Але Калашнікаў і на Млечным Шляху Калашнікаў. Згвалтаванае, пазбаўленае радаводнага сэнсу слова адлавілі і на Млечным Шляху, закавалі ў кайданы і замкнулі ў турэмных камерах па вязніцах і засмучаных без ахвяр, пачынаючых парахнець ужо ГУЛАГах. Зняволілі, таму што раней ім дабіваліся і шукалі праўду. Цяпер жа тую праўду прыспеў час хаваць ад набытага ў стагоддзях слова і піплу.
І, як ні дзіўна, сапраўдная радаводная вартасць зніклага на волі слова акрыяла, захавала сябе менавіта ў зняволенні, у новаствораных лагерах, турмах, следчых і штрафных ізалятарах, дзе за яго нявольнікі патрабавалі адказнасці. Інакш - пашчу парвуць, апусцяць, пеўнем паселяць каля парашы.
Яшчэ паўтара стагоддзі таму Генрых Гейнэ прарочыў сваёй радзіме: там, дзе паляць кнігі, рана ці позна будуць паліць людзей. Крыху перайначыўшы яго, пра сённяшні свет можна сказаць: там, дзе знікла ў вязніцах слова, знікне, як у прорве, і чалавек. У пацвярджэнне гэтаму і М. Карамзін, даследуючы расійскую гісторыю і замілаванне расіян самадзяржаўем, самадурствам і людажэрствам з эпохі Івана IV Жахлівага, пісаў пра своеасаблівыя якасці, прарослыя ў той эпосе: “Апрычніна - гэта зграя голаданосных насякомых, якая паднялася, скіравала і памкнула ў глыбіню, не назад, а наўздагон, наперад расійскай імперыі, і ці не чуем мы сёння, да гэтага часу, трэск крылаў гэтай саранчы, ці не лётаюць і зараз гэтыя насякомыя, чапляючы нас, ранячы”. Як гэта сучасна з пункту гледжання на клапоў, прусакоў і кляшчоў?
Пытанне зусім не рытарычнае, на засыпку, як цяпер кажуць. Таму што сапраўды няшчасная тая краіна, дзе бяруць верх голаданосныя. Апрычнікі і аўтаматы Калашнікава, месіі, героі і каты. І няма чаго хавацца і хітрыць перад самімі сабой. Сверб героя і гераізму ішоў за мной з дзяцінства. Носьбітам яго было ці не ўсё пакаленне, да якога я належаў, выпальваючы, спапяляючы на ўсё жыццё чалавечую вартасць і годнасць, сумленне і званне чалавека. І як сталаму сёння расіяніну не пазбавіцца адчування сваёй імперскай ролі старэйшага брата, так нам - пакланення яму, часу, яго перакуленасці і перавернутасці.
А мы хоцькі-няхоцькі цешым сябе сваёй выключнасцю, прыналежнасцю да цароў прыроды. А на самой справе з думкі, погляду і адносінаў да нас тых жа старэйшых братоў мы ці не тыя ж прусакі, клапы голаданосныя на іх дзяржаўным целе. Верныя, як аўтамат Калашнікава і Мухтар. За што нас прывячаюць і пагладжваюць па галоўцы. І кожны божы дзень аздабляюць святам з бразготкамі, забаўкамі, цацкамі і лялькамі. Напышлівымі брахлівымі прамовамі і пажаданнямі: жыць хоць і бедна, але нядоўга.
І хаця сёння модна і выгодна нават сцвярджаць сваю абачлівасць, свой даўні розум, змаганне і пратэст супраць так званай саўковасці (брыдкае, нахабнае слова): я, маўляў, з маленства змагаўся з сістэмай і савецкім ладам - нават у піянеры адмовіўся ўступаць. Прыкра ўсё гэта і хлусліва. Уступіў бы, не застаўся неахопленым, бегам пабег бы, як сёння бяжым на ўсе святы і парады. І якім бы стаў палымяным і зацятым юным ленінцам - яны ўсе такія з падобных вальнадумцаў. Прыкра ўсё гэта, хлусня. Гэткія голаданосныя пярэваратні, Паўлікі Марозавы, выдатнікі найноўшай школы сённяшняга прытворства і двурушніцтва. Паўлікі Марозавы навыварат. Спажыўцы саміх сябе, свайго сумлення і годнасці. Прыстасаванцы. Ужо існыя гіпсавыя бажкі.
А мы былі пасля кастрычніцкага землятрусу шчырымі Паўлікамі з выпаленым чалавечым зместам, нутром, якое залівалі гіпсам, вырабляючы манкуртаў і замбаваных балванчыкаў. І чаму толькі былі? Тое, што ўжо было, не знікае без следу ў часе і прасторы, гоніцца за намі па цьмяных калідорах беспамяцтва абылганых эпох і стагоддзяў, замбавана выходзіць з пагостаў і кладаў нашых папярэднікаў - ці не таму па праваслаўным звычаі магілы нябожчыкаў неабходна замыкаць, каб не выпусціць вонкі іх помсту і зло, што займелі яны за свой зямны век.
Ці не таму на другой палове свайго сталага існавання на краі ці пачатку свету маё дзіцячае летуценна-мройнае беспамяцтва дастала, адлавіла мяне. Спачатку крадком, знакава. Вокам са старажытнай піраміды ONE DOLLAR - амерыканскай аднадаляравай купюры. Да гэтага я замежных грошай у руках не трымаў. Не бачыў, і таму бязмежна ўразіўся, калі даляравая зеляніна нагадала мне нешта надта ж знаёмае. Я не паверыў сваім вачам, убачыў ужо бачанае на пачатку свайго жыцця і амаль пад сваёй хатай.