Выбрать главу

Так, у школьныя гады я прызначыў сябе дастукацца, спазнаць праўду, адкрыць сабе і чалавецтву шчасце, вынайсці бяссмяротнасць. Вось так, ні многа, ні мала. Мне здавалася, што ўсё гэта схавана як вечнасць жыда, альбо як вечнае жыццё Кашчэя Несмяротнага ў дупле ці не вячыстага дуброўнага дуба, у якім сядзіць качка. А ў качкі яйка, а ў яйку - іголка. Яе неабходна, разбіўшы яйка, дастаць і зламаць. І адразу праблісне, ажыве ўсё, што патрэбна кожнаму з нас. І я шукаў гэта вечнае, нікім яшчэ не знойдзенае ў кніжках, як да гэтай пары шукаюць бібліятэку Івана Жахлівага. Школу і падручнікі не прызнаваў. Свет мне здаваўся вялізнай скрыняй, напакаванай кніжкамі. І я чытаў і чытаў іх, як спажываў - не менш пяцісот старонак удзень. На ўроках праз шчыліну ў парце, гуляючы з хаўруснікамі ў пекара, на кароткі час закопваючы кніжку ў пясок каля таго ж пекара, за сняданкам, абедам і вячэрай хатняй ставіў каля талеркі разгорнутую кніжку. Хлябтаў заціруху, паядаў пісанае.

Але ні праўды, ні вечнасці, ні абсалютнай ісціны не дабіўся, не спазнаў. Хутчэй мо наадварот. Усё кніжнае ад мяне адпала, асыпалася, як скрушлівы сухі бярозавы ліст па восені. Засталося толькі непрадугледжанае глупства, як учора, пазаўчора, а мо месяц таму ці нават год і на ўсё жыццё. Хібіла, засціла неадчэпнае дрыгвяна-балотнае, хмызнякова-дуброўна-баравое ды вулічнае, у што я быў ужо да пупа ці нават з галавой укапаны.

Я назаўжды і зусім не прымусова ўведаў, спазнаў, як паўзла, а то і не паўзла, павінна была толькі паўзці па сухой і шэрай сваёй сцежцы, абмінаючы былкі, мадэльна перацятая ў стане, смуглявая пасля фітнэсу на сонцы да свайго мурашніка пад хвояй мурашка. Як яна злосна шчыпаецца, калі схопіш яе пальцамі ці сунеш руку ў яе “хату” - будан з векавога шчыгалля. Усе кусаюцца, каб трошкі большыя - бывай, рука, ужо заспіртаваная і муміфікаваная. Незабыўна, памятна, хаця невядома адкуль і з чаго, як і што думае пра цябе злы непрывязны сабака, хіжа пабліскваючы пачырванелым ужо вокам. Але ты ўпэўнена ведаеш, як сцішыць і падпарадкаваць яго сабе, каб хвост мімаволі скруціўся абаранкам, нібыта ў малочнага яшчэ цуцыка. Помніш вяскова-набрынялую знямогу дрэў, бяроз, восеньскі сцішаны шэпт, шолах і сум вечароў, раніц і світанкаў.

Вось гэта нейкім чынам пралезла, убілася ў галаву і засталося, назаўжды захавалася ў ёй. А кніжнае, разумнае, добрае, вечнае, як алгебра і трыганаметрыя, сінусы, косінусы нават у школьных выдатнікаў-зубрылаў ці яшчэ не да першага свіданкавага пацалунку і страты цнатлівасці, адышло, сцерлася, выгарэла амаль датла. Хаця хтосьці яшчэ пярэчыць, сцвярджае: рукапісы не гараць. Гараць, яшчэ як палка, навучаны сваёй і чужой, сусветнай гісторыяй. Супакойся, Міхаіл Апанасавіч, ты проста не дажыў да гэтага, забыўся пра Гогаля. Выпальваюцца не толькі загартаванай сталлю, лазерам, агнём, полымем, але і здрадай нашай нядоўгачаснай памяці.

Вось так не прыняла, не захавалася памяць на маю сустрэчу з чорным чалавекам, дзяржаўным яго словам і вокам. Усё засталося як у тумане, ці то зрэджаным, світальна-грыбным, ці то надвячоркавым, папярэдне выпалена-прадказальным. Змрок, у якім пачынаюць ужо пракудзіць, ажываць пустэльніцкія страхі, ногі губляюць пруткасць і апірышча. Але што было пад імі, пад нагамі. Пафарбаваныя масніцы тады яшчэ вялікая рэдкасць, у нашых хатах - дарэмная трата грошай, раскоша і распуста: падлогу трэба мыць і шараваць дзеркачом да бляску курынага жаўтка ці не штодзень, гэта запомнілася. Гарадскі, пад зялёным сукном, казённага вырабу двухтумбавы стол з прасветам пад хромавыя боты і сіняе суконнае галіфэ, з якога, пагойдваючыся перада мной, з’яўлялася, апранутае пад вулічнае, цывільнае, тулава.

Дакладнай памяці на выраз яго твару, аблічча, словы таксама няма. Мо мае вушы не звыклі да іх, не паспявалі за імі, ці я ўжо тады падсвядома разумеў, адчуваў за імі спакусу, як Адам пад яблыняй Еву, яблык і змея, і абярэжна адхрышчваўся. У красным куце над службовым чалавекам пагражальна цьмяна мроіўся мне адбітак складзеня абразоў, што, пэўна, зусім нядаўна знялі. Мужчына за сталом пад іх яшчэ нязрушаную плямнасць нешта даводзіў мне праз згусткі коса зрэзаных сонечных променяў і ценяў. Мужчына немаладога ўжо веку, але і не стары яшчэ, сталы, без пэўных рысаў твару, шабельна-востра абструганых ці не маім сполахам і стоенасцю. Даводзіў праз заслону застаялага, закарэлага пылу і курны прах паветра з імгненным іскраным пробліскам лятучага пылу, што мройна трапятаў, трапляючы на сонечны прамень. Як гэта заўжды адбываецца, калі выхапіцца з святла ў плывіста-рухомы напаўзмрок, - збег жывога і нежывога, адмерла-колішняга, сённяшняга і, пэўна, трохі будучага, - старога хлява, павуціны прыкаморных сенцаў. Праз шчыліны дзвярэй, скразныя парэпіны бёрнаў сонца, яго скальпель на праніклівы прамень чараўніча гуляецца са з’едзенным ім жа з часам - тленам, пылам і прахам стагоддзяў, то абнадзейна абуджаючы іх, то канчаткова губячы, зводзячы ў могілкавы нябыт. Непраяўлена, адным толькі намёкам адкрываецца некаму ці нечаму, схаванаму ў спакоі старызны і адначасова ў самім сабе, у святле сонечнага праменя.