Недзе, мо на Тайм-скверы, маладзенькія амерыканскія прыгажуні, пяць-шэсць дзяўчатак школьнага ўзросту, даволі спрактыкавана, з зусім не падлеткавым веданнем справы круцілі яйцы прэзідэнту Рональду Рэйгану. Рэйган быў кардонны, з пап’е-машэ, але зроблены грунтоўна, пераканаўча натуральна, як усё, пэўна, у Амерыцы. На ўвесь свой, а мо трошкі і падбольшаны рост, з традыцыйна-прытворнай усмешкай на пародзістым твары. Смяяліся дзяўчаты і з асалодай, нібыта гэта адбывалася на самой справе, жмурылі вочы і падміргвалі прахожым, у тым ліку і нам.
Сярод іх ужо дакладна не магло быць шпіёнак, не той профіль. Але не той, не той, а з другога боку бывае, што і палка страляе, і дзеўка раджае. Варта толькі ўзгадаць зноў жа Марлен Дзітрых, Мата Хары, Како Шанель, баранэсу Будберг ды і выбітную акторку трэцяга рэйха рускую Вольгу Чэхаву. Нічога ўжо не кажучы аб прафесійных куртызанках старажытнасці і нашых дзён. Ці не таксама ж яны круцілі яйцы выведкам усяго свету.
А сапраўднага цэрэушніка ці фэбээраўца, як паведаміў мне мой вядучы, я правароніў. І што тут дзіўнага і нават крыўднага. Мусіць, таму, што быў ён надта ж кідкі, сам прасіўся ў службоўцы мяча і шчыта, у нашу Лубянку. А я паўдня вочы праглядзеў, выдзіраў, шукаў яго, нібыта тую сякеру пад лаўкай.
Упершыню ён намаляваўся перада мной пасля памылкі з неграм. На самой справе намаляваўся, карцінна стоячы на пешаходным пераходзе, круцячы галавой, як певень на плоце, толькі без кукарэку. А так певень і певень, сам паглядны, фігурысты і нават гожы, кідкі, нецярпліва рухавы сярод спакойна і сціпла паводзячых сябе прахожых. Я яшчэ падумаў, чаго выдзыгаецца чалавек такога сталага веку, высакародна пасярэбраны, сівых у плаціне доўгіх валасоў, што выбіваліся з-пад шырокаполага стэтанаўска- каўбойскага капелюша. Магнітны быў чалавек. Чапляў вока відавочнай прыналежнасцю да адмысловых службаў. Я мімаволі заглядзеўся на яго і мо таму страціў пільнасць і нюх.
Наступным разам ён кінуўся мне ў вочы пасля таго, як мы пакінулі Цэнтральны парк. Куратар, пэўна, каб збіць з тропу тых, каму быў цікавы, забег у краму грузіна Жоры, які гандляваў электронікай па даволі танным кошце. Оптам пастаўляў яе і ў наша прадстаўніцтва. Я бываў у яго краме і раней разам з куратарам і здзіўляўся, да чаго ж яны знешне падобныя, грузін і беларус, як аднаго замесу і заводу.
Абодва аднаго росту і аднолькава плячыстыя. Любяць гаварыць рукамі, жэстам. А галоўнае, як грузінскія вочы падобныя да паляшуцкіх. Чмяліна-жывыя, з іскрынкай, каляровым бляскам, хуткія, прыязныя, але выпрабавальна-абмацваючыя субяседніка. Па ўсім, Жорава электроніка была выдатнай якасці і вельмі чуйная. Жора ведаў усе маючыя быць падзеі далёка наперад. Цяпер жа ён, як сказаў мне куратар, паведаміў яму, калі мы паляцім з Нью-Ёрка дамоў, што нам яшчэ было і блізка невядома.
Я ж паказаў куратару чалавека, які нецярпліва наразаў кругаля каля крамы:
- Другі, нават трэці раз бачу яго, ці не ад самага Цэнтральнага парку ідзе па нашым следу.
Куратар наўскідку зірнуў у яго бок і прызнаў, пэўна: свой сваяка сапраўды бачыць здалёк.
- Ён! Чаго раней маўчаў?
- Не мог паверыць, надта ж усё проста і відавочна.
Я ўперыў вочы на выкрытага ўжо. Той адчуў мой погляд і, не хаваючыся, падміргнуў мне. Але я ўсё яшчэ не мог даць веры, што і наша цяля можа воўка злавіць, і калі не з’есці, то добра пакусаць. Амерыканскі шпіён, наглядчык, мо таму, што я яго прыкмеціў і разгадаў, падабаўся мне. І чым далей, тым болей. І во дзіва, ці не ведаў я яго раней, здаўна, на Радзіме яшчэ. Бачыў у замежных амерыканскіх кінастужках. У вестэрнах. Ягоная постаць нібыта сышла з экрана каўбойскага фільма, якія на тую пару палюбіў і адзіна мог глядзець з замежнага і айчыннага кіно.
Жывы каўбой, вясёлы і лагодны, толькі без каня, стрэльбы і пісталетаў, і не ў саване ці ў прэрыях, каля салуна стаяў на бруку шматмільённага горада, сучаснага Вавілона. Блакітнаджынсавы, у каўбойскім абутку, у чаравіках з доўгімі халявамі ці чобатах на высокіх абцасах з меднымі, накшталт сапраўдных шпор, набойкамі быў яўлены мне. А куратар даводзіў да мяне азы выведкі:
- Каб ведаў, наружка не заўсёды вядзецца скрыта. Бывае і выклікальна адкрытая. Таптун знарок падстаўляецца, каб нерваваць, выклікаць разгубленасць і давесці да глупства, самавыкрыцця аб’екта назірання.
Я не адгукваўся на яго словы і не пярэчыў яму. Засмучала іншае. Мне было крыху непамысна ад таго, што сучасныя каўбоі пайшлі ў звычайную выведку, у шпіёны. Кіношная і кніжная памяць дзяцінства пра іх абуралася і пратэставала. Нешта ўсё ж было ў ёй мройнае, дзіцяча-жаданае пасля маёй мары пайсці ў шпіёны. Ці не трапяткое нават. Нешта карэнна- знаёмае, побытава-роднае. За чым цьмяна праглядваліся з тла пражытага піраты, гуліверы, ліліпуты, следапыты, фіністы ясныя сокалы і, безумоўна, амерыканскія індзейцы, нечым падобныя да палешукоў, якімі нас яшчэ са старажытнасці лічылі ў адукавана цывілізаваных краінах.