Застаюцца адзаду, змяняюцца, адбягаюць і зноў набягаюць амерыканскія авеню, стрыты і пранумараваныя, як у нас нумаруюць казённую мэблю, нерухомасць, нью-ёркскія вуліцы. Так, як мы ідзем, заяц скідвае петлі, кругамі ходзіць воўк, кружыць коршак над сялянскай сядзібай у пошуках спажывы. Такая ўжо звярына-птушыная доля шпіёнская - воўка кормяць ногі. Хаця, гавораць, сёння сэнсу шпіёніць, біць ногі і тлуміць галаву - нуль цэлых і нуль дзясятых. Усё на слыху, усё на бескасцёвым языку, мове газет, радыё і тэлебачання: бла-бла-бла. Усё ўжо прашпіёнена, на блакітным сподачку, усяму свету па сакрэце абвешчана. Выведана, як на Айчыне, украдзена. Але раскрадзена то раскрадзена, а крадуць. Нешта, значыць, застаецца. Невычарпальны айчынны самабраны абрус. І сярод шпіёнаў і выведкі беспрацоўных няма. Хутчэй наадварот, як кажуць, былых разведчыкаў і кадэбэшнікаў не бывае. Усе пры справе, пад крылом дзяржавы. Бо за сваімі вока і вока трэба мець і мець. Хаця б дзеля ўведання, дзе што ляжыць ці стаіць, каб самім скамуніздзіць. Вока і адвечнае паганяла заўжды трэба мець, а то і хрэн за мяса перастануць лічыць.
І вось ці не тут той заўсёды зламысны сабака закапаны: як пры такім воку, наглядзе, такой незлічонай раці вартаўнікоў прашляпілі, прагледзелі не што-небудзь дробненькае, а краіну, дзяржаву. Адну шостую частку свету. Няйнакш памаглі самі вартаўнікі разам з крамлёўскай хеўрай. Як гавораць, хто на чым сядзіць, хто што вартуе, той гэта і крадзе.
Мэдысан авеню, пятая авеню, Цэнтральны парк паміж імі, Тайм-сквер, Эмпайр Стэйт Білдынг, Брадвей - усё змяшалася ў беднай галаве палешука. Хаця Брадвей з гэтай мешаніны выбіваецца. Надта ж на слыху паўсюль. Выбітны працягласцю - дваццаць пяць кіламетраў, чвэрць даўжыні Сталінграда ці Валгаграда, як наша, па асацыяцыі і блізкасці па назве Даўгабродская. Была колісь Даўгабродская, перайменавалі ў Казлова, і стала Казлабродская. Але паміж нашым Казлабродам і нью-ёркскім Бродам, амаль адэска-бабруйская розніца. Іхні Брадвей і непадалёку ад яго Ўол-стрыт, апендыкс, накшталт нашых кароткіх Сацыялістычных тупікоў. А тут сусветная знакамітасць, прыстанішча разбэшчаных лайдакоў, музей і выстава ўолстрытаўскіх банкаў, банкіраў, мільёншчыкаў і мільярдэраў, якія, небеспадстаўна пагаворваюць, і ходзяць не па асфальце, не па бруку, а па алмазах і брыльянтах - чаму ў іх вечная патрэба абутку, падэшвы туфляў не трываюць у бедных і няшчасных. Імгненна зношваюцца ўшчэнт на алмазах бруку.
І сапраўды, бедныя і няшчасныя тыя, каго я бачу цяпер на Ўол-стрыце. Ніколькі і нічым не выдаюць на багацеяў. Ідуць не надта вялікімі купкамі. Як пазбягаюць і староняцца адзін аднаго. Крочаць лена і, як мне здаецца, разморана, нібыта апоўдні ў сонечным зацішку ці ў надвячоркавым спакоі каровы з пашы, раскарачаныя ад лішку малака ў вымені, - ледзь жуйку не жуюць. Туфлі не зношаныя, апрануты, падобна, беднавата, але чысценька, па-старэчы чысценька, дагледжана. Падэшвы спраўныя, а твары ўжо добра зношаныя, пабітыя ці то моллю, ці то ўзроставай грэчкай, іржой.
Неяк да гэтага я бачыў, як па Ўол-стрыце і Брадвеі шпацыравалі зусім іншыя людзі. Маладыя і падцягнутыя, мадняцкія, з іголачкі апранутыя, так што і пылінкі на іх не было. Сапраўдныя янкі ці дэндзі-мільёншчыкі і мільярдэры. Але мне патлумачылі, што гэта простыя банкаўскія служачыя, клеркі. А папраўдзе міліянеры і міліярдэры вось такія непаглядныя і каржакавата затруханыя - старыя казлы. Сціплыя і ціхія амерыканскія Альхены - як расійскія Абрамовічы ды Гусінскія з Беразоўскімі. А непаглядныя таму, што няма чаго на іх глядзець. Глядзіце на іх даляры. І я і думаць не мог, што сярод іх ёсць нехта з ЦРУ ці ФБР, якія цікуюць за мной і куратарам, амаль ужо сапраўднымі, спрактыкаванымі працаўнікамі мяча і шчыта.
Зусім іншая справа і карціна чакала нас у Цэнтральным парку Нью-Ёрка, вельмі дагледжаным і напакаваным маладым і спартыўным людам, белым і чорным. Не мітуслівым, не гаманкім, сур’ёзна і працавіта адпачываючым. Адны палёжвалі на зялёнай траве-мураве пад шатамі задумліва-шапаткіх дрэваў. Другія ўдумліва тапталі шматлікія сцежкі, гонячыся за доўгажыхарствам і здароўем. А той-сёй, хлопец і дзяўчына, накаціста імкнулі ў мінулае, а мо і будучае на старажытных амерыканскіх паштовых дыліжансах, карэтах і кабрыялетах, запрэжаных двума ці нават тройкай конікаў. Што было незразумела - паўсюдная адсутнасць шыльдаў нашага паркавага і скверавага кшталту: праход забаронены, па клумбах не хадзіць, кветкі не рваць, на траве не ляжаць, ды іншых. Як, дарэчы, на ўсім нашым шляху па Нью-Ёрку нас ні разу не загналі пад зямлю, ні адзінага падземнага пераходу, што так люба Айчыне. Псіхалогія.