Я амаль уяўна адчуваў, як прачынаецца і мацнее, смыліць, трашчыць і рвецца мая заскарузлая ў гадах, у наплывах дробязяў жыццёвай мітусні памяць. Зносіла вечка, зрывала дах. Таму што пад імі хавалася зусім іншае жыццё, летуценна і мройна набытае ў асляпляльным горача апечаным і асвечаным маленстве, у якім я няздольны быў прырасці да гэтага свету, быў прыхаднем з іншых светаў. Светаў Вальтэра Скота, Фенімора Купера, Янкі Маўра, Якуба Коласа. Хаўрусаваў у краіне райскіх птушак з палескімі рабінзонамі, апошнім з магікан, вершнікам без галавы, Зверабоем і Фіністам - Ясным сокалам.
Усё змяшалася і скруцілася, збілася ў славуты паляшуцкі каўтун у дрыгве і багне родных балотаў, бароў, дуброў і гаёў - на пашчапаным сякерай бацькоўскім парозе. У вар’яцкім бегу пазначанага мне цягніка да прызначаных мне, загадзя расстаўленых вакзалаў. Але мая дарога са стралою пракладзенымі сталёвымі рэйкамі маёй будучыні, падобна, недзе падманула мяне, пацягнула ці не ў тупік. Паманіла, пацвяліла, захапіла - кінула чыгуначным металёвым башмаком пад колы вагона на чужой, адчужанай ад мяне станцыі новага Вавілона, у якім я раблю шпіёнам, дзе мне наканавана ўсё ж сустрэцца са сваім паляшуцкім дзяцінствам, зачараванасцю жаданых, але схаваных ад мяне светаў. Спатыкнуцца, як некалі на родным балоце таксама не чужым мне пасланцам іншых зямель - камені майго жыццёвага і пажыццёвага спатыкнення.
Каўбой пры ўсёй яго кіношна-амерыканізаванай каўбойскасці на самой справе нечым быў падобны да індзейца. Індзейца і каўбоя мінулага кіно. Не сённяшніх крывавых баявікоў Галівуда і не менш крывавых расійскіх бандыцкіх мыльных серыялаў, што апанавалі не толькі тэлескрыні, а ўвогуле мастацства - і кіно, і літаратуру. Дух і дых культуры. Збілі з панталыку і тропу піпл. Калялітаратурныя незадаволеныя дамачкі-пісучкі і такія ж пісукі мужчынскага роду адчулі, ўзялі след халяўна-кіношных дэтэктыўных грошай, і адзін за другім кляпаюць дэтэктывы-сцэнарыі з выкарыстаннем фрэйдаў сучаснага псеўда-псіхааналізу раман за раманам: хавай, быдлячы піпл. Ці не таму, што сустрэлася штосьці знаёмае па былым яшчэ сапраўдным мастацтве і жыцці, вяртанне колішняга вестэрна і каўбоя, хаця і шпіёна, мне здаліся добрым знакам, што неўзабаве ў нейкім родзе і пацвердзілася.
- Ну, што ж, - мовіў куратар, нязводна гледзячы на таптуна-каўбоя, - калі танцаваць, дык і кружыцца. У адкрытую дык у адкрытую. Пагуляем, паглядзім, чые нервы мацнейшыя.
І пачаліся іх танцы і гулі. Куратар амаль рэверансна, як кавалер барышню, запрасіў свайго ворага на першы круг - танга, вальса, румбы? І той з нізкім прыседам, толькі не махаючы насоўкай, прыняў запрашэнне. Куратар павярнуўся да мяне, загадаў:
- Чакай мяне тут.
І пайшлі яны, як шэрачка з машэрачкай, пругкай моладзевай хадой па абыякавым да іх гульняў і танцаў Вавілоне. Горад жа, пэўна, ужо даўно прывык да шпіёнскіх відовішчаў, не замінаў і не пярэчыў ім: чым бы дзіця не цешылася, абы грошы плаціла..
Да мяне куратар вярнуўся недзе праз гадзіну. Цэлы, з непашкоджаным тварам і з нерасхлістанай вопраткай. Прыехаў на таксі. Я не стаў пытацца, куды ён падзеў свайго паплечніка. А “Нью-Ёрк таймс” у бліжэйшыя дні нічога не паведаміла пра безыменных нябожчыкаў, трупы якіх знойдзены ў новым Вавілоне.
Набліжалася завяршэнне маёй шпіёнскай кар’еры. Мы падышлі да самага звычайнага, у некалькі паверхаў будынка, мо, у параўнанні з іншымі, і непагляднага. Яшчэ не заходзячы ў сярэдзіну яго, вонкі, на вышараваным шампунем асфальце я адчуў, як нешта незразумелае, не датычнае маёй шпіёнскай работы пачало лёгенька ды з усіх бакоў ахопліваць мяне, нібыта мякка воглы і ласкава цёплы павеў ветру птушку. Мозг сярод дрымоты страпянуўся, як пад першым сонечным чырвоным, але халаднаватым промнем, нібыта сонца пазяхнула абяцаннем цёплага дня. І птушка пазяхнула ў адказ, і я пазяхнуў нечаму ці некаму, што спачатку неадчувальна, але ўладна, ціхмяна абвалоквала мяне.
Хтосьці незнаёмы, а мо і наадварот, добра знаны, прачынаўся, выдаваў сябе ў чужым замежным горадзе, краі. Прачынаўся, пацягваўся, абдымаў і абдаваў мяне забытым дыханием роднай бацькоўскай хаты, прапаленай пад хлеб ці грыбы печы, цьмянай прахалодай сенцаў, сырадоем хлява са сцельнай будучым цялём каровай. Прадчуванне цягавітасці і непарыўнасці жыцця, яго голасу, што падавалі бёрны, насычаныя жывіцай, не падсочаныя бёрны адгукаліся ранку, сонцу і пачатку новага дня, дыхалі борам у хаце і па-за хатай, дыхам стоеных у шчылінах іх цвыркуноў.