Амаль нашы людзі, суседзі з Нью-Ёрка. Нашы, але зусім не нашы. Мяне яшчэ раней папярэдзілі, каб я, крый Божа, не загаварыў каля іх на рускай мове. У лепшым выпадку зганяць і затуркаюць. А то і пабіць могуць. І я быў хаця і сярод іх, але стоена, маўкліва, як сапраўдны шпіён і паляшук - толькі вачыма, вушамі і крыху сам не ведаю чым, мо сцішанасцю, нібыта пры ўваходзе ў бацькоўскую хату пасля доўгай разлукі, дыхання.
Сярод іх, пэўна ж, былі і службоўцы, звязаныя з ЦРУ і ФБР. Няма вяселля без нячысціка, чорта і дзіва. Былі, я ўпэўнены, бо ці не ўсе хахлы зацятыя не толькі ў працы, але і ў службе. Толькі я быў супраць гэтага, так ужо выхавалі, нягледзячы ні на што - здрады, ссучанасці мы не трывалі. Ледзь што, адразу ж ладзілі цёмную. Мо таму з мяне такі няўдалы шпіён, ці то мы, палешукі, увогуле як шпіёны нікуды нягодныя. Ці то ўсе шпіёны за намі ў нядзелю звяліся, ні ЦРУ, ні ФБР мышэй не ловяць. Крыўдна нават. Гады ў рады выправіўся бедны паляшук у шпіёны, і тут яму не шанцуе. Так ужо нам наканавана.
Але ж у Цэнтральным парку, непадалёк ад украінскіх музыкаў, здаецца, пашчасціла. Знайшоўся такі-сякі, падобна фэбээравец ці цэрэушнік, хаця і чарнаскуры. Адліты з ваксы, адны далоні і зубы блішчаць, паказальна мажны. І крошкі сабраў - шпіён. Асабліва ўначы пры месяцы, ды і ўдзень жа чорнае парушыць і засціць вока. Я прыкмеціў яго яшчэ раней, ці то на пятай, а мо і на шостай авеню. Ён цягнуўся следам за намі, маім куратарам і мной, спыняўся, калі спыняліся мы. Пільна прыглядаўся да тых, хто крочыў побач з ім, у тым ліку і да нас, маскіраваўся цікаўнасцю да сметнікавых урнаў.
Тут варта адзначыць, што амерыканцы ў вулічным абыходку не надта ахайныя. Як знарок, смецце стараюцца кінуць міма сметніцы, амаль як і мы. Лічаць, чыста там, дзе прыбіраюць. І ўначы Амерыка прыбірае ўсё дзённае. Але пасля дажджу асфальт каля урнаў і самі урны расцвітаюць, нібыта клумбы, кінутымі зламанымі, а часам і спраўнымі парасонамі. Амерыка, як кажа шафёр нашага прадстаўніцтва. Яе б на Палессе ці ў Мінск, мы б навучылі хаця б парасоны паважаць і свабоду любіць.
Негр не абыходзіў ніводнай сметніцы, корпаўся, нешта вышукваючы ў іх, але парасонамі відавочна грэбаваў.
Ён неадступна следаваў за намі па авеню, стрытах і ў Цэнтральным парку. Украінскіх музыкаў абачліва мінуў бокам, мо быў расійскім неграм? Затрымаўся, распужаўшы на дрэвах вавёрак. Прымусіў іх ваяўніча, трубна ўскінуць угару іржавыя хвасты. Схаваўся ў маладым падросце кустоў. Доўга корпаўся там і нешта мармытаў. І зноў крочыў за намі. І я пры першым жа сутыкненні з куратарам на межава сярэдзінным падзеле нейкай авеню ці стрыт, наструнена, як наш разведчык Абель і амерыканскі шпіён, лётчык Паўэрс на мосце пры двухбаковым узаемаабмене імі, падаў яму знак. А пры непасрэдным кантакце паведаміў:
- Ёсць падазроны. Нас вядуць. За намі сочаць.
- Хто? - амаль радасна выдыхнуў куратар, бо, пэўна, абрыдла зацягнутая і без перашкодаў гульня ў выведку. Я кіўнуў яму на негра, які на той момант прыпаў да сметніка, нешта ўсё ж дастаючы адтуль і хаваючы ў добрых памераў цэлафанавым пакеце.
- Не. І блізка не, - астудзіў маю пільнасць куратар. - Звычайны гарадскі валацуга, бяздомнік, бомж. Такіх на свеце пятнаццаць адсоткаў - ніколі не рабілі нідзе і рабіць не будуць. Бачыш - бляшанкі алюміневыя збірае з-пад “кока-колы” і “пепсі”, як нашы бамжы пустыя бутэлькі, а яшчэ і ўкрадзе што-небудзь.
Як у пацвярджэнне гэтага, міма нас пратупацеў яшчэ адзін негр: размахваючы ці не японскай сталі дарагімі нажамі з крыкам, які мне пераклаў куратар:
- Танна, таму што крадзена. Танна. Таму што крадзена.
- Во, бачыш, - зноў жа радасна мовіў куратар, - самыя звычайныя дармаеды.
І мы патэпалі далей.
А сёння я ў одуме пра тыя пятнаццаць адсоткаў амерыканскіх дармаедаў. Абкласці б іх падаткам на дармаедства - азалаціліся б. Акрыяла б адразу дзяржава, забагацела. Няма на іх нашых правадыроў, эканамістаў і мысляроў. Атамныя станцыі будуюць.
Так ішлі мы, ішлі чужым сонцам смаленыя і апечаныя. Хаця гэта мне ўжо абрыдла. Але ж беларускія, палескія шпіёны трывушчыя і цягавітыя. Як пра нас, паляшукоў, кажуць: такія ж людзі, толькі са знакам якасці. Кожную справу даводзяць да заканчэння яе ці сябе. Выжыльваюцца да апошніх гізунтаў - пакутнікі часу, гісторыі, мо таму і пазбаўленыя зямлі, мовы і ці не імя. Адным словам - беларусы.