Выбрать главу

Пад маё глыбакадумнае маўчанне мы з куратарам дайшлі да канца шесцьдзясят сёмай стрыт і апынуліся на Мэдысан-авеню, ці пятай вуліцы, на рагу якой я заўсёды здзіўлена спыняўся. Не стрымаўся і цяпер. Зрок не падводзіў, хаця гэта было і непамысна мне. У вуглавым будынку месцілася нейкая крама, якой я мімаволі з першых дзён у Нью-Ёрку асцярагаўся. У мазаічных вітражах вітрын крамы раслі нейкія зусім не наскія, хаця і звыклыя майму воку дрэвы. Ніцма прыпалая да россыпу дробных камянёў разложыстая хвойка і такі ж самы ядлоўнік. Добраму сабаку хібіла заднюю нагу на іх ускінуць.

Толькі ўражвала іншае - цэннікі, кошт гэтых недалыжных хмызовых дрэў. Чатырыста пяцьдзясят, шэсцьсот даляраў. Я разумеў, што гэта нешта дэкаратыўнае, накшалт японскага мадняцкага ў тую пару бансая. Але ж бансай ён то бансай, ды навошта мне, чалавеку, гэтыя лесапасадкі, карчы і хмызы, за такія грошы. Такі бансай, такі хакей, як на ўвесь свет усклікнуў некалі спартовы каментатар Мікалай Возераў, нам не трэба. І было цікава, ці трэба ён заможным амерыканцам? Я сачыў, ці купіць хто-небудзь з іх гэты бансай. За тры месяцы майго знаходжання ў Нью- Ёрку ахвотнікаў не знайшлося. Палешукі і янкі ў нечым усё ж сышліся, аказаліся аднадумцамі, што ўсцешвала палешука - дробязь, а прыемна.

На рагу Мэдысан-авеню, пры сведках бансаевай дураты і распусты, здзеку з мяне, куратар і паведаміў мне, навошта я яму зранку спатрэбіўся:

- Будзеш ісці следам за мной, але не падыходзіць. Мы не ведаем адзін аднаго. Кароў пасвіў?

- Пасвіў, - прызнаўся я.

- Цяпер будзеш пасвіць мяне. Толькі не губляй, бо я буду каровай збродлівай. Буду, задзершы галаву і хвост, бегаць, лётаць, пераходзіць з адной вуліцы на другую. Дурыць.

- Тады б пугу.

- Абыдзешся вачыма і галавой. Палескі пастух - жывёла кемлівая. Таму і звялі разам з каровамі ў прыватных гаспадарках. А раней жа, ого, чалаве­кам жа быў, і я з іх. Буду імкнуць наперад, вяртацца, збочваць. Разявакам спыняцца каля люстраных вітрын. Не здзіўляйся. Ведаеш пра нас прыпеўку? На прыёме ў замежным прадстаўніцтве дыпламат лапае бландзінку. А тая яму піша запіску:

Как доберешься до яйца,

Не делай глупого лица.

Привет от родины сынов.

Майор разведки Иванов.

Так і мы с табой. Я - на заданні. А ты прышый кабыле хвост, а ў яе свой, павадыр-разявака. Сачы, хто ідзе за мной. Хто мільгне побач, наперадзе ці адзаду мяне двойчы, тройчы, сігналізуй мне. Сячэш?

Я сёк, і таму без пярэчанняў, а мо нават і з гонарам падпарадкаваўся яму. Чаму не пагуляць палешуку ў Нью-Ёрку ў шпіёны? Апроч таго тут мелася і адна акалічнасць. Мне варта было задобрыць свайго куратара. Апраўдацца перад ім. Вінаваты ж, вінаваты перад ім, нікуды не падзенешся.

Учора вечарам у ААН адзначалі Дзень Беларусі, і я павінен быў выступіць. На сваю бяду, як сараканожка, задумаўся: а на якой мове мне, беларусу, у Амерыцы гаварыць. Задумлівасць двуязыкага змея: зусім не думала цяля, як бы воўка з’есці. Проста разважала без кукіша ў кішэні і апазіцыйна-нацыянальнай афарбоўкі: калі Дзень Беларусі, дык і прамаўляць на свяце ў яе гонар варта па-беларуску. Хаця б таму, што Беларусь разам з Украінай і Расіяй - Савецкім Саюзам - была заснавальніцай ААН. Як краіна, найбольш пацярпелая ў Другой сусветнай вайне, краіна, што страціла кожнага трэцяга, а мо і палову свайго насельніцтва. Генацыд, не асэнсаваны і не прызнаны светам. Дарэчы, не першы, і не другі, і нават не трэці... Не выключана, што не апошні...

Мо таму яна і страціла сваю мову. Гаварыла ў ААН на мове старэйшага брата, як, між іншым, гаворыць і сёння. І я выйшаў на трыбуну і пачаў выступаць на беларускай мове зусім не пратэстова. Мо больш нават па глупстве. А мо і не па глупстве. Час, зноў жа, куды больш празорлівы за нашу існасць. Недзе нешта яшчэ не яўленае лунала ўжо ў прасторы. Мяняла і разбурала застойную, зацята задубелую рэчаіснасць і чалавека, у тым ліку і мяне ў ёй. І было гэта ніколькі не стыхійна, свядома. Не ведаю, ці разумела зала, а сядзелі там і ўкраінцы, і расейцы, і амерыканцы, белыя і чорныя - усе слухалі ўважліва і, здаецца, са спачуваннем і перажываннем. Бо якраз пра вайну і дзяцей вайны, сваё дзетдомаўскае я і гаварыў.

Усё пачалося адразу пасля заканчэння вечара ці Дня Беларусі. Мяне ніхто не папракаў, не папікаў, мо нават наадварот, не бачылі ва ўпор, абыходзілі бокам, адводзілі ад мяне вочы. Усе некуды спяшаліся, што мне было трохі дзіўнавата. Нашыя ж аанаўскія супрацоўнікі - людзі прыязныя, як і амерыканскае атачэнне, - з кім павядзешся, ад таго і набярэшся. Што з імі сталася, чаму яны цяпер такія. Растлумачыў куратар пасля гаворкі, пэўна, з такімі супермэннымі куратарамі нашых саюзных краін і стажорамі з Беларусі.