І ці не тая ж псіхалогія ўладарыла ў парку. Дваццаць першае, хаця яшчэ дваццатае стагоддзе вытыркалася, паказвала свой твар, настальгічна плакала і смяялася сярод аціхлых дрэваў, бесклапотна, але сур’ёзна занятых адпачынкам у выходны дзень людзей. Я мімаволі страпянуўся і паплыў, паплыў у свой пачатак, у сваё хаця і дзетдомаўскае, але светла- бестурботнае галапузае дзяцінства.
Было падобна, што мяне падымалі і неслі. Трубныя архангелаў і анёлаў гукі, чыстыя гукі мінулага і будучага нараджаліся і пачыналіся не з зямлі, а з неба. Павольна слізгацелі, хмарава луналі ўгары, дасягалі долу. І, няздольныя справіцца з чысцінёй, напалам і ўзнёсласцю, прападалі, хаваліся ў вушастых медных капялюхах раструбаў духавога аркестра. Ганарліва наструненых шляхетных горнаў і падтакваючых ім падбрэхічаў альтоў, па-вясковаму задумлівых няспешных і памяркоўных тэнараў, усёпераможных і ўпэўненых у сабе брухатых басоў. І зноў аказвалі сябе ўвайшоўшыя і адразу ж вызваленыя з металу. Захоўваючы нябеснасць, залатымі зайчыкамі, што вольна разбягаліся паўсюль, палюбоўна дападалі да лістоты, шатаў і макавак дрэваў, ператвараючыся ў аціхлых на тую хвіліну хуткіх крыламі птушак. Галосячы іх боскімі спеўнымі галасамі, якія ўхвальна слухалі, звесіўшы галовы ўніз, хвастатыя - распушаным хвастом у неба - вавёркі.
Гэта была застыглая, затоеная ў часе музыка таго местачковага дзетдома, у які я трапіў. І, пэўна, не толькі дзетдома. Аркестр духавой музыкі прабегся па лёсе ці не ўсяго майго казённага і хатняга пакалення:
В городском саду играет духовой оркестр,
На скамейке подсудимых нет свободных мест...
Ці не гімн гэта маленства, сталення самога майго, нашага некалі былога часу, калі па ўсіх парках, скверах, на ўсіх танцпляцоўках ігралі ў большасці толькі духавыя аркестры, праз млявую тамлівасць якіх дзяўчыны станавіліся жанчынамі, а падлеткі, юнакі - мужчынамі.
І мяне па прыездзе ў пасялковы дзетдом сустрэлі і ацанілі - да якога духавога інструмента я прыдатны.
- Труба, - мовіў хтосьці з купкі сустракаючых.
- Не, губамі не выйшаў. Таўставатыя.
- Тады бас.
- І тут не падыходзіць. Танкаватыя.
- Тады ні на што не годны. Ні ў кутніцу, ні ў Чырвоную Армію.
Як у ваду глядзелі. Непрыгодны я быў да музыкі і музыкаў, як і да Чырвонай Арміі. Не было слыху. Строем не здольны быў хадзіць і каманды не разумеў: як гавораць - сена, салома. А сама музыка чаравала. Абуджала. Нешта накшталт коціка ці злодзея, духоўнага злодзея, мімаволі пранікальнае ў чалавека. Так яна ўзяла і маіх дзетдомаўскіх хаўруснікаў. У пасёлак прыйшла разам з войскам, што на нейкі час спынілася і квартаравала там. Войска мела свой духавы аркестр, гукі якога імгненна спустошылі дзетдом. Вайсковыя музыкі, уражаныя апантанасцю захаплення зусім не дзіцячых вачэй, што спазналі вайну і смерць, вырашылі падарыць ім свае інструменты, самім жа на вайну пайсці паміраць без музыкі. Пакінулі ў памяць пра сябе палескім сіротам свой трафейны духавы аркестр і тым адным з іх прызначылі будучы лёс, другім жа - проста магчымасць нечым заняцца. Зарабіць на курыва ці цукерку, правесці свайго ж равесніка пад крыж на местачковыя могілкі ці на станцыю да цягніка. У самастойнае жыццё.
Неба цешыла, лагодзіла сябе і людзей музыкай, жывым і рухомым дыханием і духам свайго жытла, невычэрпным, неабсяжна вялікім і велічным, што абдымкава прыпадала, паланіла і песціла ўсё існае на матухне Зямлі. Абуджала яе ззянне, прамяністасць яе блакіту, патрабуючы ў адказ таго ж самага. Такой жа ласкі, пяшчоты. Каб там, дзе гэтае зямное і нябеснае сыходзіліся, зачыналася вясёлка, што каляровай музыкай ахоплівала і агучвала, асвячала неабсяжную бясконцасць нашага будучага, у якім не зводзіўся б дух і дыханне той жа музыкі, каб чалавек назаўжды стаў носьбітам, суседам, жытлом, захавальнікам вясёлкі, струннай яе музычнай цноты.
Не, толькі дзеля гэтай сустрэчы ў Цэнтральным парку чужой, а мо і не надта прыязнай краіны варта было пайсці ў шпіёны, пагуляцца, як у маленстве, з небам і зямлёй. Хаця духавы аркестр тут быў зусім гукава і знешне нават не падобны да нашага дзетдомаўскага. Яднальнымі заставаліся толькі захлісты і захлынанні знаёмай, роднай мне радасці і скрухі, стоенай у ім. Узнёсла чыстыя і бязмежна кранальныя, без фальшу. Ігралі ўкраінцы. Маладыя ружовашчокія твары парубкаў, а каля іх - кроў з малаком маладзіцы. Стракатасць вышыванак, сарочак, паясоў, запарожскія чубы, вусы і бездакорна бліскучая, зіхатлівая медзь інструментаў - не інакш, як і мы, крэйдай драілі і суконкай паліравалі. І дыхалі, дыхалі на іх, дыхам сваім надавалі спеўнасці ім.