мне. Знаёмы нават не кніжна, а вусна і крыху нават як відавочцу, яшчэ з дзетдомаўскіх часоў.

Недзе ў сярэдзіне пяцідзясятых гадоў, калі я дарэшты яшчэ не развітаўся з надзеяй вырасці героем, адбыцца шпіёнам-разведчыкам, у нашым дзетдоме было толькі і гаворкі пра падкопы капіталістычных імперыялістаў. Пра гэта гаварылі падчас палітінфармацый лектары, якія спраўна праведвалі і адукоўвалі нас, выхавацелькі. Ды і самі мы тое-сёе бачылі і чулі на свае чуйныя вушы і пільныя вочы. Шары і зонды, як сёння НЛА - неапазнаныя лятальныя аб’екты - лёталі над нашым лесам, хмызамі і палеткамі, а некаторыя з нас кляліся, што і над дзетдомам. Шпіёнілі і разведвалі, на выгляд, дык зусім як метэаралагічныя зонды. Але замест метэаралагічных прычындалаў - лістоўкі з заклікам змагацца з савецкай уладай. Лістовак я тых не бачыў і не чытаў. Хаця адзін, спадзяваліся, з тых капіталістычных шароў ці зондаў мы адлавілі, знайшлі ў лесе. І каб ён дастаўся некаму аднаму з нас, прыдумалі б, куды і як яго ўжыць. Стужак залатых ці сярэбраных было на ім зашмат - хоць і капіталістычнае, але - багацце, скарб. І гэты нябесны скарб з-за таго, што шмат было сведак, жадаючых займець яго, не дастаўся нікому з нас. Аддалі, аднеслі каму і куды трэба. І атрымалі толькі дзякуй.

Вось усё гэта я і прыгадаў, гартаючы патрыятычна-выкрывальную кніжку. Узгадаў свае дзіцячыя жаданні стаць шпіёнам і шкадаванне таго, што залатая ці сярэбраная стужка мінула мае рукі. Мо і таму на нямое пытанне Марухіна і Конева адмоўна пахітаў галавой. Гаварыць услых мы ўсё ж не наважваліся. Замінала і адчуванне ўстановы, у якой мы знаходзіліся. А больш - падвальнае памяшканне, дзе мы сядзелі пад замком, забранае кратамі акно, праз якое бачны былі адны толькі ногі прахожых. Ногі міналі акно нячутна нам, без слоў абыходзіліся і мы, моўчкі націснулі загаданую нам кнопку, калі ўсе ўтрох прыйшлі да згоды.

З’явіўся чалавек у цывільным. Зразумеў, пэўна, наша рашэнне па знешнім выглядзе. Усё ж яны прафесіяналы, не дарэмна свой, а мо і наш хлеб ядуць. Ён не стаў нас прасіць і ўгаворваць, расходаваць сябе на пустыя словы, зноў жа - прафесіянал. І мы разышліся палюбоўна. Нас як завялі, так і выпусцілі праз парадныя дзверы. На каменныя няходжаныя прыступкі, на якіх мякка прылегла паўдзённае сонца.

Што мяне непадробна ўразіла падчас першай і другой сустрэчы са службоўцамі канторы, зарубкай легла на маю спраўджаную і няспраўджаную будучыню - гэта тое, што мяне бачылі, прыкмецілі, і дзяржаўнае вока нязводна ляжыць на мне. Дзівіла адно: што я кожны раз вылузваюся, як Маруська з-пад Івана. Мяне пільнуюць, вядуць, але ж няма прапановы нават у патрыятычна-савецкія шпіёны, стукачы. А ў мяне ўжо столькі назапашана адгаворак. І ўсе яны застаюцца нявыкарастанымі. Нават нека­му шчыра прызнацца, як гэта прараблялі за мяне і да мяне шмат і шмат іншых у тым, што я таксама няздольны трымаць таямніцу, размаўляю ў сне, нетрыманне языка - балбатун, знаходка для шпіёна і г.д. Было крыўдна пакідаць гэта нескарыстаным. Нечым я ўсё ж не падыходзіў ім. Не бачылі яны ўва мне перспектывы. Не бачылі свайго, нягледзячы ні на што, нават і пасля таго, як падаслалі двух дзяўчат, калі я вясной быў адрэзаны паводкай ад усяго свету. Сядзеў у глухой палескай вёсцы, нешта крэмзаў сваё, пісаў. Дзяўчаткі прарваліся праз маўклівую тэлефонна-вясковую сувязь, праз занядбаныя і разбураныя масткі - пешкі мясілі гразь, ішлі пяць кіламетраў. І ўсё толькі дзеля таго, каб займець, папрасіць і давезці да сталіцы, дзе яны жылі, пару аркушаў маёй пісаніны.

Мне было шкада тых аркушаў, таму што пісаў я надта ж дробнымі літаркамі: з аднаго аркуша выходзілі тры ці чатыры друкаваных. А памяці на напісанае не меў - кожны раз пры перапісванні з мяне лезла, перла зусім іншае. А галоўнае, я баяўся. Баяўся сурочыць яшчэ не народжанае, што толькі-толькі папярова з-пад рукі прасілася на свет. Сялянская прывычка жыць адкрыта і таемна. Самае дарагое, усё сваё насіць у сабе. Але я паважаў подзвіг дзяўчат і разумеў, нешта ведаў пра графалогію. Некаму карціць патрэба зведаць пра мяне таемнае, мой нораў і характар. Я ахвяраваў напісаным, праводзіў дзяўчат да аўтобуса. Дарэчы, у Мінску ўжо яны вярнулі мне маю пісаніну пад песні і скокі, калі я абіраў бульбу, каб накарміць іх. Хаця і дасціпныя, гераічныя былі дзяўчаткі, але не з працавітых.