Выбрать главу

Па якіх спіралях рухаюцца нашыя цягнікі, на якіх арбітах расстаўлены нашы вакзалы. Гэта, па словах У. Чэрчыля, “загадка, загорнутая ў сакрэт і запакаваная ў таямніцу”.

Што ж, дакладней не скажаш. Камень спатыкнення скалыхнуў мяне і загадаў загадку. На жыццё, якое загарнула мяне ў сакрэт, адгадку шукаў у макулатуры. Сакрэт не даўся. Толькі сам я пахіснуўся і няўзнак прыхінуўся да таямніцы. Выведкі таямніцы, якой я ўжо, пэўна, ніколі не спазнаю. Але ўсё яшчэ спадзяюся. Спадзяюся, бо гуляюся ў пазнанне. Наркаманія якога, наркаманія выведкі існай, паўсядзённай, святочнай, будзённай, прывіднай і міфічнай прымушае мяне быць у свеце, сярод падобных мне, чалавекам. І я іду, іду па сваім жа следзе праз камяні спатыкнення, па сцежках, барах і дубровах, багне і дрыгве дзяцінства. Па апякаючай і чаруючай нас памяці, прагі загадак, сакрэтаў таямніц, няхай і марна прывідных. Іду на чужыне і дома, па тым, што наканавана і загадана мне вечнасцю - быць шпіёнам, хаця на кожным кроку выракаюся гэтага. Толькі ў галаве трымаю: назіраць і бачыць, слухаць і маўчаць. Чым не наш з вамі партрэт, партрэт беларуса сёння.

Пціч, 21 чэрвеня 2018 г.