Я адчуў гэта пасля пасадкі самалёта ў аэрапорце імя Кенэдзі. Куратар падышоў да мяне і сказаў:
- Калі б ты адмовіўся ад гарэлкі ці каньяку ў самалёце, я б табе на зямлі зрабіў...
Ён не сказаў, што б ён мне зрабіў, але я зразумеў: я на кручку, даўно на кручку. І быў удзячны куратару за прызнанне гэтага. І пайшло ў нас, як пазней дыпламаты наракуць, не жыццё, а ўзаемнае прымушэнне да міру. Але спачатку павінен распавесці пра сваю гаворку наконт чагосьці падобнага з Генадзем Мікалаевічам Бураўкіным. Перад паездкай у Штаты і працай у ААН ён настаўляў мяне:
- Трымайся камітэтчыкаў, хаця і аднаго агароду ягадкі з дыпламатамі, але сярод іх больш шчырых, разумных людзей, чымсьці сярод дыпламатаў.
Я пераканаўся ў гэтым пасля чарговага дыпламатычнага прыёму, здаецца, у прадстаўніцтве Чэхаславакіі. Няблага прынялі мы з куратарам бехцераўкі ці слівовіцы, так што сама Мадлен Олбрайт, славянка, чэшка па паходжанні, а тады паўнамоцны і пастаянны прадстаўнік ЗША ў ААН, па-амерыканску мружыла вочы і хітала галавой. І вось там я спытаў расійскага, а мо ўкраінскага дыпламата, ці накладвае краіна знаходжання адбітак на наш славянскі характар і паводзіны.
- А як жа, - шчыра адказаў той. - Іх жыццё і наша, як кажуць у вашым Бабруйску ці ў нашай Адэсе, дзве вялікія розніцы... Сутыкненне іх, пранікненне зусім не на карысць карэнным насельнікам...
Так ён мовіў на замыленым ўжо воку падчас прыёму. Але на наступны дзень адшукаў мяне сярод тысячнай аанаўскай грамады і па-савецку выправіўся:
- Не, ніякага ўплыву. У нас усё ж свой асаблівы савецкі гонар.
Той гонар, дарэчы, самавіта вылупляўся ў жонак савецкіх дыпламатаў, што без манернасці і слова не вымаўлялі, толькі праз губу, нібыта на іх сапраўды сышоўся клінам белы свет - калі Дуньку з вадакачкі пусцілі ў Амерыку. Асабліва варта было паглядзець на тое, як яны паводзяць сябе ў амерыканскіх маркетах. Цырк на дроце - сланы, а праўдзівей, сланіхі ў крамах посуду. Ці нават больш за тое - вожыкі ці вожыхі на фабрыцы прэзерватываў.
Зусім інакш, непадробна і шчыра складаліся мае адносіны з гадаванцам Лубянкі, хаця мы па першасці крыху перасцярагаліся адзін аднаго і вывучалі. Хутчэй з-за свайго беларускага падабенства. Абодва ж з аднаго палескага кубла. А сваё прыроднае і прыроджанае не збудзеш, не прадасі і не схаваеш і на Лубянцы. Таму што чым старанней хаваешся, тым больш яно навідавоку само выкрывае сябе, прэ з цябе, як цеста з дзяжы.
Недзе ў глыбіні Расіі ў свой час так схавалі лубянскую школку, што і падумаць нельга. За высокім плотам, як красныя дзевіцы ці цнатлівыя манашкі, аберагаліся будучыя асы выведкі: Абелі, Зорге, Конаны Млодыя. Хадзілі, пахаджвалі, насілі сябе па прысадах свайго парку, медытавалі ў альтанках, гулялі ў шахматы. Думалі, што выпалі са свету і навакольнага жыцця, набылі шапку Манамаха-невідзімку. Але аднойчы праз высокі плот пераляцеў футбольны мячык, з падскокам пакаціўся па траве. І адразу над плотам узнікла кудлатая, мо і не зусім цвярозая галава і прамовіла чалавечай мовай:
- Шпіёны, аддайце мячык...
Сапраўды, усё таемнае з цягам часу становіцца яўным, як тыла, ў мяшку: згвалтаваная і падманная гісторыя, сапраўдны кошт усіх рэвалюцый, справядлівых і несправядлівых войнаў, крывавая, забітая ў ГУЛагах праўда. І гэта толькі здаецца, што ўсе мы розныя і таемныя. Карэннае, нашчадкавае, у барадзе Карла Маркса, не схаваеш, у дрыгве і багне не стоіш, чужое ёсць чужое. Сваё ж заўсёды бярэ верх, кілой яно выпрэ з цябе. Кожны на зямлі смяецца, плача, робіць і нават крадзе і хлусіць так, як бацькі і бацькаўшчына запаветавалі.
Я і куратар, здавалася, дзве супрацьлегласці. Але гэта зусім не так. Адно мы з ім. Я марыў быць разведчыкам, шпіёнам, а ён здзейсніў маю дзіцячую мару. Ці не адэска-бабруйская гэта розніца паміж намі, паляшукамі вясковага паходжання, што само па сабе надыктоўвае: не вытыркацца гарэлым пнём сярод зялёнага гала. Не спяшацца са сваім словам і розумам. Больш падтакваць чужому і неўдавана гнуцца перад ім. Гнуцца, але не ламацца. Такое ўжо нашае гнуткае, ды не ломкае наканаванне ад веку ў век. З гэтага пайшлі, ідзем і ісці будзем. Таму і сёння яшчэ тэпаем, брыдзем, блукаем - губляемся і знаходзімся.
Інакш сярод балотаў і дрыгвы ды ліхіх суседзяў не выжыць. З аднаго боку ляхі, з якімі мы патаемна пабраталіся мовай і звычкамі, зямлёй, схільнасцю думак і сэрца, але ніколі не прызнаемся ў гэтым, як і яны. Толькі ўзаемна душа здрыганецца, калі іх ці нашае слова ды песню пачуе. З другога - наканаваны ці навязаны гісторыяй старэйшы брат, з трэцяга... Ёсць, ёсць і з трэцяга, калі аблога, то з усіх бакоў. А пад нагамі могілкавы белы пясочак, багна і балота. І над галавой з неба то залева, град і снег, то спёка. І заедзь-гнюс сляпіцай у вочы.