Выбрать главу

Камень спатыкнення збіў мяне з нашага вулічнага падольскага тропу. Неадчэпна і абцугова назаўжды выцягнуў мяне з наканаванасці, а мо й наадварот, пацягнуў у маю наканаванасць, схаваную тады ад мяне свядомасць, у такія далі, што і прымроіцца не маглі. Пра якія толькі спявалі п’яныя бязвокія і бязрукія салдаты, інваліды вайны, абсечана, слупкамі седзячы на вазках з падшыпнікавымі коламі: “Я свет увесь прайшоў, да самай Амерыкі, дзе ўсе дамы каменныя і двухпавярховыя”.

Балотны камень пайшоў за мной. Хаця, больш дакладна, павёў, пацягнуў мяне. Я пачаў яго сніць. Ці не спрэс камянёвымі былі і мае сны ўжо ў сталасці, калі я трапіў у Кузбас, у Горную Шорыю і пачаў нейкі час рабіць геолагам, горным праходчыкам. Капаў, біў, як там гаварылі, шур­фы і канавы, даходзіў да скальнага грунту. І на адвалах выкінутай вонку пароды падоўгу разглядаў раструшчаныя да друзу камяні. Знаходзіў у іх адбіткі на тысячагоддзі, а мо на мільёны гадоў адбеглага ад мяне жыцця, існага колісь тут. У большасці расліннага: асокаў, папарацяў, бо чалавека і звера мо тады яшчэ не мелася. Задуменна застыглыя нямыя адбіткі пялёсткаў кветак, востралістых траў. Чарамшы, рамонку, нібы хтосьці гадаў на апошніх, рваў і кідаў на камень у вечнасць, і таксама касіў колішні сітнік на спажыву жывёле.

А потым я іх сніў. Сніў мноства камянёў з захаванай у іх мінуўшчынай. Адбіраў хоць трохі каляровыя, найбольш выразныя і ацалелыя. Хаваў пад падушку і задаволена засынаў. У сненнях, сярод ночы, здаецца, прачынаўся, падсвядома абмацваў узгалоўе, шукаючы бягучае і мінулае. Пуста. Толькі раптоўны сонечны пробліск променю працінаў мяне і ложак, як азоранае вітанне з даляў былога пачатку майго дня. І гэта доўжылася і доўжылася ў працяг усяго юнацтва і сталення.

І, што дзіўна, мяне ніколькі не займалі шматлікія сталактыты і сталагміты, якія я знаходзіў у мностве пячор Горнай Шорыі. Утвораныя з іх крышталёвыя з завіслай слязінкай вечнасці на востраносых шчыках, празрыстых да болю вежава накшталт вытанчана гранёных, нібыта зімовыя ледзяшы, вяшчуноў і носьбітаў старажытнасці, як пра гэта пачалі гаварыць пазней. Выплаканы час і прасцяг невядома калі і кім. Празрыста збалелыя - застыглае пячорнае вока з векавой слязой на ім спатыкнулася, пэўна, на мне, мо яшчэ ненароджаным. І прыглядвала, цікавала за мной. Я не зважаў на яго, быў няўважлівы на яго сляпое зацятае маўчанне. Фаласы вякоў, пацёкава навіслыя са столі пячор з кропелькай празрыстай вады, насення на кончыку - гэта было ніколькі не наскае, не маё, не паляшуцкае.

А пасля таго лета, у якім я здабыў камень на балоце, у верасні, калі мяне прымалі ў піянеры, я прынёс сваю знаходку ў школу. А яшчэ праз дзень ці два мяне пацягнулі на педсавет. Я ішоў на яго амаль упэўнены: здымуць з мяне чырвоны гальштук. Няварта і думаць, чаму і за што. Безліч было ў маім дзяцінстве чаму і за што. Кожны дзень. Толькі на дзіва педсавет сустрэў мяне маўчаннем ў прыглядку, яшчэ на парозе, нібы нешта непазнанае, засушанае і прышпіленае да аркуша белай паперы ў школьным гербарыі. І ўпершыню мяне не ўшчувалі, абыходзіліся як з чалавекам без заганаў і вымоваў у штодзённай прыроджанай шкадлівасці.

А потым доўга распытвалі, дзе я знайшоў той камень. Ці не было там яшчэ чаго, што кінулася ў вочы.

- А як жа, - адказаў я. - Бацька быў. Сітнік касіў. Але той сітнік...

Пасмяяліся, збянтэжылі мяне, абвінавацілі ў тым, што я невук.

Настаўнікі, што з іх возьмеш:

- Бацька - гэта хто, нешта адушаўлёнае, а што - нежывое.

Пра мае былыя шкоды не ўзгадвалі. Зняць гальштук не пагражалі. Не папікалі нават тым, што калі не пачну вучыцца, то ўсё жыццё буду каровам і валам хвасты круціць. Наадварот, сышліся на тым, што мо будзе з мяне і толк, калі падольская бесталач выйдзе. Галава ёсць, і ў ёй не толькі мякіна ды тырса, нешта яшчэ ўклалі, цяміць. Мае клёпкі, вока мае прыкметлівае. Пад ногі сабе дапытліва ўглядаецца. Малайчына, малайчына, хаця і з Трэцяй Падольскай.

З педсавету я выйшаў узнёсла-лёгкі. Цвёрда вырашыў яшчэ больш пільна глядзець сабе пад ногі. І калі што знайду вартае на балоце, у лесе ці нават на вуліцы - цягнуць адразу ў школу. Толькі атрымалася так, што выпала мне цягнуць не ў школу, а ў міліцыю. Прыглядаючыся сабе пад ногі, адзін за другім я знайшоў два кашалькі. Дабрачыя, скураныя, але пустыя, без капейчыны грошай, хаця з зусім непатрэбнымі мне пашпартамі і нейкімі іншымі паперчынамі.

Чаму не выкінуў, як нявартае ніякіх музеяў. Чаму не кальнула тое, што гэта ж мяне могуць абвінаваціць у тым, нібыта я скраў іх ці выцягнуў грошы, ні тады, ні цяпер не ведаю. Напрасткі аднёс у аддзяленне чыгуначнай міліцыі. На дзіва, там не ўсумніліся, што здабыча тых кашалькоў з нечых кішэняў справа не маіх жа рук. Запісалі толькі маё прозвішча, адрас і адпусцілі. Без міліцэйскай падазронасці і бачных, здаецца, наступстваў, як мне тады падалося.