На рагу шэсцьдзесят сёмай стрыт куратар прыпыніўся. Нейкі час пільна прыглядаўся да шыльды з назвай на канцавым будынку. Вуліца звалася імем Алены Бонэр. Знаёмае мне, а яшчэ больш куратару, прозвішча, што ён, не сыходзячы з места, і засведчыў:
- У-у, зверюга в юбке!
Выказаўся гучна і злосна, нібы гэтая звяруга жыўцом стаяла перад ім. Мяне ўскалыхнула яго абуранасць. Што ні кажы, па краіне ўжо другі год кацілася рэвалюцыйная - зноў рэвалюцыйная - перабудова і цвярозасць. Куратару, на маю думку, усё ж лепш быць матросам у кастрычніку сямнаццатага года п’яным і пад кайфам. Мо б і не так перабудовачна бурчэў жывот. Але ж гэта да слова.
З крывавага пачатку стагоддзя ўжо праступаў катавальна-расстрэльны курапацкі шлях. З абылганага і ўкрадзенага мінулага туманова імкнуліся паўстаць з магілаў зведзеныя ў беспамяцтва продкі, беларускія Дзяды. “Архіпелаг ГУЛАГ” ужо ляжаў на паліцах кнігарняў, праўда, яшчэ не нашых. Але друкавальныя станкі, што выязныя коні, ужо стаялі напагатоў, чакалі дазвольна паганяльнага: “Ну, пайшлі, буланыя і вараныя!” Хаця сам Салжаніцын яшчэ жыў у выгнанні, у Германіі, а потым - у Амерыцы, Андрэй Сахараў з жонкай Аленай Бонэр - у ссылцы, пад арыштам у горадзе Горкім, былым і будучым Ніжнім Ноўгарадзе. І таму знакавае, як тое было на самой справе, выказванне куратара я зразумеў значна пазней. Зразумеў, што гэта скарга, горкае прадбачанне лёсу яго канторы, яго асабістая крыўда.
А тады мы павярнуліся і пайшлі звычайным нашым маршрутам, па якім хадзілі заўсёды ў вольны час дагэтуль. І я, як па палескіх, зрэджаных прагай волі, а часам і сякерай чалавека, прасторах і разлогах, наскрозь працятых, прастрэльна нанізаных на сонечны прамень гонкіх мядзянаствольных барах, распарана крэкчучых дубровах і цнатліва гуллівых бярозавых гаях. Куратар суладна са мной, толькі трохі мядзвекавата ці барсукавата, абачліва насцярожана, як бы і на патыліцы маючы вочы, звярына ахопліваючы наўкруг сябе ўвесь абшар. Мне нават здаецца, і час. Усё гэта памяшчалася ў яго вачах, на выгляд не надта пільных. Больш па-амерыканску ўсмешлівых, хаця і з паляшуцкім прыжмурам ды іскрынкай недзе глыбока ў зрэнках. Наша вока, нікуды не падзенешся, здольнае і пасмяяцца, і загарэцца, і надурыць. Хаця, не выключана, і пужанае, таму абачлівае, ненадакучлівае, што я ці не адразу ацаніў у ім.
Толькі ці не з-за нашай абачлівасці, ненадакучлівасці і стрыманасці, па сведчанні даследчыкаў смеху - ужо і да гэтага дабраліся - наш чалавек не мае натрэніраванасці смеху. Наш смех больш падобны да квашанай, кіслай капусты. У лепшым жа выпадку - неразгаданай таемнасці Моны Лізы Джаконды з яе прыхаванай паблажлівасцю, а то і пагардай. І ўсё з-за адсутнасці стаматалагічнай культуры зубоў - ці не тое ж самае з Монай Лізай? - мы баімся паказаць свету свае зубы, такі іх стан. Адпаведна і наш стан, змушанасць нашага характару. Крыўдна, крыўдна. Але, з другога боку, звычка паказваць, выскаляць зубы - сведчанне агрэсіі, калі нават меркаваць па жывёле і зверу, тым жа сабаку. А мы ж міралюбныя людзі, хаця і з гнілымі зубамі. У нашага ж куратара ці прыродныя, ці ўстаўныя, а хутчэй за ўсё натрэніраваныя да смеху, амаль амерыканскага кшталту. А як у яго ўвогуле, як у падпалкоўнікаў з Лубянкі з агрэсіяй, мне невядома.
Што ж мяне найбольш займала ў ім, - гэта маё ўласнае: ці адчувае ён, падобна мне, сонечнасць вялікага горада, мегаполіса. Я ж яшчэ з палескага маленства быў зачараваны сонцам. Гэта было мо адзінае, чаго мне хапіла ў дзяцінстве. Я піў яго нагбом усюды і ўсім целам, гроб далонямі на голы жывот. Таму што Палессе па сонечных днях не саступае самой Адэсе-маме. І мяне вельмі здзівіла, калі адзін з нашых дыпламатаў, дарэчы, будучы міністр замежных спраў, на амерыканскае пытанне, як яму падабаецца Нью-Ёрк, адказаў з нейкім намёкам на заганнасць горада, шматлікасць у ім хмарачосаў, што зацяняюць вуліцы:
- Падабаецца, толькі сонца мала, бракуе сонца.
Што ж, адказ варты дыпламата, будучага міністра замежных спраў. Мне ж хмарачосы вачэй не засцілі. Неяк вельмі ўдала стаялі яны на падмуркавым граніце Нью-Ёрка, прымушалі мяне глядзець у неба, сачыць за сонцам і гуляцца з ім у хованкі. Адзінае, чаго мне не ставала ў гарадской прыязнасці чужога ўсё ж мне Нью-Ёрка, - гэта амаль поўная адсутнасць дзяцей. У нас у Мінску яны стракатымі гарошынкамі каціліся за дарослымі, пехатой і ў вазках. А тут толькі зрэдзьчасу неяк квола па-птушынаму, як з кублаў, вытыркаліся з заплечнікаў заклапочаных матуль.