Выбрать главу

Гэта было дыханне спрадвечнага жытла, кублішча. Дыханне кніжак, што ў маленстве ўвайшлі ў мяне першай літарай і радком, а потым пяцісотстаронкава ўдзень, якія я праглынаў, еў, еў, ды не насыціўся, не даеў. Дыханне незабыўнага і нязбыўнага. Вечнай прагі маладога і сталага пазнання, падарожжа ў сусвет, космас і выведку. У ніколі недасягальную вабную краіну цудаў і таямніц.

Векапомная выведка сваёй і чужой душы, духу і дыхання свайго і чужога жыцця. Пранікнення ў іх патаемнасць. Вечнае змаганне жывога з нудой, мітуслівасцю побыту, з засцяроджанасцю вечнасці.

Але разам з гэтым нешта ў кніжнай краме не толькі ўсцешвала. Але і насцярожвала. Нешта не зусім здаровае, гарачкава-хваравітае хавалася на маўклівых паліцах з рускамоўнымі творамі. Нешта вычваралася там нядобрае, пагрозлівае, сцята ўгневана папераджальнае. Я тады не зразумеў - што. Усе кнігі суладна дыхалі друкарскімі фарбамі, клопатам іх творцаў, вытворцаў, разняволенасцю моў і словаў, неаспрэчнасцю свінцовых набораў, шрыфтоў, як апошнім, дарэчы, кропкава дыхае куля. Гэта я зразумеў, уцяміў значна пазней. Але да гэтага яшчэ трэба было дажыць. А тады, увайшоўшы ў сярэдзіну памяшкання, да якога мы з куратарам дабрылі, я быў захоплены і ўражаны духам і дыхам жытла. Наскім, родным, ці, як гаворыцца, рускім, славянскім духам.

Кніжная крама, сусветна вядомая сапраўднаму чытальніку друкаванага слова: кнігарня Віктара Пятровіча Камкіна. Расійскага ў свой час чала­века, апантанага кнігамі. Былога белагвардзейца, калчакаўскага афіцэра, які пранёс сваю апантанасць праз моры і акіяны, праз вавілонскае рознамоўе. І калі ў свой час у Амерыцы пайшлі яўрэйскія пагромы, парадокс біяграфіі і часу, бараніўся партрэтам правадыра пралетарскай рэвалюцыі У.І. Леніна, выставіўшы яго ў вітрыне сваёй кнігарні.

Вось так забаўляецца з намі час, пасміхаецца рассеяние моваў і народаў. Слова і кніга - таксама выведка вякоў і на вякі. За якімі невядомая і неспазнаная намі вечнасць зямнога духу і жытла. З’яўлення нас і сыходу. І таму свае, непадуладныя нам гулі з сусветам. Часам суровыя і нават крывавыя, але ў працяг сябе. З усмешкай Джаконды, прароцтвамі Дастаеўскага, займальнасцю Вальтэра Скота і Майна Рыда, загадкавасцю Булгакава, светлым смуткам Багдановіча - з адчуваннем, прадбачаннем нас у стагоддзях, у якіх мы не будзем смеццем у нашых зямных Вавілонах, у часе, што займальна і, пэўна, крыху грэбліва і здзекліва выпрабоўвае нас, вывучае і выведвае. Смеючыся на ўсе зубы, шпіёніць за намі. Змяняе сэнс, змест і напаўненне нашых біяграфій, прыстасоўваючы іх да патрэбаў часу, свядомасці і сумлення ладаў эпохі і гісторыі. Наканаваныя нам спадарожныя цягнікі, супынкі і канцавыя станцыі і вакзалы прыбыцця.

У дадатак, як пацвярджэнне гэтага - нездарма мой куратар з Лубянкі падводзіў мяне да шыльды з назвай вуліцы імя Бонэр, жонкі бацькі вадароднай бомбы Андрэя Сахарава, які адразу пасля выпрабавання той бомбы прапанаваў М.С. Хрушчову бахнуць ёю па Амерыцы. Але потым стаў прызнаным светам пацыфістам, гуманістам, змагаром з савецкім ладам, як і яго натхняльніца жонка А. Бонэр. У пару ім і знішчальнік, руйнавальшчык злачыннага камуністычнага ладу, сістэмы Аляксандр Салжаніцын. У яго, безумоўна, векапомна выкрывальнай кнізе “Архіпелаг ГУЛАГ” у кнігарні Камкіна была схавана інструкцыя змагарнай дзейнасці з капіталізмам і імперыялізмам для куратара, абярэжніка нашых дыпламатаў у ААН, што словам змагаліся за гуманізм, супраць усіх апартэідаў, дыктатараў, выведак, падкопаў пад волю і свабоду. Я ж у той час, як і ўся наша беларуская, савецкая дэлегацыя, адстойваў волю і свабоду народа Нікарагуа, не надта нават ведаючы, дзе тое Нікарагуа, з чым яго ядуць. Даць ёй бы свой адрас і папрасіць пазмагацца за свабоду маёй роднай айчыны, Беларусі.

Мае ж адчуванні нейкай няўтульнасці каля паліц рускамоўных кніг у кнігарні Камкіна былі небеспадстаўнымі. Камкін абанкруціўся. Нашчадкі звялі ці не ўсе яго кнігарні. Але гэта бяда не толькі Камкіна - свету, часу, веку, што загуляліся ў выведку, шпіёнаў, захварэлі на шпіёнаманію. Бацылы, вірусы і мікробы гэтай хваробы прачынаюцца і набіраюцца моцы зусім не ў занядбаных цяпер кнігарнях, якія канаюць і ці не сканалі ўжо, бо ў іх знікае дух жытла. Знакі і знакі гэтаму ідуць даўно, няспынна і з усіх бакоў. Ды такія, што і казаць - дых перахоплівае. Знямець хочацца. Нездарма ўсё ж у друку там-сям, хоць і цьмяна, прагаворваецца, што Аляксандр Ісаевіч, аўтар “Гулагу”, - найвялікшага каменя спатыкнення эпохі і імперыі - быў звязаны з канторай глыбокага бурэння. Праходзіў у ёй пад прозвішчам Вятроў ці Ветраў.