Выбрать главу

Так, бавячы час каля сухога, бязводнага, хаця ўжо і глыбокага калодзежа, пад пятнаццаць метраў - вада ж аказала сябе толькі на дваццатым метры - я штодзень наведваў і нязводна прыглядаўся да нагледжанага мной вільготна ўспатнелага лапіка зямлі. І аднойчы ўбачыў на ім вытыркнутыя вонку вочы. Па вулічнай жорсткай завядзёнцы адразу ж хацеў знішчыць, растаптаць. Толькі нешта невядомае ўтрымала маю ўжо паднятую нагу. Я застыў на адной назе, як чапля на балоце. Вочы заклікалі мяне мо і да літасці. А хутчэй папярэджвалі. Лупата-пукатыя ў акантоўцы нейкай шэрай з прозелянню плоці. Але плоці было зусім трошкі, адно толькі пазначыцца вейкамі ці брывамі ў цьмянасці вільготнай зямлі, а больш саміх вачэй, круглых, без веек, як у птушкі ці гадзюкі. Толькі крыху ўсё ж меншых, з нерухома-прытоенай у іх вечнасцю. Што дзіўна, тыя пукатыя зямныя вочы назаўжды засталіся са мной. Я пра гэта недзе ўжо пісаў. Але яны суправаджалі мяне ўсюды і ўсё жыццё.

А тады я ці не тройчы на дзень прыбягаў да гэтай лупата ўтрапёнай вечнасці: чым жа, якой істотай яна праклюнецца, ажыве: выродай ці гожасцю, наземнасцю ці тагасветнасцю. Пачварнасці я адмаўляў, але нічога і прыемнага за ёй ніколі не бачыў. Хаця і адчуваў нешта знакавае, нябачную нітачку, працягнутую мне зямлёй ці нябёсамі. Мне б учапіцца за яе, дачакацца, чым яна мне абернецца, выцягнецца, вулічна-клубкова разматаецца. Але не хапіла цярпення. Я быў хцівы, прагнуў пэўнасці і дасведчанасці самога сябе заўтра і паслязаўтра, як мага хутчэй. Зменаў і змененага, як бацька, што ўшчаміўся адзначыцца рысачкай на Рэйхстагу. А зменаў з зямнымі вачыма не было. Яны не павялічваліся і не меншалі. Як нязменным заставаўся і я сам.

І я не вытрымаў. Неяк вечарам, пад восень, перад пачаткам заняткаў у школе, мы, зямныя і мае вочы, доўга ў вочы глядзелі адно аднаму. Агорнуты адчаем непаразумення і заўсёднай жорсткай дзіцячай прагай знішчэння, я рашуча ўзняў і ўбіў нагу ў тое, што пазірала на мяне з глыбіні зямлі. Наступіў, утаптаў у шэрань вільготна-заплаканай глебы. І пакруціўся яшчэ на месцы без боязі і апаскі, таму што быў абуты ў новыя бліскучыя чаравікі, якія атрымаў з дзяржаўнай ласкі, ад дзяржаўнага чалавека, за свае прыкметлівыя вочы. Чаравікі і новыя картовыя штаны. Абнавіўся.

І тут мяне, абноўленага, адразу ж працяў страх, жуда, якіх я ў сваім маленстве дагэтуль ніколі не зведваў. Мяне нібыта паменела, сціснула ці не да тых самых вачэй, якія я толькі што расчавіў. Сціснула не толькі мяне, але, пэўна, і чаравікі, бо яны пачалі ціснуць мне, а былі ж акурат па назе, нават з запасам, на выраст. І сонца ўжо не так ласкава паглядала на мяне, захінулася хмаркай. І тая хмарка лягла, ахінула мяне да нутра. З тае пары і кінуў слязіцца, пацець лапік зямлі, нагледжаны мной. Ці то мой зрок замыліўся і здрадзіў мне. А вочы на роднай вуліцы назаўжды зніклі для мяне. Але значна пазней зноў прараслі. Прараслі і зірнулі, дасталі мяне да пячонкі, толькі ўжо на чужыне. Але пра гэта ў свой час.

А я, урослы ў сваю Трэцюю Падольскую ўскраінную вуліцу, не надта займаў сябе пабочным, надзённа не патрэбным глупствам. Да ўсяго ў мяне пачаў абуджацца іншы клопат. Я пачаў углядацца ў сваю будучыню: кім бы я хацеў стаць у гэтым жыцці. Родзічы - чыгуначнікі, паравознікі, кандуктары, змазчыкі вагонных колаў ды стрэлачнікі. І таму некаторыя з іх у вязніцы. Я ж таксама вышэй качагара, машыніста паравоза, шафёра не сягаў. І ўгрэўна, і дровы будуць, і на пляшку зарабіць можна. Марыў, мроіў, не ведаючы, што ўсё летуценнае, нагаданае заканамерна сыходзіцца і сумяшчаецца ў мітусні і бязладдзі нашага жыцця з наканаваным, што падсвядомае жаданне лёсу - ужо і ёсць лёс. А пасунула ж мяне да такога клопату пра будучае сустрэча з дзяржаўным чорным чалавекам, як я пазней ужо яго пайменаваў. А тады ён мне быў святлей светлага.

Мне толькі здавалася, што я абсевак у полі. Ніхто мяне не чуе, не бачыць і нават не плюе ўслед. Каму трэба - бачылі і плявалі. Дзяржаўнае вока і з-пад зямлі цікавала ўжо за мной. Свой камень спатыкнення хаваўся на кожным маім кроку, пустыя гаманкі, што заносіў я ў міліцыю, некаму і нечаму служылі і ўжо ўпляталіся ў маю наступнасць, якая і звяла мяне з дзяржаўным чалавекам у нядобрай хаце на гнілым рагу.

Памяці на яго аблічча і словы няма. Увогуле павінен прызнацца, што яна, памяць мая, вельмі і вельмі наравістая і няправільная. Як і сам я, мая самасць. Надта ўжо прыхаматлівая і наравістая. Варта было мне толькі нешта аспрэчыць, ад нечага адмежавацца: не-не, ні за што і ніколі, як ужо ці не на наступны дзень я меў ужо за гэта: загану, хваробу, вымову. Усё, чаму я, здаецца, шчыра адмаўляў, спасцігала мяне, ды так, што іншым разам жадаў сабе засляпіцца, закрыцца душой і сэрцам. Але дарэмна. Паратунку не было. Спакушэнне адмаўлення было нашмат больш жывучым і неадчэпным. Ці не ў гэтым уся наша чалавечая натура. А праўда толькі ў адным: баяцца сябе, не даваць волі душы спатыкацца на адвяржэнні, што можа і азначае - быць беларусам, бо надта ж мы ўпартыя і зацятыя, няскораныя ў сваёй шкарлупіна-закараўленай прыняволенасці. Прага волі і праўды ў нас смяротная, ці, хутчэй, прадчувальна перадсмяротная.