Бачанае, прарослае на маёй паляшуцкай Падольскай вуліцы, выпрабавальна назіральнае за мной, маёй вуліцай і хатай вока. Лупатае, пільнае, як і на даляры. Я ж некалькі дзён сачыў за ім, гадаючы, адкуль яно ўзялося, кім спаслана і каму належыць. Чакаў, хто нехта ці нешта вылупіцца, узыдзе з зямлі, пакажа сябе. Не дачакаўся, схібіў па дзіцячай натуры.
Расчавіў тое вока, утаптаў у глыб. Хаця далося гэта не без стратаў. Расчавіў новымі чаравікамі, набытымі на грошы, пакладзеныя мне дзяржавай і дадзеныя чорным чалавекам. За пільнасць, чысціню рук, гарачае сэрца, за тое, што я здабыў свой камень спатыкнення, гляджу сабе пад ногі - новыя чаравікі і новыя крамныя штонікі з корту. Узнагарода і прэмія - ці не мае першыя трыццаць сярэбранікаў, укручванне ў вечную гульню. Трыццаць сярэбранікаў, якія абяцаюць пераліцца ў будучыні залатымі чырвонцамі. Шэра-зялёнае раструшчанае вока скаланула мяне да дрыжыкаў. Але згінула. Згінула тады. І вось яно зноў ужо на чужыне пазірае на мяне. З мінулага, будучага, каб ведаць. Каб ведаць. І мне прыгадваюцца розенкрэйцэры, ілюмінаты, масоны-муляры і іх усёісныя колісь ложы. Няўжо яны з таго свету адсочваюць час, цікуюць ужо за вёскамі і вясковай галотай. Выйшлі з незамкнёных магілаў і могілак гісторыі, каб ашчадзіць, папярэдзіць ці ўжо канчаткова знішчыць нас і ўладарыць светам.
Няўжо і я спазнаўся з імі? Няўжо яшчэ ў дзяцінстве яны паклалі на мяне сваё сусветнае ўладнае вока? А ў мяне не стае рашучасці і супраціву процістаяць ім, як тады, калі я быў яшчэ савецкім піянерам, юным ленінцам, і марыў стаць разведчыкам, шпіёнам. Маё мінулае і будучае глядзелі на мяне з дзяцінства ці не іншапланетна тады і цяпер - з ONE DOLLARS. Толькі я ўжо даўно збыў дзяцінства, летуценнасць і жаданне стаць шпіёнам. Даўно паслаў іх туды, дзе Макар і цялят не пасвіць. І наўрад ці здольны сёння на той учынак - па-дзіцячы расправіцца з вокам. Дый што ні кажы, а даляр ёсць даляр, не наш драўляны рубель. Дзерці яго, рваць, таптаць нагамі з-за прыхамацяў, неспасціжнага нейкага вока, шкада. Хаця я і патрыёт сваёй радзімы, але без даляраў. Няспраўджаны разведчык і шпіён. Хіба мо цяпер папрацаваць шпіёнам за той жа даляр.
Вось так я сам сабе напрарочыў, лёгенька аднадалярава сурочыў, на голым месцы. Думаць таксама трэба край як асцярожна, бо ад думак, як сцвярджаў мой дзед, чэрві заводзяцца ў чалавеку, і не дзе-небудзь, а ў галаве. Учора толькі цюкнуў мне ў макітру настальгічны ўспамін пра маё дзяцінства, а ўжо ранкам наступнага дня дзіцячая мара пачала збывацца. ААНаўскі куратар беларускай дэлегацыі, падпалкоўнік КДБ, пазваніў мне са свайго гатэля і папрасіў тэрмінова сустрэцца, на што я адразу і пагадзіўся: “Партия сказала - надо, комсомол ответил - есть”. Тым больш, якраз у ААН выходны. І мне не трэба змагацца за свабоду Нікарагуа, дзеля чаго мы, беларусы, і пасланыя ў Амерыку. Мне і раней падабалася разам з куратарам хадзіць па сонечным прадвосеньскім - нам бы такое лета - Нью-Ёрку. Ён быў у ім з языком, а я толькі з нагамі і вачыма. Хаця і гэта няблага. Ніхто не перашкаджае маўчаць у вулічным натоўпе і тлуме. Толькі я заўсёды губляўся на асфальце нават сваіх гарадоў, мне б, як зайцу ці дзіку, у хмызы, у карчы. Іх, пэўна, і ва ўсёй Амерыцы не знайсці. Куратар жа, таксама мой зямеля, палескі хлопец, з Кармы, ішоў па чужым горадзе як даўні яго жыхар, свяціўся амаль амерыканскай прыязнасцю і дабрынёй да кожнага стрэчнага- папярэчнага, нязмушанай цікаўнасцю - сапраўдны янкі.
Янка ці Янка з Палесся, свой у Амерыцы. Прафесійная адметнасць ці не кожнага гадаванца Лубянкі. Выхаваная прыхільнасць у жаданні і чаканні такой жа прыхільнасці ў адказ, расхрыстанасці ў думках і словах. Я ведаў пра гэта, не купляўся, а верыў. Як заўжды верыў кожнай усмешцы, кожнаму шчыраму, няхай і падманнаму парыванню знаёмага і незнаёмага чалавека. На гэтым яны нас, пэўна, і ловяць, гэтым і бяруць. Усе. Не толькі хлопцы з Лубянкі, канторы глыбокага бурэння, але і з кожнай адзяржаўленай установы, ад месіі-правадыра да галоўных падмятальшчыкаў, прыкарытнікаў-чаляднікаў.
Гэта нашая адвечная бяда і хвароба. Вера, давер. Асёл, кажуць, двойчы ў адну і тую ж лужыну не ступіць. А мы топчамся і топчамся ў сваёй лужыне. А з другога боку, мо ў гэтым наш паратунак. Як тая жаба, саб’ём з малака масла, асушым сваю лужыну і выцерабімся на прасцяг і волю.
Такім чынам, абодва мы збівалі ў замежжы кожны сваё масла, не ўяўляючы, што будзем рабіць з адгонам, сыроваткай. Прынюхваліся і вывучалі адзін аднаго. Пачалося гэта яшчэ ў рэйсавым самалёце Масква - Нью-Ёрк. На вышыні дзесяць кіламетраў, па-першае, спыніў дзеянне гарбачоўскі сухі закон, а па-другое, сцюардэса пачала разносіць гарэлку і каньяк. Я заказаў каньяк, і не адзін кілішак. Куратар сядзеў за мной і таксама піў каньяк. І міністр, і ці не ўся беларуская, змагарная за цвярозасць аанаўская дэлегацыя, хаця і цікавалі сусед за суседам, як гэта адбываецца і ў жыцці на зямлі.