Як тут не гнуцца, не адстойваць сябе - жыць доўга, вельмі доўга трэба, каб з цягам часу аказваць сябе, сваю годнасць і вартасць, нябачна загартоўвацца да легіраванай сталёвасці. Агрызацца і выскаляцца так, што ўласнаму, роднаму чорту ў балоце моташна стала. Вось гэта прыроднае, вясковае яднала і радніла нас, службоўца-кадэбіста і мяне, няпэўнага, невядомага яшчэ мне самому прыдурка, але з нечым сваім у галаве. Як у кожнага палешука, колішняга яцвяга, зніклага, кажуць, цяпер. А ён нікуды не знік. Дрыгва і балота ўсё прыбіраюць і тояць у сабе да пары, да часу. І пакрыўджаны, абыйдзены Богам той, хто ўспрымае наш спакой, ціхмянасць і міралюбнасць за адметнасць характару і пакору. У ціхім балоце ўсе ж чэрці водзяцца.
Я неасэнсавана зайздросціў свайму куратару. Падсвядома адчуваў у ім самога сябе. Міжволі думаў - чаму я не падпалкоўнік, сын бы ганарыўся. А так... што і хто мы для сваіх сыноў, асабліва ў трэцім тысячагоддзі?! А між тым мы абодва разам з падпалкоўнікам шпіёны. Лічыцца, што самая старажытная на зямлі прафесія - прастытуцыя. Падман. Выведка - яна прастытуткай была ці не раней. Калі ўжо не блізняты яны, то, бясспрэчна, аднаяйкавыя родзічы. І зусім нядоўга дзве старажытныя прафесіі заставаліся паасобку. Як заведзена, лайно да лайна плыве. Сустрэліся, пабраліся шлюбам, пазналіся і парадніліся. А там і дзеткі пайшлі. Памножыліся. Асабліва падчас здрадаў, рэвалюцый і войнаў. Так званай ВАв - Вялікай Айчыннай вайны. Зацяжарылі і апрасталіся пятай калонай, Камінтэрнам. А ў нашыя дні палюбоўна і зачаравана зрасліся: “муж і жана адна сатана” - прастытуцыя і разведка. Здрада, шпіёнства, выведка паўсюдна і на ўсіх узроўнях. Няма шпіёна без прастытуцыі, а прастытуцыі без шпіёнства. Адсюль на ўсім свеце і такія крывавыя хлопчыкі - тэрор, смертнікі, шахіды, камікадзэ. Такая ўжо плата за ўсе ідэалогіі свету.
Праўда, некаторыя з сучасных тэарэтыкаў выведак адмаўляюць ідэалогіі. Маўляў, у большай пашане з цягам часу стаў карпаратыўны гонар, кланавасць. Але ж ці не ад гэтых кланавасці і карпаратыўнасці чакаць новай крыві, рэвалюцый і ўзрушэнняў. Таму што ў гэтай старажытнай і вечнай справе не злічыць папярэднікаў, геніяў, месій усіх часоў і народаў, хуткіх розумам жанчынаў і мужчынаў, прызнаных светам, што моліцца на іх.
Разведчыца, шпіёнка, Мата Хары пачатку дваццатага стагоддзя, набліжаныя да нас па часе Вольга Чэхава, Марлен Дзітрых, Како Шанель. Як і ўсе Рэрыхі, Васка да Гамы і наш Восіп Гашкевіч у Японіі. Дарэчы, адзін пісьменнік-японец, шпіёнячы за звычкамі сваёй рускай жонкі, за кожным яе крокам, нават фізіялагічнымі адпраўленнямі, і найбольш за імі, напісаў кнігу, якая на доўгія гады стала бестселерам.
Такім чынам, усе мы ў гэтым жыцці шпіёны. Без гэтага, пэўна, нам і не адбыцца б. Шпіёняць за светам нават нашы сперматазоіды. За мной шпіёніць зямляк, разведчык-нелегал, не аднойчы паранены ў чужых краінах. Сляды варожых куль яскрава чытаюцца на яго плячах. Я шпіёню за ім, мо крыху і за самім сабой, а больш за чужой жыткай, у чужой мне краіне Амерыцы. Бескарысна, але ж, але ж... Хто ведае, хто ведае: самы подлы смех - смех шчыры і не за плату. Не толькі каты і коткі млеюць ад гуляў. Мы ім не саступаем. Асабліва, калі за забаўкай - пазнанне. І небяспека. Без адрэналіну сёння няма жыткі. Гармон - зусім як колісь гармонь.
Не суджу, толькі прыглядаюся, прымяркоўваю да сябе і сваёй бацькаўшчыны. Цікава. Вельмі цікава, пазнавальна і адрэналінава. Так, тут, у Амерыцы, жытка зусім іншая. Мы - каменны век, Маўглі бальшавіцкага разліву і паходжання. Ды не зусім жа, не настолькі ж, каб забывацца на сваё званне. Сталых гадоў амерыканец нясе за плячыма абярэмачак дроў - чатыры-пяць бярозавых паленцаў. Мяне дзівяць і дровы, і тое, што іх так мала. І гэта адбываецца сярод хмарачосаў з бетону і шкла, на асфальце. Які, дарэчы, уначы мыюць шампунем, і таму ён блішчыць, што ў ката яйцы. У яго ж яшчэ з-за спёкі летам і плаўленае шкло дадаюць. Сярод тых жа хмарачосаў, зіхоткіх вітрын супермаркетаў і безлічы хуткіх легкавікоў - усе ў руху, бегу, гоне. Горад па насельніцтве ў паўтара разы большы, чымсьці ўся мая краіна. Мне тлумачаць: хутка каталіцкае Раство. Дровы прызначаны яму. Куплёныя. Кошт - пяць-шэсць даляраў. Пераводжу на айчынныя, драўляныя. Воз можна купіць. Не, усё ж такі-сякі парытэт цэнаў увогуле ў сённяшнім свеце існуе. Дарэмна ці танна адно - пераплата на другім. І такія дробныя выкрывальна-шокавыя адкрыцці на кожным кроку.