Але наступствы былі пазней. Праз пэўны час па мяне прыйшлі дамоў і пад пільным наглядам павялі ў хату напрыканцы нашай вуліцы. Нядобрую хату, паблізу якой сцішаліся і прыпынялі хаду нават нашы каровы. Увогуле хата як хата, і зямля пад прысядзібныя соткі была лепшая за вулічную, чарназёмная, тарфяная. Стаяла яна на так званым гнілым рагу, які непраходна распускала ў весну і па восені. Тады ад яго адыходзіла чорнае, алешнікавае ззянне. Гэтае ззянне, цьмянасць належалі, пэўна, чалавеку, які жыў у хаце і, не выключана, таксама гаспадару, які на той час сядзеў далёка ад яе, у турме. Да асуджэння яго ў нейкай ступені быў далучаны і я, разам ці не з усёй падпаскавай малечай нашай вуліцы.
Пасвячы ў хмызах і ў полі кароў, мы часцяком знаходзілі зброю. То міну, то снарад, а то і вінтоўку. У мяне асабіста быў пісталет, бацька пазней адабраў яго і ўтапіў у прыбіральні. А вось бацька сына канцавой хаты не дагледзеў вайсковы арсенал свайго нашчадка. Нехта каму і куды трэба шапнуў, і прыйшлі з вобшукам. Зброю знайшлі, забралі разам з гаспадаром хаты. І вось дзівосы: яго хату абрала, прыгледзела сабе пад котлішча ахова дзяржавы - дзяржаўнае вока і прызначаны для гэтага чалавек.
Тое дзяржаўнае вока легла і на мяне. Я глядзеў сабе пад ногі, а зверху, ці не з неба, на мяне ўжо таксама глядзелі. Глядзелі нават з глыбіняў зямлі. Наша вуліца талакой пачала капаць калодзеж. На мой дзіцячы погляд, у непрыдатным для вады месцы, на сухім бугры. А я ж, гледзячы сабе пад ногі, непадалёку ад таго бугра прыкмеціў заўсёды, і ўвесну і ўлетку, спатнелы лапік зямлі. Вось там, на маю думку, і варта было дабівацца падземнай вады. Толькі ці ж укладзеш сваё дзіцячае ў разумныя дарослыя галовы, тым больш нядаўніх франтавікоў, што Гітлера перамаглі і Берлін з Рэйхстагам узялі. Мяне ніхто не ўважыў. Лазаходцы ж, старыя дзяды, гурмой абпоўзалі ўсё навокал. Лаза іх паказала на ўзгорак. Як гавораць на Палессі, бацька лепей ведае, што кабыле рабіць. Няхай капае.
Я ўпадабаў сядзець на гліне маючага быць калодзежа, слухаць франтавыя байкі далакопаў. Бацька тлумачыў, чаму ён не здолеў распісацца ў Берліне на Рэйхстагу: ушчаміўся ўнізе адной толькі безыменнай рысачкай. Затое дапамог паставіць подпіс свайму камандзіру маёру Алейнікаву. Стаў на карачкі, маёр яму на плечы і дацягнуўся да вольнага на сцяне месцейка. Маёр пасля гэтага перасадзіў яго са студэбекера на віліс, прызначыў асабістым шафёрам.
Такіх баявых учынкаў у кожнага з капальнікаў мелася процьма.
Другі наш сусед, малады і адукаваны хлопец, быў у партызанскім атрадзе пісарчуком. Неяк пасля чарговай сутычкі з немцамі пісаў справаздачу аб ёй: з нашага боку страт няма, толькі чатыры параненыя. З нямецкага загінула два. Камандзір атрада прачытаў і здзівіўся:
- Што ты пішаш? Што ты тут крэмзаеш, Леў Мікалаевіч Талстой? Не два, а дваццаць два!
- Дык толькі ж два...
- Ага, два. Табе што, гэтых фашыстаў шкада?
Маўклівы дзяцюк у цяльняшцы, заўсёды падперазаны шырокім матроскім рэменем са свінцовым напоем на пражцы, скардзіўся на шчаслівы і няшчасны свой лёс. З мянушкай Мінёр выйшаў ён з вайны і дэмабілізаваўся з флоту. Па халоднай зімовай ужо вадзе Балтыкі праехаўся на міне пасля таго, як фашысты патапілі яго бронекацер, а разам з ім і ўсіх матросаў. Яго ж выратавала фашысцкая міна. Так учапіўся за яе рожкі, што чацвёра з кубкам спірту аддзерці не справіліся. Атрымалася гэта, калі спірт ужо добра ўлёгся ў шлунках. Пад рогат ратавальнікаў: чорт на міне, Пякельны мінёр. З такой мянушкай ён і выйшаў з вайны ды ішоў па жыцці. Толькі тое, што ён мінёр, губляецца, а застаецца Пякельны чорт.
Вось такая вайна пасля вайны ўжо была ў тых, хто ацалеў, выжыў.
Аднаму толькі лазаходцу дзеду Жычку пахваліцца не было чым. Для фронту і партызанкі, а тым больш мора, стары быў падслепаваты і нягеглы. Але і ў яго ў сонечны надвячорак каля калодзежа была талацэ свая гісторыя.
Сабаку ён меў выбітнага, надта ж разумнага. Грушы абтрасаў. Як толькі яны паспеюць. Залазіў ранкам, калі дзед яшчэ спаў, на дрэва і трос голле. Ён з хаты на ганак, а грушы ўжо на зямлі, у траве і на парозе. І такія салодкія, свежыя, росныя. Вось такі быў у дзеда Жычкі спрытны сабака. Я хоць і верыў дзеду, але пра сябе думаў, што я таксама спрытны, не горш за сабаку. Бо абтрасаў дзедаву грушу-мядоўку, адзіную на ўсе нашы тры Падольскія вуліцы. На поўную пазуху трусіў. І дзякуй Богу, што ў дзеда быў такі разумны сабака, а сам ён быў сляпы і глухі.