Выбрать главу

Дзед плакаў, праўда, не ўголас, але слёзна, вачыма. Прытуліўся да мяне, абхапіў аберуч:

- Не пазнаеш?

Я не пазнаваў, у чым і прызнаўся.

- Я Міхась, хлопчык. Міхась Міцкевіч. Брат Якуба Коласа.

Мне як развіднела. Цьмяна, але я нешта чуў пра брата Коласа Міхася, яго пакручасты лёс.

- Вер мне, хлопчык, вер, - між тым гаварыў дзядок. - На маіх руках крыві няма.

- І ў мяне рукі чыстыя, - падышоў Масей Сяднёў.

Шкадую, ні з Міхасём, ні з Масеем працяглай гаворкі не атрымалася. Перанялі і адцягнулі ўвагу знаёмыя, а мо і родзічы вядомага ўжо тады спевака Данчыка. Падаравалі дзве кружэлкі з запісам яго песень, сярод якіх на словы Ніла Гілевіча “А я лягу-прылягу”, якую адразу ж нараклі гімнам беларускага лайдака і якая сёння дык, пэўна, магла паслужыць з ласкі ўладаў і гімнам дармаеда. Адна кружэлка прызначалася мне, дру­гая паэту Алегу Мінкіну. Толькі я вінаваты. Даруй мне, Мінкін, сваю, як палічыў, я разбіў, а тую, што павінен быў перадаць табе, аддаў Нілу Сымонавічу, чым надта ж усцешыў яго.

Заняты гэтымі падарункамі і наказамі, усё ж прыкмеціў, што нідзе ў зале няма майго куратара і шафёра нашага прадстаўніцтва. Куратар узнік каля мяне нечакана. І адразу ж настойліва пацягнуў да выхаду з залы:

- Біць будуць. Будуць біць, - давёў ён мне. - Я гэта адчуў пасля тваіх апошніх словаў пра паліцаяў. Знік, каб падагнаць бліжэй машыну: каб з ганку - адразу ў легкавік. Хутчэй выходзім. Стаянкі нідзе няма, усё занята. Машына заведзена.

І мы ці не подбегам пакінулі залу публічнай бібліятэкі Нью-Ёрка. Не ведаю, збіраліся мяне біць ці не. Хочацца верыць, што не, вельмі ж гасцінна сустракалі мяне бібліятэкаркі і шмат хто са слухачоў. І хораша, і ўтульна мне там было, і нос ні з вечара, ні з ранку таго дня не часаўся. Хаця пазней мы з куратарам, ужо ў прадстаўніцтве, добра ўзялі на губу і пагаманілі душэўна, пусціўшы ваду ў прыбіральні, каб ніхто нас не падслухаў і не ўведаў нашых сакрэтаў.

Мяне і ўразіў, і крануў клопат куратара, яго імгненная рэакцыя і кемлівасць. Усё гэта паціху, пакрысе пачало знікаць з нашага жыцця. Нават пастановы Палітбюро ці прэзідыума ЦК КПСС, па іх жа сведчанні, выконваліся толькі на дваццаць пяць адсоткаў. На тры чвэрці ўлада проста балаболіла і страсала паветра. У самым разгары была гарбачоўская перабудова і галоснасць. Заканчвалася дваццатае стагоддзе, набліжалася дваццаць першае. Панавалі разгубленасць і апатыя нізоў і няздольнасць вярхоў.

А я не жадаў выходзіць з дваццатага свайго веку - вясковая вернасць. Вернасць свайму стойлу, балоту і часу. Як гаварылі тады: мы айчыну не прададзім, мы яе лепш прап’ем.

Усё сумясцілася ненаедна ў адным чэраве. Прадалі і прапілі. Выпілі і закусілі, толькі не ўсе. Адзінкі. І не віна і гарэлкі, а крыві - надзеі, веры, марных спадзяванняў. Але гэта яшчэ наперадзе. І я, як сапраўдны беларус, тым больш паляшук, што ніколі сала свайго кабанчыка не есць, у большасці чужое, суседскае. Сваё ж - прынамсі, гэта было раней - разносіць, раздае па тых жа суседзях, сябрах, родзічах. А тыя кормяць яго ў адказ сваім салам. Вось так дрымуча і ў кругавой повязі і жывем. З гэтым нараджаемся і паміраем: абы ціха. Абы не было б вайны: бы-бы-бы, быбыкі.

Гэта было ўва мне і дома, і на чужыне. Я перасцерагаўся каму-небудзь быць вінным. Лічыў абавязкам разлічыцца за кожнае добрае слова, акраец хлеба, скрылёк сала. Ці не адсюль бярэ пачатак нашая паслухмянасць і памяркоўнасць і не перапыняецца з веку ў век, бо сумленне таксама няспыннае і непарыўнае. Калі ёсць, то ёсць, а калі няма... Спажывецкі час толькі выкрые і памножыць яго адсутнасць на тыя ж грошы, даляры, фунты, юані і рублі. Мільёны і мільярды, што ў нас жа ўкрадзены. Украдзены ў адлітых з гіпсу, згарэлых пасля землятрусаў людзей, у нас з вамі.

Вось чаму я без роздуму і ваганняў прыняў прапанову куратара і авечым хвосцікам пацёгся за ім ці не з узноўленай, акрылены летуценнай марай маленства, жаданнем подзвігу, служэння Айчыне, падобна ўжо сатлеламу Паўліку Марозаву. У той жа час па-шпіёнску, выведкава не губляючы з поля зроку не толькі мінулае і сённяшняе куратара, але і наваколле. Раенне чужога люду на чужых мне вуліцах, нервовы рух як нашкіпінараных легкавікоў, іх хаду і пешую прысутнасць сярод усяго гэтага самога сябе. І мне гэта было надта ж цікава.

Асабліва займалі спачатку людзі. Падобна, яны не прывыклі хадзіць пешкам, не адчувалася нашых асалоды і імпэту пешай хады, мэтавай яе заклапочанасці і бесклапотнасці пад апекаваннем родных бароў і водаў. Яны ж ішлі і ішлі, хаця і прыязна ўсмешлівыя, але як выгнаннікі-яўрэі з Егіпта, аднолькава няўважна, непрывязна і адрачона, здаецца, што не па Вавілоне, па пустыні. Вандроўнікі, качэўнікі, пустэльнікі. Але ў гэтай іх вулічнай адасобленасці, усмешлівасці і незанятасці і гультаяватасці руху, як ні дзіўна, была праўда, праўдзівасць, непарушная ўпэўненасць у тым, што толькі так і варта хадзіць. Нейкая заказная, зададзеная патрэбнасць, хаця патрэбнасць звыкла вымушаная, механічная: ранкам бегалі дзеля мацыёну і здароўя, цяпер шпацыравалі, упэўненыя ў сабе, сваёй хадзе, сваім горадзе, асфальце і непахіснасці сваіх шклобетонавых хмарачосаў. І самі як хмарачосы, бо амерыканцы непадробна - нават беспрытульныя - нясуць у сабе ж Амерыку і амерыканцаў, як расійцы сваё разумение старэйшага брата.